Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Мама, маці, матуля...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.10.2020
«Звычайныя гісторыі. Мама, маці, матуля...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Кастрычнік. Пакроў. Дзень і тыдзень Маці... Тут столькі ўсяго знітавана – успамінаў, роздумаў, пачуццяў! Тут столькі цяпла і пяшчоты, прызнання і ўдзячнасці! І шчымлівага болю ды запозненага раскайвання ў нечым незваротным.

Пра гэта і ў вашых лістах, радкі з якіх мы сёння ўзгадаем.

«Маці – гэта дом, адкуль мы выйшлі», – чытаем ліст ад Ларысы Пятроўны Жлобіч з Мінска. Яна расказвае пра сваё дзяцінства, бацькоў-настаўнікаў. Вельмі ўдзячная ім за выхаванне, урокі жыцця, за тое, што яны, тры сястры, выраслі годнымі людзьмі. Ёсць радкі і пра матулю: «Мая мамачка не цуралася ніякай працы. Пазней, калі ў нас з’явіўся дом, кавалачак зямлі, шчыравала на ім. Дрэвы саджала на школьным участку, вяла самадзейнасць, спявала-танцавала з дзецьмі, дзялілася жыццёвай мудрасцю і вопытам. Думкі перапаўняюць цябе, але ж пра ўсё не раскажаш».

«Колькі разоў пераконваўся ў тым, як своечасова і дзейсна мама можа падтрымаць, – дзеліцца з намі Аляксандр Збарэўскі з Мядзела, – яна верыць у нас нават тады, калі мы самі ўжо не верым ва ўласны поспех. Яна заўсёды гатова, нібыта ў маленстве, дзяліць з намі ўвесь боль і клопаты нашага дарослага жыцця, умее падтрымаць і тады, калі нас разлучаюць нават вялікія адлегласці».

Нашы суразмоўцы, удзельнікі праграмы «Галерэя», з асаблівымі пачуццямі распавядаюць пра сваіх матуль. Уразіла сустрэча са шматдзетнай маці Наталляй Халімончык з Мінска. Сама яна нарадзілася і вырасла ў шматдзетнай сям’і. Яе матуля тройчы нараджала двайнят. Незвычайная і шчаслівая рэдкасць! Яна і дагэтуль не ўмее казаць «мая мама», бо лічыць, больш дакладна – «наша мама». У самой Наталлі Пятроўны пяцёра сыноў. Акрамя ордэна Маці, узнагароджана медалём Ефрасінні Полацкай. Ім адзначаюцца заслугі мацярок, якія вызначыліся ў выхаванні дзяцей. «Так многа сказана пра шчасце мацярынства! Не раз і я разважала пра гэта, спрабавала знайсці самыя важныя словы. Яго, гэтае шчасце, можна толькі адчуваць. Душою, сэрцам, позіркам!..» – лічыць Наталля.

Вельмі кранальныя і шчымлівыя аповеды пра нашых мацярок, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ратавалі ад смерці, голаду і холаду сваіх дзяцей, гадавалі, выхоўвалі адны, без мужоў, бо тыя не вярнуліся з фронту. Гэты мацярынскі подзвіг навечна ўвайшоў у нашу памяць. У вядомага паэта Міколы Мятліцкага ёсць... спіс удоў роднай вёскі Бабчын, што на Гомельшчыне. Яго вершаваныя радкі пра Іваніху, Аўдзеіху, Пеціху ды іншых нельга чытаць без хвалявання. Кожны такі расповед яму «горкім болем баліць».

Пра матулю і ў лісце ад Тамары Львоўны Семіглазавай. Ёй было ўсяго два месяцы, як пачалася вайна, старэйшай сястрычцы два гады. Яе маму арыштавалі ў кастрычніку 1943 года за сувязь з партызанамі. Прайшла праз канцлагеры. «Сустрэліся мы з мамай пасля вызвалення Баранавічаў. Яна забрала нас з дзіцячага дома, – піша аўтар, – нас тады было не пазнаць. Фашысты бралі кроў у дзяцей... Зняможаныя, ледзь жывыя. Такімі нас убачыла мама». І такія гісторыі нашы слухачы дасылаюць дагэтуль. Бо той боль не праходзіць ні з гадамі, ні з дзесяцігоддзямі.

«Раней так многа хацелася сказаць сваёй матулі... Ды нешта ўсё перашкаджала, – радкі з ліста ад Антаніны Пятроўны з Гродзенскай вобласці, – Цяпер матулі няма. Толькі ў думках магу прашаптаць «Даруй мне за ўсё...»

Такае ж запозненнае прызнанне матулі і ў радках ад Кацярыны Фярковіч з вёскі Пузавічы Браслаўскага раёна. Яна прыгадала адну жыццёвую гісторыю, калі дачка аддала перавагу кар’еры, не знаходзіла часу, каб зазірнуць да маці, абняць яе, пагаварыць. Мамы не стала. Засталося пачуццё віны, якое наўрад ці зможа вылечыць час. Аўтар гэтай гісторыі нагадвае пра тое, як важна своечасова прыязджаць да бацькоў.

Што і казаць, самы родны і дарагі на свеце чалавек – матуля! Яна заўжды з намі. І калі нам добра. І калі нам дрэнна. Для мацярынскай любові няма ніякіх перашкод і межаў. І для яе мы заўсёды дзеці, колькі б гадоў нам ні было.

У паэта Сяргея Грахоўскага ёсць своеасаблівая малітва ў гонар Маці. Я часта яе ўзгадваю, асабліва ў гэтыя кастрычніцкія дні: «Ніхто цябе так не шкадуе і не любіць, як мама. Ніхто так горка і ціха не тужыць па табе ў адзіноце, як маці. Ніхто так не ўмее чакаць, як яна. Ніхто, як маці, не радуецца нават самым маленькім радасцям дзяцей сваіх. Ніхто так, як маці, не ўмее цярпець і дараваць. Цярпець і дараваць».

Калі і ў вас ёсць жаданне зрабіць прызнанне матулям, прыгадаць сваю гісторыю і падзяліцца з намі, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: