Сёння пачну з кароценькага ліста. І з такім жа лаканічным подпісам: ад Лены з Кобрына. Часам яна, я заўважыла, падпісваецца па-іншаму: Алена Фёдараўна Масліевіч. У кожным радочку – любоў і прызнанне вёсачцы Заніўе Драгічынскага раёна, адкуль родам яе матуля. Усе свае пачуцці аўтар перадае праз вершаваныя радкі. У іх – пра жытнёвае поле, сасновы лес, дзядулеву сядзібу, якая вясной спрадвеку патанала ў квецені бэзу. Далей Алена Фёдараўна распавядае аб тым, што яе дзядуля быў майстрам на ўсе рукі, сам рабіў многае ў хаце і на падворку. Сталяр, бондар, ён быў руплівым майстрам, дбайным гаспадаром. І яшчэ яна заўважае: некага вабяць іншыя краіны, а для яе мілей за ўсё на свеце родныя краявіды.
Гэты ліст натхніў мяне зноўку адправіцца ў вандроўку па нашых невялічкіх пасёлках і вёсачках, тых дарагіх сэрцу куточках, адкуль у многіх з нас пачыналіся жыццёвыя дарогі. А якія прыгожыя, поўныя сонца і цяпла, назвы!
Не вельмі даўно я сустракалася з педагогам, культуролагам, паэткай-аматаркай Людмілай Воранавай. Яна нарадзілася і вырасла ў вёсцы Залацеева Зэльвенскага раёна. Адтуль яе «залацінкі» – вершы-роздумы, вершы-споведзі, вершы-прызнанні роднаму краю. У яе «залацінках» усё дыхае любоўю: да рэчкі, што «калыханкаю цвіркае», палёў з грэчкаю – «парфумам летняй пары», да паветра, якое пахне хлебам. «Толькі тут, у роднай вёсачцы, можна адчуць, што ты дома, і ўсё тут дорыць «неабходны спакой», – зазначае Людміла Віктараўна.
У многіх нашых вёсках і дагэтуль захоўваецца самабытнасць, культура і традыцыі продкаў. І гэта цудоўна! Як тут не ўзгадаць пра вёску Моталь Іванаўскага раёна! Тут жывуць пяць тысяч жыхароў, і кожны з іх зберагае родную культуру і традыцыі. Гэта бачна і па музеі народнай творчасці, у якім каля 30 тысяч унікальных для Беларусі экспанатаў. Часткай яго экспазіцыі з’яўляецца вятрак, у якім размешчаны музей хлеба. Тут, звычайна ў жніўні, праводзіцца фестываль «Мотальскія прысмакі» – свята страў і напояў традыцыйнай беларускай кухні.
Зусім нядаўна з адной маёй суразмоўцай мы ўспаміналі пра Жылічы, што ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці. Калісьці палацава-паркавы ансамбль не саступаў раскошай і вядомасцю Мірскай і Нясвіжскай рэзідэнцыям Радзівілаў. Яго нават называлі «Жыліцкім Версалем»! Існуе і такая гісторыя: уладальнік маёнтка Ігнат Булгак падчас вайны з Напалеонам дайшоў да Францыі. Яго ўразіла прыгажосць Парыжа, і, калі ён вярнуўся дадому, распачаў маштабнае будаўніцтва. Палац узводзілі амаль што сто гадоў, з 1823-га па 1910-ты. Як толькі ў гаспадароў з’яўляліся свабодныя грошы, праца працягвалася. А як вядома, у Ігната Булгака былі цукровыя, крухмальныя заводы, спіртзавод, а таксама млыны і лесапільні. Увесь прыбытак укладваўся ў палац.
Многія з вас ведаюць, што ў Жылічах завершана першая чарга рэканструкцыі. У адноўленай частцы былога маёнтка з 2011 года працуе дзіцячая школа мастацтваў. У цэнтральных пакоях размесцяцца музей і бібліятэка. Мясцовыя краязнаўцы спадзяюцца, што з цягам часу будзе адноўлены і парк вакол палаца – з алеямі, альтанкамі, скульптурамі і нават возерам. Жыліцкі палац можна ўбачыць на малюнках Напалеона Орды. Вачэй не адвесці, вельмі ўражвае! Вось вам яшчэ адзін адрас летніх вандровак! Да «Жыліцкага Версаля»!
А колькі на нашай зямлі вёсачак з прыгожымі «кветкавымі» ці нават каляровымі назвамі! Аказваецца, на Мазыршчыне ў пісьмовых крыніцах XIX стагоддзя ўзгадваецца паселішча Сініцкае Поле. Затым яно называлася Сініцкая Слабада. А калі ў 30-я гады мінулага стагоддзя арганізоўвалі калгасы, ён атрымаў назву «Чырвонае Поле». Часта прыгадваю вёску Васількі Бялыніцкага раёна. Неяк раней жыхарка гэтай вёскі Вера Пятроўна Мельнікава расказала пра яе, а таксама пра сваіх матулю і тату, блізкіх людзей. Многія радкі сабраны ў своеасаблівую кніжачку, дзе шмат фотаздымкаў з сямейнага альбома. Адчуваецца, яе Васількі – самыя найпрыгажэйшыя на свеце!
Успамінаю сустрэчу з Наталляй Бінкевіч з Целяхан Іванаўскага раёна. З якім захапленнем распавядала яна пра славутасці гэтага невялікага палескага гарадка. Некалі тут быў палац Агінскіх, уладарылі магнаты Вішнявецкія і Пуслоўскія. Заснавана фаянсавая мануфактура, паравы млын і бровар, гута. Асабліва ганарацца тут целяханскім бічаўніком: некалі ўздоўж воднага шляху была сухапутная дарога, якая выкарыстоўвалася для буксіроўкі суднаў і плытоў. Якраз у сярэдзіне ліпеня на свята «Целяханскі бічаўнік» збіраюцца землякі і шматлікія госці. Цікава, ці адбудзецца сёлета гэтае традыцыйнае свята?
Кожная мясцінка, маленькая вёсачка ці пасёлак, у тым ліку і тая, дзе вы жывяце, захоўвае столькі звычайных і незвычайных гісторый! Буду вельмі ўдзячная вам за вашы аповеды. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.