Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Любіць і адкрываць любімую Беларусь». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.05.2021
«Звычайныя гісторыі. Любіць і адкрываць любімую Беларусь». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

На парозе чэрвень, лета, пара вандровак. Збіраючыся ў чарговы адпачынак, мы прыкідваем, што пабачыць на гэты раз і куды зазірнуць? Тым больш і сёлета з-за пандэміі многія не плануюць пакідаць межы краіны.

А калі падумаць, дык і ў нас ёсць нямала найцікавейшых мясцін, якія варта паглядзець, пазнаёміцца з тымі гісторыямі і легендамі, што захоўваюць подых стагоддзяў. Знакамітыя і менш вядомыя, «раскручаныя» і тыя, пра якія нават чуеш упершыню.

Не раз і вы, паважаныя слухачы, падказвалі нам адрасы цікавых мясцін. У маім журналісцкім блакноце занатаваны Смаляны і Паставы, Залессе і Мосар, беларуская вёсачка Парыж. А яшчэ мелавыя кар’еры непадалёк ад Ваўкавыска, Блакітная крыніца каля Слаўгарада і многія-многія іншыя.

А што казаць пра Белавежскую ды Налібоцкую пушчы, Браслаўскія азёры, Сафійскі сабор у Полацку, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, сядзібу Агінскага ў Залессі – нашы «паўночныя Афіны», касцёл у Гервятах! Гэты пералік хочацца доўжыць і доўжыць.

Варта прайсціся па вуліцах нашых гарадоў і тым самым даведацца пра якую-небудзь найцікавейшую гісторыю. Як, напрыклад, вуліца Пакроўская ў Віцебску, на якой нарадзіўся сусветна вядомы Марк Шагал і дзе знаходзіцца дом-музей мастака. Гэта і Замкавая ў Гродне, і Леніна ў Магілёве і г. д. Зусім нядаўна даведалася пра ўнікальны лясны касцёл у Смаргонскім раёне. У тых жа мясцінах захаваўся і вадзяны млын 18 стагоддзя, што належыць аднаму з нашчадкаў, і які працуе і па сённяшні дзень. Ці ж не цуды! Іх можна сустрэць і пабачыць паўсюды.

Пра гэта вашы кранальныя і шчырыя гісторыі. Пра сваю малую радзіму і яе куточкі любяць распавядаць Валянціна Сачык і Галіна Крупянкова з Мінска, Рэгіна Норбертаўна Ластоўская з Пастаў, Аляксандр Матошка з Расонскага раёна, Гелена Альбінаўна Грынько, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы Васіліны на Віцебшчыне і многія іншыя.

Нашы слухачы падказалі і наступны адрас, які можна ўключыць у свае летнія вандроўкі – гэта Смаляны. Там можна пабачыць касцёл Дзевы Марыі, магілу Томаша Зана, драўляны млын ды самы маленькі каменны крыж, а таксама руіны замка «Белы Ковель». Смаляны некалі належалі магнатам Курбскім, Астрожскім, Сангушкам ды іншым уладальнікам.

Мястэчка Войстам Смаргонскага раёна. Там жыве наш даўні і добры знаёмы Мар’ян Антонавіч Дзевяцень. Неяк ён расказаў пра сваю кніжку, якую набраў на камп’ютары, нягледзячы на свой паважаны ўзрост. Гэта яго жыццёвыя гісторыі, апавяданні. Яго прызнанне і любоў да роднага краю. Мястэчка сапраўды мае сваю даўнюю і найцікавейшую гісторыю. Непадалёку гарадзішча і старое капішча, касцёл, заснаваны яшчэ ў ХV стагоддзі Вайдылам і Ядалговічамі.

Узгадваю зараз і сустрэчу з Наталляй Бінкевіч з Целяхан Іванаўскага раёна. З якім захапленнем распавядала яна пра славутасці гэтага невялікага палескага гарадка! Некалі тут быў палац Агінскіх, уладарылі магнаты Вішнявецкія і Пуслоўскія. Заснавана фаянсавая мануфактура, паравы млын і бровар, гута. Асабліва ганарацца тут целяханскім бічаўніком: некалі ўздоўж воднага шляху была сухапутная дарога, якая выкарыстоўвалася для буксіроўкі суднаў і плытоў. Цяпер штогод, у сярэдзіне ліпеня, на свята «Целяханскі бічаўнік» збіраюцца землякі і шматлікія госці.

У сваіх лістах вы ўзгадваеце мясціны маленства, сваю малую радзіму. Столькі цікавых і рэдкіх назваў, за якімі такія ж захапляльныя гісторыі. Марыя Корзун са Слуцка распавядае пра сем цудаў роднага горада: помнік драўлянага дойлідства Свята-Міхайлаўскі сабор, краязнаўчы музей у былым Доме дваранскага сходу, помнікі Сафіі Слуцкай, Анастасіі Слуцкай ды іншыя славутасці. Мастак, фотааматар, няўрымслівы вандроўнік Станіслаў Абара з Мінска любіць пухавіцкую зямлю і вёску Каробавічы. Адтуль яго карані. Ён шмат вандруе, яго душа захапляецца возерам Шо ў Глыбоцкім раёне і масточкамі на Лагойшчыне, мястэчкам Празарокі, сцяжынамі, па якіх некалі хадзілі Язэп Драздовіч, Ігнат Буйніцкі, Васіль Быкаў ды іншыя.

А колькі на нашай зямлі таямнічых замкаў, сядзіб, манастыроў ды храмаў, вёсак з унікальнымі назвамі і сваім незвычайным каларытам. Колькі мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых пісьменнікаў, мастакоў, вучоных. Ёсць і запаветныя куточкі некранутай прыроды. Так што кожны можа скласці ўласны маршрут, каб убачыць сваю «бясконца чароўную Беларусь».

Ну, а пра тое, што вас асабліва ўразіла падчас летніх вандровак, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё. Давайце разам адкрываць Беларусь, захапляцца яе прыгажосцью і аддана любіць!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: