Падзяліцца:
"Звычайныя гісторыі. Ліпеньскае свята: роздум ля знаёмай карціны..." - Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.07.2020
"Звычайныя гісторыі. Ліпеньскае свята: роздум ля знаёмай карціны..." - Радыёблог Валянціны Стэльмах Канешне ж, многія з вас ведаюць карціну народнага мастака БССР Валянціна Волкава «Мінск. 3 ліпеня 1944 года». Уявіце сабе, каб ажыццявіць сваю мастацкую ідэю, ён стварыў звыш 220 асобных малюнкаў, дзясяткі эскізаў, каля 50 жывапісных эцюдаў. І ўсё дзеля таго, каб перадаць урачыстасць і веліч моманту вызвалення нашай сталіцы, а праз вобразы людзей, намаляваных з натуры, з кветкамі, усмешкамі, эмацыянальным узрушэннем – радасць і непаўторнасць таго ліпеньскага дня. Амаль што 10 гадоў мастак Валянцін Волкаў ствараў гэтае манументальнае палатно памерам два з паловай на пяць метраў. 

І ў карціны, і ў яе герояў нямала звычайных і нават незвычайных гісторый! Даводзілася чытаць пра тое, што захаваліся нават імёны вайскоўцаў, увасобленых на гэтым палатне. Якраз у тую ліпеньскую раніцу ў Мінск увайшлі танкісты 2-га гвардзейскага танкавага Тацынскага корпуса. Яны і прынеслі доўгачаканае вызваленне. Гэта быў чарговы этап Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», адной з буйнейшых у гісторыі Другой сусветнай вайны!

28-гадовы палкоўнік Алег Лосік быў камандзірам адной з танкавых брыгад Тацынскага корпуса. Пазней стане Маршалам бранятанкавых войскаў, Героем Савецкага Саюза, ганаровым грамадзянінам горада Мінска. Алег Аляксандравіч некалі прыязджаў да нас на ліпеньскае свята. Мы сустракаліся з ім. Затрымліваючы позірк на карціне, думаю пра тое, што і ён мае поўнае права быць сярод яе герояў. Як і вайсковы фельчар Ігнацій Антонаў, які падчас баёў пры вызваленні нашай сталіцы замяніў раненага камандзіра танка. Памятаю, мы заўсёды захапляліся яго расповедамі пра кожны метр руху па мінскіх вуліцах, па мосце праз Свіслач. І пра мінчан, якія выходзілі з дамоў і падвалаў сустракаць сваіх вызваліцеляў. Ігнацій Пятровіч усё сваё далейшае жыццё прысвяціў медыцыне, многія ведалі яго як знакамітага нейрахірурга.

На манументальным палатне нямала жаночых вобразаў. Тых, якія чакалі і верылі. Пра іх і вы, паважаныя слухачы, распавядаеце ў сваіх лістах. Жыццёвыя гісторыі той ці іншай сям’і, дзе і фронт, і акупацыя (у тым жа Мінску), і нялёгкае партызанскае жыццё. Шмат такіх успамінаў мы атрымліваем у такія вось знакавыя для нашай краіны дні і святы. 

«У вайну мы жылі ў вёсцы Чырвоны Вугал Уздзенскага раёна. У сям’і было сямёра дзяцей. Не ўсе дажылі да вызвалення і Перамогі», – радкі з ліста ад Аляксандры Пятроўны Шостак. І далей пра тое, як жыхары дзвюх суседніх вёсак хаваліся ад бамбёжак у лясных зямлянках, у балоце. І як яна, маленькая, плакала, а дарослыя прасілі-малілі замаўчаць. І пра маму, якая пазней стала сувязной партызанскага атрада брыгады імя Варанянскага: насіла паведамленні ў Негарэлае, хаваючы запіскі ў сваёй тоўстай касе. Яна і цяпер магла б пазнаць тыя яміны, дзе некалі былі зямлянкі.

«Мой тата Фёдар Георгіевіч Хрытанкоў ваяваў на пяці франтах, вызваляў краіны Еўропы. Перада мною кранутая часам яго чырвонаармейская кніжка, назвы часці, палка. Ён – камандзір аддзялення артылерыйскай разведкі. Выжыў, мне думаецца, таму, што быў вопытным і абучаным байцом». Любоў Вараб’ёва. Горад Свіслач.

«Ужо некалькі дзён жывём на возеры, у лазняку, у буданах. Неяк з’яўляецца мама і яшчэ некалькі жанчын. Бягуць і клічуць нас: «Дзетачкі! Ідзём дадому! Няма немцаў. Нашы прыйшлі! Нашы! Мама, бабуля і іншыя жанкі плачуць, выціраюць слёзы». Сцяпан Нефідовіч. Аграгарадок Любань.

Слёзы радасці і на тварах герояў карціны Валянціна Волкава. Яму, дарэчы, пазіравалі жыхары раёна цяперашніх вуліц Якуба Коласа, Багдана Хмяльніцкага, Дарашэвіча, Някрасава ды іншых, а таксама яго родныя, сваякі. Рэальныя людзі, аднак, ва ўсім – абагульненні і ўсеагульная радасць вызвалення. «У гэтай карціне я хацеў перадаць усю любоў і гарачую падзяку гераічнай арміі, якая выратавала ад немінучай гібелі ўсё насельніцтва Мінска, у тым ліку і маё ўласнае жыццё, і якая вызваліла не толькі Беларусь, але і Еўропу», – напіша мастак у сваёй аўтабіяграфіі.

І яшчэ. Ёсць звесткі і пра тое, што адзін з асноўных персанажаў карціны «Мінск. 3 ліпеня 1944 года», камандзір танка Аляксей Комлеў пазіраваў мастаку з букетам у руках, але ж намаляваны з аўтаматам. Аўтар вырашыў, што так больш правільна. Наперадзе ж былі яшчэ баі за вызваленне Гродна і Брэста, іншых беларускіх гарадоў і вёсак ды, лішне казаць, паў-Еўропы, што па-пластунску пракрочылі франтавікі, як пяецца ў песні. 

Канешне ж, палатно манументальнае, велічнае, урачыстае. Адгалоскі часу. Але ж варта толькі спыніць позірк на тым ці іншым сюжэце, дэталі, і столькі простых жыццёвых гісторый адкрываецца! І ў кожнага – свая. Мяркую, вам таксама ёсць пра што ўзгадаць. Падзяліцеся і з намі. І са святам вас!
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: