Дні цяпер такія, што душа просіцца ў бацькоўскі куток, у той «домік ля дарогі», як пяецца ў адной знаёмай песні. Да маці: здаецца і цяпер яна стаіць ля веснічак, як некалі, у такой знаёмай да болю хусцінцы…
У думках ты ўжо крочыш па сцяжынках маленства, адчуваеш, як адна за другой набягаюць гісторыі, смешныя і не вельмі, мілыя, кранальныя, часам нават цяжка паверыць, што гэта было некалі з табой.
І абавязкова згадкі пра зімы, снежныя, марозныя, з сумётамі ды завеямі. Пра ёлку: яна была пад самую столю!.. Падарункі, якія мы, дзеці, знаходзілі раніцай пад ёю. Асабліва кранаў яе «вартавы», Дзед Мароз – прыгожы і ў нечым незвычайна-загадкавы персанаж з той далёкай пары.
Гэта ўсё тое спрадвечна-блізкае выклікае столькі любові і цяпла. І хочацца, як заўважыла адна наша слухачка, «аб самым таемным маліцца, трымаючыся за ўспаміны».
Пра гэта і ў вашых лістах. Цяперашніх і з архіва «Звычайных гісторый».
Узгадваю радкі з ліста ад Аляксандры Сцяпанаўны Бараноўскай: «Вёсачка майго дзяцінства – Некрашоўка Ельскага раёна. Дзве шырокія вуліцы з завулачкамі: Хутар і Хутарышча. Даўней там была панская сядзіба з садам, векавымі ліпамі, язмінам, бэзам і крыніцамі. Памяць выхоплівае калодзежны журавель, які ўжо не заскрыпіць, не ўзляціць. Засталася толькі яміна, парасло ўсё травой. Маю вёсачку закрануў Чарнобыль. Колькі жыць буду, столькі будзе жыць са мною дарагі і любы сэрцу куточак».
«Непадалёку ад вёскі Сцегачы, зараз Малы Жабін Салігорскага раёна, стаяў некалі высокі крыж, – радкі з ліста ад нашай слухачкі Валянціны Бабко-Аляшкевіч, – быў ён бачны здаля, дубовы, з ручнікамі-вышыванкамі. Казалі, што якраз на тым самым месцы некалі была царква. Яна згарэла, новую так і не пабудавалі. Крыж стаў сапраўднай святыняй. Штогод, на Юр’я, да яго ішлі пехатою, ехалі на вазах і роварах сотні людзей з навакольных вёсак. Было адчуванне нечага вялікага і святога. Усё гэта са мной засталося».
Згадзіцеся, жывуць з намі і асобныя рэчы, якія сімвалізуюць і нашы святы, і нашы будні. Ніколі не забуду, як педагог, тады школьны дырэктар Алена Севасцьян з Астраўца, расказвала пра матулін абрус, якім яна засцілае калядны стол. За ім збіраецца сям’я, потым усе яны ідуць-едуць да касцёла. У знакамітыя Гервяты. І вось ужо, здаецца, чуецца з яе расповедаў і зімовая цішыня, і гукі аргана, і калядныя спевы – усё такое ўзвышанае і зямное.
Узгадваецца зараз і сустрэча з мастачкай Марыяй Ісаёнак. Яе творы – гэта цуд, сатканы са святла і паветра, падобны на няўлоўную казачную калядную прастору. «Якое гэта шчасце, калі тваім пэндзлем водзіш не ты, а нібыта нейкі чараўнік»,– распавядала Марыя Іванаўна. А яшчэ пра тое, якія прыгожыя рэчы вязала яе матуля, пра незвычайны стол з бацькоўскай хаты, які яна любіць маляваць. Пра нацюрморт «Аксаміткі»: на цёплым фоне – маміны сурвэткі, маленькая лялька, драўляная кадка. І ўсюды – цёплыя сонечныя колеры.
«На Ражаство і Новы год мы звычайна наведваліся на хутар, дзе з сям’ёй жыла наша цётачка Надзея Мікалаеўна Мірчук, – успамінае Валянціна Канстанцінаўна Кузьміч з аграгарадка Яечкавічы Іванаўскага раёна. – Увечары чакалі Дзеда Мароза, падарункаў. Вельмі радаваліся каляровым алоўкам, іх было ажно па 12 штук у каробачцы. Небывалая тады рэдкасць. Спявалі песні, чыталі вершы, вадзілі карагоды. Раніцай выбягалі на вуліцу. Коўзаліся на самаробных санках, ляпілі снежную бабу. Бывала, што з хутара цяжка было выбрацца, бо завея намятала высокія гурбы, але гэта толькі надавала хараства і дзіцячай радасці».
Памятаю, як расказвала пра зімовыя святы Антаніна Аляксандраўна Стэльмах з вёскі Замошша Чашніцкага раёна. Пра калядаванне, старажытны народны вясельны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Раней з аднавяскоўкамі Кацярынай Міхайлаўнай Кандыбай, Марыяй Фёдараўнай Каралёвай ды іншымі ездзілі ў суседнія вёскі Людзвіна, Аношкі, Вілеўшчына, каб прыняць удзел у фальклорных фэстах ці проста спаткацца ды паспяваць. Да іх кампаніі далучаўся і мясцовы гарманіст Анатоль Ігнатавіч Галубец. Песні, частушкі выводзілі, як кажуць, «на ўвесь белы свет»!
Жыхарка вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна, вядомая майстрыха-вышывальшчыца Лілія Радзівонаўна Зарэцкая, неяк даўней расказала нашай праграме пра тое, што былі гады, калі яна адпраўляла па 80 і болей калядных і навагодніх віншавальных паштовак сваім родным, блізкім і знаёмым. Не праз інтэрнэт. Асабіста, ад рукі – кожнаму! Уяўляеце?!.
Падумала, як гэта хораша, калі чалавек жыве ў такім простым жыццёвым вымярэнні. У будні і ў святы. Даводзілася недзе чытаць пра тое, што гэта неацэнная ўласцівасць душы і характару, калі, здавалася б, з простых паўсядзённых спраў, клопатаў, добрых памкненняў і чулага сэрца складваецца найпрыгажэйшы жыццёвы ўзор! І, напэўна, як ніколі ён (гэты ўзор) праяўляецца вось у такую калядную і навагоднюю пару.
Расказвайце і вы пра свае зімовыя гісторыі. Пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.