Прамаўляеш слова «крыніца», і сэрца агортваецца цёплым і шчымлівым пачуццём. І вось ужо думкі бягуць у той незвычайны куточак, адкуль прабіваецца «жывое срэбра». І ад гэтага няспыннага струменьчыка, як заўважыў некалі наш вядомы пісьменнік Пятрусь Броўка, «лягчэюць пуціны, яснеюць часіны», а ў «светлай крыніцы вадзіца-жывіца». Сярод шматлікіх традыцый народнай культуры ўшанаванне крыніц мае сваю цікавую і даўнюю гісторыю, у якой пераплятаюцца язычніцкія і хрысціянскія карані. Па даных вучоных-даследчыкаў у Беларусі прыблізна каля 200 сакральных крыніц. Лічба ўмоўная, таму што адны з іх зарастаюць і знікаюць, іншыя адкрываюцца і асвяшчаюцца.
«Святыя крыніцы ўспрымаюцца ў народным разуменні як жывыя, яны вельмі чуйна рэагуюць на адносіны да сябе: могуць сердаваць, крыўдзіцца, могуць пакараць за непрыстойныя паводзіны, – заўважае даследчыца даўніны, доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. – Легенды распавядаюць і пра тое, як вада надоўга знікала з тых месц, дзе парушаліся правілы чысціні і захоўвання крыніц. Паводле некаторых паданняў, вада закіпала і магла нават апячы, калі да іх падыходзілі людзі са злымі намерамі. У Беларусі ёсць крыніцы, якім пакланяюцца на працягу многіх стагоддзяў, як, напрыклад, Блакітная ці Сіні калодзеж каля вёскі Кліны Слаўгарадскага раёна, куды штогод прыязджаюць тысячы паломнікаў. Аднак выбудоўваць іерархію крыніц, вызначаць ступень іх сакральнасці абсалютна няправільна. Кожны такі аб’ект значны для сваёй тэрыторыі».
Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з ураджэнкай вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна Нінай Мацвееўнай Бурко. «Мне вельмі хацелася б адшукаць крынічку маленства, – кажа яна, – якая калісьці струменіла непадалёку ад нашай хаты. Яны стаялі радком, адна за адной, на невялікім хутары. У нашым Бярэзінскім раёне нямала крыніц, самыя вядомыя ў вёсцы Крупа. Іх ажно сем сыходзяцца ў адным месцы. Там і пабудавалі капліцу. Праводзяцца абрады, святы, малітвы ў гонар ікон, якія ўсталяваны каля кожнай з сямі крыніц», – дзеліцца з намі Ніна Мацвееўна.
Падумалася, вось бы так і людзі, у якіх розныя вытокі, розныя дарогі-пуцявіны, каб і яны зліваліся, нібыта крыніцы, у адну жыццёвую раку. І каб нішто не перашкаджала гэтай чалавечай лучнасці і еднасці.
Памятаю, як шмат гадоў таму госць нашай радыёпраграмы «Галерэя» Віктар Свірэлін (чуеце, у прозвішчы таксама ёсць нешта крынічнае) з захапленнем распавядаў пра конкурс «Рака майго дзяцінства», які сабраў замалёўкі, вершы, фота пра рэкі і крыніцы ад хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Беларусі. Віктар Уладзіміравіч у свой час узначальваў Музей вады, ён аўтар кніг аб прыродзе і яе захаванні, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі экалогіі, шмат гадоў сваёй працы прысвяціў менавіта праблемам экалагічнай адукацыі і выхавання. Лічыць, што гэта таксама кансалідуе грамадства, аб’ядноўвае нас, як нацыю.
«Усё жыццё займаюся любімай справай, гідрабіялогіяй, даследаваннем азёр і крыніц Беларусі», – распавядаў падчас сустрэчы ў студыі праграмы «Галерэя» загадчык сектара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах, доктар біялагічных навук Уладзімір Мухтаравіч Байчораў. У рамках дзяржаўнай праграмы разам са сваімі калегамі даследуе азёры і крыніцы. Паводле маніторынгу вучоных асобныя аб’екты папоўняць спіс помнікаў прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння. Апошнім часам да працы біёлагаў далучыліся геолагі і гісторыкі.
Адзін з самых вядомых гідралагічных помнікаў на тэрыторыі нашай краіны – Блакітная крыніца ці Сіні калодзеж у Слаўгарадскім раёне. Яна ўяўляе сабой невялікае возера з цёмна-блакітнай вадой, якая б’е з кратара, ці калодзежа з глыбіні 2,5 метры. Цікавы факт: кожную секунду адтуль на паверхню выліваецца 60 літраў вады!
Другая па велічыні і магутнасці крыніца Беларусі – Вялікая Болціцкая ў наваколлі возера Нарач. Яе можна ўбачыць падчас экскурсіі па заказніку «Блакітныя азёры». Варта ўзгадаць і аб крыніцы Серабранка каля вёскі Клясціцы ў Расонскім раёне, Каплічцы, што каля Сенненскага возера, Сафійскай у Полацку: прабіваецца непадалёку ад знакамітага Барысавага каменя. У кожнай з іх свае легенды і паданні, таямніцы. Паводле гістарычных звестак, Ракаўская – вядомая вось ужо на працягу 500 гадоў! З ёй звязана легенда пра мясцовага жыхара, які па знаку Божаму ўмыўся вадой з гэтай крыніцы і пазбавіўся слепаты. На тым месцы пабудавалі царкву, туды ідуць і едуць паломнікі. Крыніцы Мікалая Цудатворцы ў Лагойску людзі пакланяюцца вось ужо больш чым на працягу стагоддзя. У 1886 годзе тут узведзена Свята-Мікалаеўская царква. Кажуць, што вада выцякае амаль што з-пад алтара.
Ва ўсе часы крыніцы былі і застаюцца месцам прыцягнення, бо гэта ж неад’емная частка духоўнай культуры народа. Таму такія запаведныя куточкі патрабуюць ад нас асабліва трапяткіх адносін, поўных глыбокай пашаны, жадання зберагчы і захаваць іх спрадвечную чысціню і святасць.