Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Любіць і адкрываць Беларусь...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.02.2020
«Звычайныя гісторыі. Любіць і адкрываць Беларусь...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Магчыма, вы і не звярнулі асаблівай увагі на тое, што якраз 7 лютага, толькі 1926 года, у Мінску прайшоў першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. Ён вызначыў прыярытэты па вывучэнні (цытую) «беларускай мовы, аховы помнікаў гісторыі і культуры, захаванасць мясцовых архіваў, прыродазнаўчых даследаванняў» і іншае.

Але ж якраз гэта і натхніла мяне паразважаць пра краязнаўства, у аснове якога ляжыць перш за ўсё любоў да Бацькаўшчыны, роднага краю, яго знакавых мясцін. І да людзей, бо гэта ж таксама яго гонар і слава.

«Краязнаўства – гэта комплекснае навукова-даследчае і папулярызатарскае вывучэнне пэўнай тэрыторыі і накапленне ведаў пра яе»,– вось так, калі коратка, вызначаюць навукоўцы гэтую галіну ведаў. І адразу ж чамусьці ўзгадваецца самабытная энцыклапедыя нашага краю «Зялёны лісток на планеце Зямля», у якой пісьменнік Янка Сіпакоў распавядае пра нашу зямлю, людзей, нашу мову і нашы хаты, лясы, рэкі, азёры, пра нашы святыні, сімвалы, святы!.. Пра ўсё НАША. Краязнаўства – жыватворная глеба, на якой узыходзіць і прарастае наша любоў да сям’і, роднай хаты, вуліцы, вёскі, невялічкага мястэчка, пасёлка ці горада.

Пра гэта і вашы самыя кранальныя і шчырыя гісторыі. Пра сваю малую радзіму і яе куточкі любяць распавядаць Валянціна Сачык з Мінска (пра вёску Нізок Уздзенскага раёна), Галіна Крупянкова, таксама мінчанка, раней жыхарка вёскі Юраўка Магілёўскай вобласці, Меляшкевічы з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна – Соф’я Аляксандраўна і Вячаслаў Адамавіч, Гелена Альбінаўна Грынько, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы Васіліны на Віцебшчыне, і многія іншыя.

«Нібы зоркі на небе, на зямлі нашай вёсачкі свецяцца», – заўважае Святлана Аліхвер з Пастаўскага раёна. Яна даслала вершы і «фота з узвышша», з Карнілінай гары, расказала пра гісторыю Вымна, вёскі свайго маленства, пра ваколіцы і азёры роднага краю, які ведае і любіць.

Журналістку з Лунінца Брэсцкай вобласці Таццяну Канапацкую ведаюць і як нястомнага краязнаўцу. Яна прымала ўдзел у складанні раённай кнігі «Памяць». Выйшла з друку і серыя ўласных выданняў «Лунінецкая памяць» – гэта яе «радзімазнаўства», даніна памяці продкам, знак удзячнасці і павагі да землякоў. 15 гадоў таму Таццяна Васільеўна наладзіла пабрацімскія сувязі з невялікім гарадком Палескам, што ў Калінінградскай вобласці. І цяпер, як яна кажа, «народная дыпламатыя» – бібліятэкары, настаўнікі, пісьменнікі – абменьваюцца дэлегацыямі. Ладзяцца сустрэчы, адбываюцца знаёмствы са славутымі мясцінамі Беларусі, з цікавымі знаходкамі і кнігамі пра вядомых асоб. Герой Савецкага Саюза Сяргей Давыдаў прымаў удзел у вызваленні Палеска, служыў у Беларусі, пахаваны ў Лунінцы: цікавы факт, які, дарэчы, адшукала Таццяна Канапацкая. Вось як пераплятаюцца гарады, людзі і лёсы.

З дзясятак гадоў таму пачаў свае вандроўкі па родным краі мастак і фатограф Уладзімір Цвірка. Хутка з’явіўся яго праект пад назвай «150 залатых маршрутаў маёй Беларусі». Цяпер іх колькасць вырасла да 200, а то і больш! Яго цікавяць старадаўнія сядзібы і замкі, крыжы і камяні, крыніцы, хатачкі – з ганкамі, сенцамі, вокнамі, дахамі ды паддашкамі... І людзі! З іх вясковымі гісторыямі, легендамі і паданнямі. Свае здымкі Уладзімір Цвірка дапаўняе-«аздабляе» гаворкамі з бабулямі-дзядулямі. Прайсці, праехаць па яго маршрутах, ведаю, цяпер мара многіх, каго зачаравалі яго дасціпныя і шчымлівыя здымкі.

Не раз і вы, паважаныя радыёслухачы, падказвалі цікавыя адрасы школьных краязнаўчых музеяў. Даводзілася чытаць, што іх у нас каля 150! «Сувязь моладзі з матэрыяльнай і духоўнай спадчынай дапамагае ёй не толькі ацаніць мінулае і сённяшняе, але і пазнаць сябе ў жыцці, вызначыцца ў будучыні», – зазначае настаўнік Бездзежскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна Раман Чайкоўскі. У наваколлі вёскі Бездзеж нямала гістарычных мясцін: гэта і знак адной з кропак Дугі Струвэ, і мясцовая царква – помнік, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы, і адноўлены касцёл, і музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» з яго ўнікальнымі экспанатамі ткацтва і вышыўкі.

У кожнага з нас, напэўна, ёсць свая адметная і самая дарагая кропачка на гэтым «зялёным лісточку» планеты Зямля. Нават калі яна не пазначана на карце, носім яе ў сваім сэрцы. Цяпер жа мы маем «Вялікі гістарычны атлас Беларусі», у якім занатавана ўсё, што тычыцца гісторыі нашага краю. Больш чым дзесяць гадоў спатрэбілася вучоным, картографам, каб стварыць гэтае ўнікальнае выданне, удастоенае прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Сярод аўтарскага калектыву – і галоўны рэдактар РУП «Белкартаграфія» Галіна Ляхава. Дарэчы, заўтра раніцай, у 9-05, адбудзецца сустрэча з ёю ў праграме «Галерэя».

І яна, і многія нашы суразмоўцы не перастаюць сцвярджаць: ніколі не позна адкрываць сваю Беларусь. Бо кожнае такое адкрыццё, кожная краязнаўчая звестка – гэта новыя веды і пачуцці, любоў і захапленне, гэта крок да сябе і Радзімы.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: