Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Хуткаплыннасць часу». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.09.2020
«Звычайныя гісторыі. Хуткаплыннасць часу». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Кожны з вас, напэўна, не раз задумваўся аб значэнні часу, аб тым, якім справам аддаць перавагу, каб не марнаваць яго, берагчы кожную хвіліну. Каб усюды паспяваць, а часам быць, як кажуць, «у патрэбны час у патрэбным месцы» – ад апошніх абставін залежыць нават лёс чалавека. А яшчэ (і пра гэта ў вашых лістах) ніколі не варта шкадаваць часу на добрыя ўчынкі, дапамогу блізкім і зусім незнаёмым людзям.

Рыхтуючыся да гэтай сустрэчы, даведалася і пра адзінкі вымярэння часу. Гэта знаёмыя нам дзень, тыдзень, месяц, год, стагоддзе, тысячагодзе. А ёсць і Беселеў год, названы па імені нямецкага астранома XIX стагоддзя, галактычны, трапічны. Сярод адзінак вымярэння часу ёсць зорныя і сонечныя суткі і тыя катэгорыі, пра якія многія чуюць, напэўна, упершыню, скажам, метонаў цыкл, планкаўскі час ды іншыя. Так што пра час і яго катэгорыі можна гаварыць бясконца!

Але ж да вашых лістоў.

Чамусьці менавіта зараз мне ўзгадаліся радкі ад Ірыны Рапецкай з Навагрудка. Пра тое, каб быць у гармоніі з сабой, і нават часам з сусветам, трэба настройваць сваю душу на прыгожае, як бы складана ні было. «Падумаеш пра добрае, узнёслае, і хмары ў небе і на сэрцы саступаюць месца блакітнай прасторы і сонечнаму настрою», – зазначае яна. І далей распавядае пра тое, што ёй ніколі не шкада часу, каб падзяліцца добрым настроем і пазітыўнымі думкамі з людзьмі.

«Трэба абавязкова знаходзіць час для сваіх дзяцей, – дзеліцца з намі наша слухачка Святлана з Мінска, – асабліва ў гэтыя вераснёўскія дні. Ім вельмі няпроста прызвычаіцца да іншых рытмаў часу, новых клопатаў, да адказнасці і пошуку свайго «я» не толькі ў школьнай, а і ўвогуле жыццёвай прасторы. Як бы мы ні стамляліся, важна штовечар выслухаць сваіх дзяцей, зразумець, падказаць, параіць. Гэта залог таго, што ў будучыні мы зможам пазбегнуць многіх сур’ёзных праблем. Шкада, што некаторыя бацькі пра гэта не думаюць ці не лічаць патрэбным сябе абцяжарваць».

«Час такі дарагі, што яго вельмі мала, каб жыць», – зазначыў некалі наш класік Якуб Колас. Варта ўважліва ўслухацца ў гэтае выслоўе. Трэба не проста жыць, а напоўнена, адказна, з аддачай. Напэўна, гэта меў на ўвазе наш вядомы пісьменнік, які цаніў час і пакінуў нам сваю багатую творчую спадчыну.

У сваіх звычайных і незвычайных гісторыях многія не раз апавядалі пра тое, што ім ніколі не шкада часу на падарожжы і сустрэчы з цікавымі людзьмі. Сёлетняе лета па вядомых прычынах стала выключэннем. Але ж мы не страчваем надзеі на будучыя вандроўкі. Па родным краі і за яго межамі.

Рэгіна Норбертаўна Ластоўская з Пастаўскага раёна неяк прыгадала турыстычную паездку па Індыі і Непале. Пра тое, як падчас чарговай экскурсіі яны ўздымаліся на гару. Каб неяк падбадзёрыць стомленых турыстаў, яна пачала чытаць верш Янкі Купалы «А хто там ідзе?..» Усім вельмі спадабалася. І верш, і наша мова. Напэўна, індыйская зямля ўпершыню чула гэтыя радкі беларускага песняра.

«Час неяк вельмі хутка ляціць, калі чалавек закаханы. Тады вырастаюць крылы, і ты не ходзіш па зямлі, а лятаеш», – падзялілася з намі Зоя Мікалаеўна Васілеўская (яе дзявочае прозвішча) з Салігорска. І прыгадала гісторыю са сваёй студэнцкай маладосці. Ім, будучым педагогам, трэба было напісаць сачыненне пра вясну. А дзе вясна, там і каханне. І душа твая нібыта ў палёце. Дзяўчына так і заўважыла ў сваіх радках: «Вясна – пара кахання. І хочацца ляцець, ляцець і ляцець!..» Выкладчык, аналізуючы студэнцкія работы, асцярожна заўважыў, маўляў, чаго ляцець, куды ляцець?! Ідзі сабе спакойна! Гэта ўвайшло ў гісторыю курса. Нават калі праз 20 гадоў яны сустрэліся са сваім педагогам, ён прыгадаў гэты выпадак. І яны, як дзеці, доўга смяяліся.

«Час бяжыць, а мы мусім лавіць яго, мусім ткаць на ім узор добрага і прыгожага жыцця нашага, бо інакш – час праміне, а мы застанёмся з пустымі рукамі або яшчэ горш – абцяжараныя грахамі», – зазначыў гісторык і публіцыст з нашай мінуўшчыны Адам Станкевіч. А каб гэтага не здарылася, варта цаніць не толькі час, а і не адмаўляцца ад любой магчымасці спазнаваць свет, часам пераадольваючы сваю ляноту, каб потым не шкадаваць, што нешта беспаваротна ўпушчана. А яшчэ ў нашым хуткаплынным часе варта калі-нікалі і прыпыніцца, і азірнуцца, бо з такіх, здавалася б, менш значных імгненняў таксама складаецца наша жыццё.

І бягуць-знікаюць у часе лісткі календара, занатоўваючы дні ў месяцы, гады і стагоддзі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: