- Перадача: Радыёблог
- Дата: 02.07.2021
Пра многае хочацца распавесці сёння, напярэдадні ліпеньскага свята! Пра саму падзею, якая адбылася ў ноч на 3-яе ліпеня 1944 года, калі танкісты 2-га гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса ўвайшлі ў Мінск і прынеслі доўгачаканае вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра найбольш цікавыя факты Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён» на заключным этапе Вялікай Айчыннай вайны. І пра тое, што 3 ліпеня – гэта не толькі дата вызвалення Мінска, але і агульнароднае свята –Дзень Незалежнасці.
Звернемся да хронікі тых дзён – канца чэрвеня-пачатку ліпеня 1944 года. У вызваленні Беларусі ўдзельнічалі войскі чатырох франтоў – 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы генерал арміі Іван Баграмян), 3-га Беларускага (генерал-палкоўнік Іван Чарняхоўскі), 2-га Беларускага (генерал арміі Георгій Захараў) і 1-га Беларускага (генерал арміі Канстанцін Ракасоўскі). У аперацыі «Баграціён» прымалі таксама ўдзел французскі знішчальны авіяполк «Нармандыя-Нёман», Дняпроўская ваенная флатылія, партызанскія злучэнні, у якіх налічвалася на той час звыш 400 тысяч байцоў. Партызаны кантралявалі больш чым палавіну акупіраванай тэрыторыі Беларусі, падрывалі нямецкія эшалоны, склады са зброяй, знішчалі варожыя гарнізоны. Сумесныя дзеянні прывялі да бліскучых вынікаў адной з самых вядомых ваенных аперацый Другой сусветнай вайны.
У свой час мне пашчасціла сустракацца з легендарным камандзірам адной з танкавых брыгад таго знакамітага Тацынскага танкавага корпуса, пазней маршалам бранятанкавых войскаў, Героем Савецкага Саюза, ганаровым грамадзянінам горада Мінска Алегам Лосікам. Яму было нямала гадоў, але ж калі дазваляла здароўе, стараўся прыехаць да нас на ліпеньскае свята. Узгадваў пра асобныя эпізоды тых падзей, пра тацынцаў і Мінск у першыя дні пасля вызвалення. У яго было нямала стасункаў з беларусамі, ён гэтым вельмі ганарыўся, многія адрасы сяброўства перадаў сваёй дачцэ.
Незабыўныя ўспаміны пра падзеі 3 ліпеня 1944 года засталіся і ў вайсковага фельчара Ігнація Антонава, які ў баі за вызваленне нашай сталіцы замяніў раненага камандзіра танка. Ён неаднойчы быў удзельнікам радыёпраграмы «Эпізоды Вялікай вайны». Памятаю, мы захапляліся яго расповедамі пра кожны метр руху па мінскіх вуліцах, па мосце праз Свіслач. І пра мінчан, якія выбягалі з дамоў і падвалаў сустракаць сваіх вызваліцеляў.
Сярод імён, якія сталі сімваламі вызвалення нашай сталіцы, і танкіст Дзмітрый Фролікаў, які ў ліку першых прарваўся на цэнтральныя вуліцы Мінска ў ліпені 44-га. Як тут не ўзгадаць і камандзіра Тацынскага танкавага корпуса Аляксея Бурдзейнага, якому было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза за ўдзел у Беларускай наступальнай аперацыі. Дарэчы, менавіта ён запаліў Вечны агонь ля манумента Перамогі ў Мінску 3 ліпеня 1961 года.
Праз некалькі гадоў, і таксама ў пачатку ліпеня, адбылося адкрыццё «Кургана Славы» пад Мінскам. Велічны пагорак, вышынёй 35 метраў, прыступкі, што вядуць на пляцоўку, якую вянчае скульптурная кампазіцыя з чатырох штыкоў, сімвалам франтоў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі.
Гісторыкі, даследчыкі тых цяпер далёкіх падзей чэрвеня-ліпеня 1944 года і дагэтуль знаходзяць новыя цікавыя факты і сведчанні тых гераічных дзён. Афіцэр запасу, былы дэсантнік 103-яй гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі Яўген Сылка займаецца вывучэннем Мінскай наступальнай аперацыі і Мінскага «катла». Яго пошукі і даследаванні сталі старонкамі кнігі «Вызваленне Мінска». Пра гэта ён расказаў нашай праграме. Яўген Мікалаевіч працягвае пошукі, працуе ў архівах, супрацоўнічае з пошукавымі атрадамі, марыць пра перавыданне кнігі, бо лічыць, што гэтыя старонкі ваеннай гісторыі яшчэ не поўнасцю даследаваны.
Што да мастацкіх твораў, хацелася б узгадаць вядомую карціну народнага мастака БССР Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года». Уявіце сабе, каб ажыццявіць сваю ідэю, ён стварыў звыш 220 асобных малюнкаў, дзясяткі эскізаў, каля 50 жывапісных эцюдаў. І ўсё дзеля таго, каб перадаць урачыстасць і веліч моманту вызвалення нашай сталіцы, а праз вобразы людзей, намаляваных з натуры, з кветкамі, усмешкамі, эмацыянальным узрушэннем – радасць і непаўторнасць таго ліпеньскага дня.
Галерэя вобразаў савецкіх людзей, адданых сваёй радзіме, гатовых ахвяраваць за яе свабоду і шчасце ўласным жыццём і ў рамане народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа «Мінскі напрамак». Над гэтым творам, у якім расказваецца пра вызваленчую барацьбу ў Беларусі і аперацыю «Баграціён», пісьменнік працаваў на працягу шасці гадоў. Іван Паўлавіч зазначаў, што кніга памятная яму і таму, што «толькі з яе выхадам адчуў сябе пісьменнікам».
І яшчэ. У самым цэнтры нашай сталіцы, каля будынка Дома афіцэраў, на
пастаменце ўзвышаецца танк Т-34-85 з белай стралой на башні, адметным
знакам Тацынскага корпуса. Гэты помнік – даніна памяці і пашаны ўсім,
хто вызваляў нашу сталіцу і краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Са
святам вас!