Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Ліпень 1944 года: мінскі напрамак». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 01.07.2022
«Звычайныя гісторыі. Ліпень 1944 года: мінскі напрамак». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Пра многае хочацца распавесці сёння, напярэдадні ліпеньскага свята! Пра саму падзею, якая адбылася ў ноч на 3-е ліпеня 1944 года, калі танкісты 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса пераможна ўвайшлі ў Мінск і тым самым прынеслі доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Нагадаем, у вызваленні Беларусі (аперацыя «Баграціён») прымалі ўдзел войскі чатырох франтоў: 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы – генерал арміі Іван Баграмян), 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік Іван Чарняхоўскі), 2-га Беларускага (генерал арміі Георгій Захараў) і 1-га Беларускага (генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі). У аперацыі «Баграціён» прымалі таксама ўдзел французскі знішчальны авіяполк «Нармандыя – Нёман», Дняпроўская ваенная флатылія і партызанскія злучэнні.

Лаканічныя радкі цяпер ужо далёкай гісторыі. За імі – лёсы людзей таго ваеннага пакалення, якое вынесла столькі выпрабаванняў і нястач, гераічна і мужна паўстала на абарону сваёй радзімы. Пра гэта і ў вашых пісьмах.

Нядаўна я атрымала ліст ад нашай пастаяннай слухачкі Святланы Аліхвер з Пастаўскага раёна. Вельмі кранулі яе роздумы, таму хачу падзяліцца з вамі.

«Наша пакаленне, – піша яна, – выхоўвалася на вялікай павазе да людзей, якія абаранялі сваю зямлю. Памятаю, як у бацькоўскім доме, амаль што на покуці, як нешта святое, стаяла кніга Сяргея Смірнова «Брэсцкая крэпасць». А некалькі гадоў таму мне давялося двойчы пабываць у Брэсце і цытадэлі. Апынулася ля абеліска і шматлікіх чорных мармуровых пліт, на якіх прозвішчы пахаваных герояў-абаронцаў. І там жа ўбачыла надпісы: «Невядомы, невядомы...». Аж сэрца сціснулася ад болю. Я і сёння не магу спакойна аб гэтым гаварыць, асабліва цяпер, з узростам, калі больш пачынаем разумець і цаніць імгненні жыцця. Ужо даволі даўно я ўдзельнічаю ў царкоўным хоры нашага невялікага прыхода. І кожны раз, спяваючы памінальную малітву, успамінаю свайго дзядзьку, мамінага брата, які загінуў у першыя дні, а то і гадзіны, вайны. Менавіта аб ім плакала, стоячы ля мармуровых пліт Брэсцкай крэпасці з надпісамі «Невядомы». Аб ім і тысячы іншых салдат, якія загінулі і засталіся невядомымі. З гадамі даведалася, што магіл Невядомага салдата ў свеце шмат. Ва ўсіх краінах гэта месца як напамін і перасцярога аб недапушчальнасці вайны. Але ж у свеце, на вялікі жаль, неспакойна. Калі была класным кіраўніком, вучням сваім расказвала пра наша мінулае, прасіла памятаць урокі гісторыі».

І далей Святлана Аліхвер падзялілася балючай гісторыяй пра сваіх родных і блізкіх. У яе мамы былі тры браты. Старэйшы Антон загінуў у першыя дні вайны, прапаў без вестак. Яго жонку забіў паліцай. Засталася маленькая дачушка, якую гадавалі бабулі і цёткі. Стараліся, як маглі, абагрэць яе сірочае маленства. Аліна вывучылася на агранома, выйшла замуж, нарадзіла двух дачушак і сына, ёсць унукі і праўнукі. І цяпер, у свае 80 з «плюсам», ездзіць на дачны ўчастак, мае агарод і цяпліцу. Пра мінулае стараецца не ўспамінаць, лічыць, што цяпер у яе «залатая старасць».

«Па нашай хрысціянскай традыцыі, – разважае Святлана Аліхвер, – прынята наведваць месцы пахавання родных і блізкіх людзей. Ёсць душэўная патрэба паўспамінаць, памаліцца, паплакаць... Таму словы на абелісках і мармуровых плітах «Невядомы» выклікае ў мяне столькі думак і суму. Няхай не будзе войнаў. Няхай жывуць і радуюцца жыццю ўсе людзі».

Сваімі ўспамінамі і роздумамі пра тыя нялёгкія ваенныя часы з намі падзяліліся: 90-гадовая Яўгенія Васільеўна Дзядзюля з Мінска, настаўніца з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна Ірына Грышкевіч, былая жыхарка пасёлка Якаўлевічы Аршанскага раёна і многія іншыя.

А зусім нядаўна мы атрымалі ад нашага слухача прапанову (праўда пазначаны толькі яго электронны адрас) – правесці цыкл перадач аб Маршалах Перамогі. Ён лічыць, што ў Год гістарычнай памяці пра іх лёсы, мужнасць і самаадданасць Радзіме павінна ведаць моладзь, бо іх жыццё – яркі прыклад для пераймання.

Дарэчы, пра Маршалаў Перамогі мы не аднойчы расказвалі ў нашых выпусках. Сустракаліся з некаторымі нашчадкамі – праўнучкай Канстанціна Ракасоўскага, дачкой Георгія Жукава. Заўтра, у суботу, 2 ліпеня, у 9:05 у праграме «Галерэя» прымае ўдзел унук Маршала Савецкага Саюза, двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Баграмяна – Іван Сяргеевіч Баграмян. Ён раскажа пра стасункі з дзедам, яго жыццёвыя ўрокі. І пра вызваленчую аперацыю на Віцебскім накірунку у чэрвені-ліпені 1944 года. Нагадаем, Іван Хрыстафоравіч Баграмян камандаваў 1-ым Прыбалтыйскім фронтам, які ўдзельнічаў у аперацыі «Баграціён».

Раскажыце і вы пра сваіх родных і блізкіх, якія прымалі ўдзел у гэтай цяпер сусветна вядомай вызваленчай аперацыі. І якія гісторыі пра тыя гады захоўваюцца ў вашай сям’і? Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: