Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Лекі для душы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.01.2021
«Звычайныя гісторыі. «Лекі для душы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Прыгадваецца вядомае выказванне асветніка-гуманіста Францыска Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы». Гэты зварот, які дайшоў да нас з глыбіні стагоддзяў, актуальны і цяпер. І што б мы ні казалі, кніга жыла і будзе жыць! Магчыма, у іншых сучасных варыянтах і фарматах: цяпер жа можна спампаваць кніжку, набыць з дастаўкай друкаваную версію, прачытаць у тэлефоне (ёсць нават спецыяльны сервіс вядомага аператара тэлефоннай сувязі) і г.д. Аднак, згадзіцеся, нішто не можа замяніць шалахценне кніжных старонак ды пах друкарскай фарбы. У гэтым ёсць свая непаўторная магія!

Так што няхай і гэтая кароценькая сустрэча ў эфіры прагучыць своеасаблівай «одай» у гонар Яе Вялікасці Кнігі.

Захапляе сама гісторыя яе з’яўлення і развіцця. Паводле кампетэнтных крыніц, самая старажытная кніга, якая захавалася да нашых дзён, – папірус Прыса. Гэты твор з’явіўся яшчэ ў 3350 годзе да Нараджэння Хрыстова. Знойдзены ў адной з пірамід горада Фівы. Прыс разважае пра канфлікт пакаленняў. Стваральнік самай старажытнай кнігі наракае на заганы моладзі, папракае яе ў ляноце і адсутнасці выхавання. Чуеце, які знаёмы сюжэт?!

Ёсць нямала цікавых фактаў і пра першую друкаваную кнігу «Алмазная сутра» – індыйскі твор, перакладзены на кітайскую мову і зроблены рамеснікам Ван Чынам: штампы-іерогліфы выраблены з гліны. І як тут не прыгадаць Іягана Гутэнберга, яго друкарскі станок і Біблію! І першадрукара Расіі Івана Фёдарава, яго «Апостал»: пяцьдзясят асобнікаў дайшлі да нашых дзён! Як і першую кнігу Бібліі на беларускай мове, выдадзеную Францыскам Скарынам больш за 500 гадоў таму! Сёння кнігі Святога Пісання даступныя носьбітам больш як трох тысяч моў, Біблія ж па-беларуску выйшла значна раней, чым яе пераклады на англійскую і французскую мовы. Так што мы маем поўнае права ганарыцца нашым знакамітым асветнікам і яго працай.

Уражвае той факт, што Біблія, напісаная амаль два тысячагоддзі таму, застаецца самым папулярным выданнем усіх часоў. Неверагодна, але ж яе друкаванне не спыняецца ні на секунду! Каля 500 вершаў у Бібліі прысвечаны малітве, больш за 2 тысячы – грашам і багаццю! Вось якія адкрыцці робіш, калі чытаеш. І кнігу. І пра кнігу!

«Калі я чытаю добрую кнігу, не папракайце мяне ў гультайстве. Не хочаце прызнаць, што я працую, дык думайце, што я малюся – Слову», – заўважыў некалі пісьменнік і публіцыст Янка Брыль.

«Ёсць кнігі, якія захапляюць не толькі сваім сюжэтам, лёсамі герояў, яны дапамагаюць зразумець сябе і навакольны свет. Згадзіцеся, гэта яшчэ і задавальненне, і радасць, і неацэнная карысць», – дзеліцца з намі наша слухачка Алена Кулічэнка з Мінска. Не раз у сваіх лістах прызнанне кнізе выказвалі Валянціна Рыгораўна Сачык з вёскі Нізок Уздзенскага раёна, Ніна Сцяпанаўна Лазарэнка з Чэрыкава, Генадзь Іванавіч Маркоўскі з Маладзечна, Мар’ян Антонавіч Дзевяцень з пасёлка Войстам Смаргонскага раёна і многія іншыя.

Героі радыёперадачы «Галерэя» сваім любімым заняткам часцей за ўсё называюць менавіта чытанне. Вось і нядаўна падчас гутаркі з актрысай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Кацярынай Шатровай мы закранулі і гэтую тэму. Яна ўзгадала, што яшчэ школьніцай захаплялася Чэхавым, Булгакавым, Набокавым, Платонавым ды іншымі класікамі. Здаралася, дзяўчынка збягала з урокаў у школьную бібліятэку. Некаторыя настаўнікі нават яе разумелі і бадай што не ўшчувалі за пропускі заняткаў. Дарэчы, праграма «Галерэя» з удзелам Кацярыны Шатровай прагучыць у суботу, 23 студзеня ў 9.05.

Сучасныя дзеці аддаюць перавагу, як гэта ні прыкра казаць, не кнізе, а навамодным гаджэтам ды ўсялякім камп’ютарным забаўкам. Разгубленыя бацькі шукаюць выйсце, думаюць-разважаюць, як прывучыць малых да кнігі. Лічыцца, што самы спрыяльны ўзрост для навучання дзіцяці чытанню – ад 4 да 6 гадоў. Пазней навучыць чытаць больш складана. Паводле даследавання Ельскага ўніверсітэта, тры чвэрці вучняў, якія дрэнна ўмеюць чытаць у трэцім класе, застануцца такімі ў сярэдняй школе. Гэта вельмі набалелая праблема. Калі ў вас, магчыма, ёсць свой вопыт прывіцця дзецям любові да кнігі, падзяліцеся. Было б карысна, асабліва маладым бацькам, абмеркаваць гэтую вельмі надзённую тэму.

«Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы, а кніга – вялікі цуд, створаны чалавечым розумам, – жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку», – зазначыў некалі вядомы пісьменнік і літаратуразнавец Сцяпан Александровіч.

Хочацца верыць, што так яно будзе і далей.

Пішыце і вы, паважаныя слухачы, што чытаеце, якія вашы любімыя творы і наогул пра тое, што значыць у вашым жыцці кніга?

Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: