Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Мастацтва быць жанчынай». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.03.2021
«Звычайныя гісторыі. Мастацтва быць жанчынай». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Напярэдадні сакавіцкага свята хачу прыгадаць радкі з вашых лістоў (і не толькі) менавіта пра мастацтва ці боскае дараванне – быць жанчынай. Што да высноў навукоўцаў, дык тут цэлая філасофія і мноства меркаванняў! Не варта думаць, сцвярджаюць адны, што падобныя здольнасці закладзены з нараджэння, а гэта вынік карпатлівай працы і жыццёвага вопыту. Ну, а тое, што жанчына – вечная таямніца і загадка, дзіўнае стварэнне прыроды – з гэтым згодныя многія, асабліва мужчыны.

Зазірнём у гісторыю. Сярод знакамітых імён нашай мінуўшчыны нямала жанчын, якія нараўне з прадстаўнікамі моцнага полу ўплывалі на ход гістарычных падзей. Яны займаліся асветніцкай працай, рэфарматарствам, навукай, медыцынай, тэатрам і г.д. Сярод іх – свабодалюбівая полацкая князёўна Рагнеда, асветніца і ахоўніца зямлі беларускай Ефрасіння Полацкая, святая Соф’я Слуцкая, нясвіжская княгіня, першая жанчына-драматург у Вялікім Княстве Літоўскім Францішка Уршуля Радзівіл, каралева Барбара Радзівіл, авантурная спадарожніца, лекарка і асветніца Саламея Русецкая-Пільштынова і многія іншыя. Найцікавейшыя «жаночыя сцежкі» гісторыі!

«Жанчына, як і сама прырода, з глыбокай старажытнасці разумелася як важнейшы творчы пачатак Сусвету, – зазначае фалькларыст, доктар філалагічных навук Ірына Валер’еўна Казакова ў даследчым артыкуле «Вобраз жанчыны ў беларускай традыцыйнай культуры». Я, дарэчы, памятаю яе цікавыя расповеды падчас сустрэч тут, у студыі Дома радыё. І пра тое, што ўвасабляе вобраз Маці, як абагаўленне самой Зямлі. Большасць даследчыкаў (міфолагаў, фалькларыстаў, этнакультуролагаў) пагаджаюцца з тым, што першапачатковае Бажаство было менавіта жаночым! Гэты культ паступова набывае рысы культу Зямлі і ўрадлівасці, пра гэта сведчаць і шматлікія вобразы ў беларускім фальклоры.

Але ж, нарэшце, да вашых лістоў! У іх – пра любімых бабуль і матуль, настаўніц. Ёсць гісторыі, якія хочацца перачытваць, бо ў іх столькі цяпла і любові, шчырасці і ўдзячнасці.

Знаёмы адрас на канверце – вёска Заверша Драгічынскага раёна. Алена Іванаўна Шышко піша пра тое, як яны віншавалі з сакавіцкім святам настаўніцу пачатковых класаў Любоў Паўлаўну Новік. Паштоўкі з пажаданнямі ад вучняў перавязвалі спецыяльнай стужачкай, усё гэта затым скручвалася ў выглядзе кветачкі. Усім класам выбіралі хлопчыка, які ўручаў настаўніцы гэты «пакуначак». Вельмі пахвальна, што яна і дагэтуль памятае прозвішча сваёй любімай настаўніцы, хаця гэта было ў сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Мне запомнілася гісторыя пра сустрэчу ў вясковым клубе і паркалёвую сукенку. Пра яе нам расказала Вера Васільеўна Рудзянкова з аграгарадка Красная Буда Крычаўскага раёна. Яна, тады дзевятнаццацігадовая дзяўчына, тэхнік-лесавод, прыехала па размеркаванні ў аддаленую палескую вёсачку. Ніяк не магла прызвычаіцца да новай мясціны, да людзей. Аднойчы знаёмая выцягнула яе на танцы. Вера апранула прыгожую сукенку, туфлікі на абцасіках. Яе запрасіў на танец настаўнік мясцовай школы. З таго вечара яны больш не расставаліся. На працягу 54 гадоў.

Жанчыне важна кахаць і быць каханай! Пра гэта можна гаварыць бясконца. Захапляцца вашымі звычайнымі і незвычайнымі гісторыямі. Памятаю неяк даўней атрымала споведзь на маленькім кавалачку паперы. Старэчы почырк, сціпласць у кожным слове, а за імі – успаміны пра першае каханне, якое жыве з жанчынай да глыбокай старасці. Ці, скажам, уразіў ліст ад Мікалая Аляксеевіча Млынчыка, у якім ён распавядае пра сустрэчу з любімай жонкай і тое, як яны пабраліся шлюбам, пражылі ў згодзе ды каханні 24 гады і як не стала яго Лідачкі, і як змяніўся свет пасля таго сакавіцкага дня. Нельга без хвалявання чытаць і ліст, падпісаны «проста Марыя», у якім пра пісьмы з маладосці, якія яна беражліва захоўвае і спадзяецца на сустрэчу. А якія кранальныя радкі пра матулю (не буду пералічваць аўтараў, іх шмат), пра тое, што «два сонцы ёсць, адно нам свеціць з неба, другое – грэе на зямлі».

Вось такія роздумы напрадвесні. Жанчына і сапраўды дзіўнае, непаўторнае, а часам і незразумелае (так лічаць мужчыны) стварэнне прыроды. Яе таямніца і загадкавасць – у вачах і ва ўсмешцы, у тым, як яна рухаецца і ў што апранаецца. І чым яна дапаўняе сваё мастацтва быць жанчынай. Сусветна вядомы мадэльер Како Шанэль заўважала: «Узрост для жанчыны – не самае галоўнае, можна быць чароўнай у 20 гадоў, непаўторнай у 40 і заставацца абаяльнай і прывабнай да канца дзён сваіх». Ці вось гэтае яе выказванне: «Калі вы клапоціцеся аб сваёй прыгажосці, пачніце з сэрца і душы, інакш ніякая касметыка не дапаможа». Мне здаецца, варта часцей зазіраць у цытатнік Како Шанэль ды іншых знакамітасцей, якія ведаюць і жывуць па законах таго самага мастацтва, якое робіць жанчыну прыгожай і непаўторнай.

З надыходзячым сакавіцкім святам, паважаныя нашы слухачкі! Пішыце. Званіце. Будзем разам!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: