Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Кветкі сядзіб Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 14.05.2021
«Звычайныя гісторыі. Кветкі сядзіб Беларусі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Вы, напэўна,чулі пра вядомы ў свеце кветкавы фестываль, які штогод 14 мая праходзіць у канадскай сталіцы. Горад Атава патанае ў шматколерным моры цюльпанаў. Прыгожая дзея працягваецца каля двух тыдняў.

Чаму Канада, а не краіна цюльпанаў Галандыя? Аказваецца, тут ёсць цікавая гісторыя. Гэтая традыцыя з’явілася пасля Другой сусветнай вайны, на час якой Канада дала прытулак каралеўскаму дому Нідэрландаў. Каралева Маргрыет нарадзілася на паўночнаамерыканскім кантыненце. Аднак для таго, каб яна магла стаць пераемніцай трона, павінна была нарадзіцца толькі ў сваёй роднай краіне. І тады канадскі ўрад сваім спецыяльным загадам абвясціў пакой шпіталя, у якім нарадзілася прынцэса, тэрыторыяй Нідэрландаў. Уяўляеце! Вярнуўшыся ў 1945 годзе на радзіму, прынцэса Галандыі Юльяна паслала ў падарунак Канадзе 100 тысяч цыбулек цюльпанаў. У знак удзячнасці. З таго часу гэтыя кветкі сталі сімвалам інтэрнацыянальнай дружбы і прыкметай сапраўднай вясны ў Атаве. Першы фестываль цюльпанаў прайшоў у Канадзе ў 1953 годзе.

Якраз гэтая гісторыя і натхніла мяне адправіцца ў пошукі цікавай інфармацыі пра кветкі нашай краіны: ад старадаўніх сядзіб да сучасных кветкавых кампазіцый, якія ўпрыгожваюць загарадныя дамы, лецішчы ды вясковыя падворкі. Адны назвы захапляюць: аксаміткі, падтыннік, казялец, шыпшына, півоні, стакроткі, скрыпень! І гэта ўсяго толькі невялікі пералік, а колькі лугавых і палявых кветах, іх некалі нашы продкі называлі «краскамі».

У Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на працягу многіх дзесяцігоддзяў (яго гісторыя пачынаецца з 1931 года) вядуцца навукова-даследчыя работы па вывучэнні шматлікіх батанічных калекцый і экспазіцый, сярод якіх і кветкавыя мнагалетнікі, адналетнікі, лекавыя расліны, а таксама цюльпаны, ружы, бэз, рададэндраны, альпійскія дэкарытыўныя культуры і многія іншыя. Батанічны сад называюць буйным творам садова-паркавага мастацтва! Гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага батанічнага саду Наталля Луніна ў свой час была госцем радыёпраграмы «Галерэя». З захапленнем расказвала яна пра калекцыі, навуковыя пошукі і здабыткі. Вынікі шматгадовых даследаванняў яе і калег цяпер абагульнены ў кнізе «Дэкаратыўныя і травяністыя расліны культурнай флоры Беларусі». У ёй прыводзіцца асартымент раслін кветнікаў старадаўніх беларускіх сядзіб, апублікаваны мясцовыя назвы раслін, у тым ліку і кветак. «Гэтую працу варта працягваць. Было б вельмі добра, каб да яе падключыліся жыхары з розных куткоў Беларусі, кветкаводы-аматары. Іх успаміны пра кветнікі сваіх бабуль і прабабуль маглі б дапамагчы вучоным пашырыць нашы веды ў гэтай галіне»,– лічыць Наталля Міхайлаўна.

Перад гэтым эфірам мы гутарылі з Кацярынай Фярковіч з вёскі Пузавічы Браслаўскага раёна. Сюды, у бацькоўскую хату, яна пераехала з горада. «Вёсачка апусцела, цяпер вось я тут жыву, мой брат з жонкай ды баба Ганя», – кажа Кацярына Іванаўна. Узгадала і пра кветкі свайго дзяцінства. Пра «брацікі» (браткі), юргіні (вяргіні) ды календулу, якую сеялі ў гародчыку, каб адпуджваць ад капусты шкодных насякомых.

Расказала сваю гісторыю пра кветкі і наша даўняя і добрая знаёмая Соф’я Аляксандраўна Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна. Дарэчы, яе прозвішча значыцца сярод знакамітых людзей гэтага раёна. Яна вядомы педагог, аўтар паэтычных зборнікаў, а цяпер і мастак-аматар. Любіць ружы і рамонкі, астры і гваздзікі. Раней, калі дазваляла здароўе, Соф’я Аляксандраўна любіла хадзіць на бліжэйшэйшы луг, дзе ў маі-чэрвені радуюць сваёй сціплай прыгажосцю дыванкі незабудак. Гэта таксама натхняе яе на вершаваныя радкі, напісанне карцін.

Ну, а што да фестываляў кветак, дык у нас, у Беларусі, яны таксама праводзяцца. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца сапраўднае свята прыгажосці ў гарадскім пасёлку Жалудок Шчучынскага раёна. Праводзіцца ў сярэдзіне жніўня. Звычайна ў конкурсе прымаюць удзел аўтары кветкавых кампазіцый і нават касцюмаў з бутонаў і пялёсткаў, дасціпныя пейзажы і нацюрморты. Ёсць намінацыі на лепшы ландшафтны дызайн, лепшы кветкавы падворак ды іншыя. Праводзіць не толькі свята, а і грунтоўныя даследаванні ім дапамагае навуковая спадчына сусветна вядомага батаніка Станіслава Баніфацыя Юндзілы. Яго імя цесна звязана з гісторыяй Шчучыншчыны. Ён адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі.У 1785 годзе наведаў Шчучын, заклаў там батанічны сад, пачаў ствараць навуковы гербарый мясцовай флоры.

Святы кветак у глыбінцы нясуць і выразна акрэсленую сацыяльную функцыю. Гэта падштурхоўвае людзей да ажыццяўлення самых розных творчых праектаў, натхняе на добрыя стваральныя справы, выклікае жаданне зрабіць свой край прыгожым і прывабным. Свае гісторыі пра кветкі, прыгажосць і любоў да роднай зямлі дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: