Прывітанне, шаноўныя слухачы!
Пачну з адной тэлефоннай размовы. «Вось вы распавядаеце пра вядомыя мясціны Беларусі, яны – нашы сімвалы, іх ведаем і мы, і тыя, хто да нас прыязджаюць. А ёсць жа найцікавейшыя куточкі, пра якія менш гаворыцца, а яны ж – таксама наша гісторыя, звязаная з далёкай мінуўшчынай».
Згодная з нашай слухачкай. Хаця, як вы маглі заўважыць, мы стараемся зазіраць у самыя розныя куточкі нашай сінявокай Беларусі. І з любоўю пра іх расказваць.
«Вакол вёсачкі Асмолаўка, дзе я нарадзілася і вырасла, смаляны сасновы лес, – піша Тамара Мікалаеўна Хрушчова з аграгарадка Цяхцін Бялыніцкага раёна. – Падчас вайны вёска стала своеасаблівай сувязной. Да нас часта наведваліся партызаны, ім дапамагалі мясцовыя жыхары, і мой тата таксама». І далей у лісце пра тое, як аднойчы наляцелі карнікі і спалілі Асмолаўку. Адбудавалася яна пасля вайны. З пашанай і любоўю да сваіх землякоў распавядаецца ў лісце і пра тое, што тут некалі жылі выдатныя майстры: шапавалы, швачкі, бондары, краўцы.
Наша пастаянная слухачка з Мінска Галіна Сцяпанаўна Крупянкова часта ўспамінае сваю родную вёсачку Юраўку. Ёй сніцца невялічкая рэчка Касіна, поплаў і кветкі, сад з духмянымі антонаўкамі. «Усё цяжэй сабрацца і паехаць на радзіму, – заўважае яна, – але аднойчы мне прысніўся наш сад, я хадзіла паміж дрэвамі, любавалася!.. Раніцай прачнулася з цудоўным настроем, а праз нейкі час мне ўсё ж пашчасціла з’ездзіць на радзіму».
Ля мястэчка Грэск археолагі выявілі ўмацаванае гарадзішча, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Упершыню Грэск узгадваецца ў пісьмовых крыніцах у пачатку XV стагоддзя. Валадарылі ім каралева Бона Сфорца, Марцін Валатковіч, магнаты Радзівілы. Кажуць, што адзін з нашчадкаў прыплыў у тыя мясціны з Нясвіжа на лодцы. Палеская нізіна, залітая вадой, падступала да самых слуцкіх узвышшаў. І да Грэска таксама. Старажытнагрэчаскі гісторык Герадот, паводле падання, вандруючы тут, назваў тыя мясціны морам. Адсюль, напэўна, і пайшоў выраз – «мора Герадота».
Леанід Русакевіч родам з вёскі Маяк. «Памятаю, – кажа Леанід Мікалаевіч, – калі вучыўся ў сталіцы, вельмі цягнула дадому. Пасля вучобы вырашыў застацца, і больш чым 10 гадоў працаваў у мясцовым калгасе. Пасля меліярацыі зямля ў нашым краі стала прыдатнай для вырошчвання сельскагаспадарчых культур». І далей мой суразмоўца падзяліўся некаторымі легендамі і нават таямнічымі гісторыямі, якімі багатыя яго родныя мясціны. Пра камень, на якім адпачываў Бог. На ім нават след застаўся: Бог абапёрся на яго локцем. З таго часу валун сталі называць Святым. Людзі прыходзілі пакланіцца, памаліцца, пазбавіцца ад хвароб. А яшчэ ці то з жартам, ці то ўсур’ёз Леанід Мікалаевіч распавёў мясцовую гісторыю пра тое, як аднойчы ў Дзюдзева (раней так называлася вёска Маяк) завітаў на вечарыну Янка Купала?!. Нават верш пра гэта напісаў. Пакуль што не правераны факт з жыцця і творчасці нашага славутага класіка. Сёлета 140 год з дня яго нараджэння, таму даследчыкі Купалавай спадчыны, напэўна, зацікавяцца і гэтай гісторыяй.
Як мы не раз заўважалі, адкрываць Беларусь можна бясконца! Яе рэкі, азёры, крыніцы, лясы. Святыні, сімвалы, святы! Яе зямлю і людзей! Часам нават тое ці іншае прозвішча прымушае захапіцца, узганарыцца выдатнай асобай з мінуўшчыны, а значыць і сваёй зямлёй.
Ніколі не позна адкрываць Беларусь. Кожная сустрэча з яе гісторыяй, даўніной, прыроднымі багаццямі і ўнікальнасцю – гэта новыя веды і пачуцці, любоў і захапленне. Гэта крок да сябе і Радзімы.