Так многа хочацца сказаць вам сёння! У Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. І хаця падзея звязана з вынаходствам знакамітага рускага фізіка Аляксандра Папова, які якраз у гэты дзень, 7 мая, прадэманстраваў першую ў свеце бесправадную прыёмна-перадаючую радыёсістэму, усё ж і мы, радыёжурналісты, маем адносіны да гэтага свята.
Змяняюцца пакаленні слухачоў і тых, хто працуе тут, на Чырвонай, 4, а пазыўныя радыё па-ранейшаму з вамі. Як і ўдзельнікі нашых шматлікіх радыёпраектаў, гасцей і аўтараў пісьмаў, у тым ліку звычайных і незвычайных гісторый.
Мінае час, і некалі аператыўныя і нават эксклюзіўныя інтэрв’ю набываюць статус неацэнных архіўных дакументаў, становяцца старонкамі гісторыі Беларускага радыё, якое праз некалькі гадоў адзначыць сваё 100-годдзе!
За гады працы на радыё ў мяне таксама было шмат цікавых камандзіровак, незабыўных сустрэч, запісаў і інтэрв’ю.
Ну а сёння, напярэдадні свята Перамогі, хочацца ўзгадаць пра ўдзельнікаў радыёпраграмы «Эпізоды Вялікай вайны». Гэты праект выходзіў і пад іншымі назвамі. Гучыць у эфіры вось ужо на працягу 40 гадоў! Гэта своеасаблівы радыёлетапіс вогненных 40-х. Лёсы людзей на вайне, іх гісторыі не могуць не хваляваць. Асабліва лёсы жанчын, якім выпала столькі пакут і выпрабаванняў. Пагартаем старонкі тых няпростых гісторый.
Памятаю год 2005. Краіна адзначала 60-годдзе Вялікай Перамогі. Зінаіда Васільеўна Корж, былы санінструктар кавалерыйскага корпуса, дачка знакамітага партызанскага камандзіра Васіля Каржа ўзначальвала на той час Камітэт жанчын-ўдзельніц Вялікай Айчыннай вайны. Мы з ёй шмат супрацоўнічалі. Яна падарыла сваю кнігу «Шли девчонки по войне», якую я беражліва захоўваю. У ёй – 275 партрэтаў жанчын-удзельніц вайны. З некаторымі з іх была асабіста знаёмая, запісвала ўспаміны, якія гучалі па радыё.
Як тут не ўзгадаць пра Еву Мікітаўну Лебедзеву. Ваявала на Ленінградскім фронце. Шафёрам! Дастаўляла снарады і гаручае да танкаў. Пасля кантузіі і шпіталя яе накіравалі на завод па рамонце разбітай тэхнікі. Але і там яна не развітвалася са сваёй «палутаркай».
Ці Лідзія Кандрацьеўна Волкава, медсястра асобнага хірургічнага мабільнага атрада на Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Беларускім ды іншых франтах. У палявых умовах шпіталь разгортвалі за лічаны час, звычайна на перадавой. Як яна магла, невысокага росту, хударлявая дзяўчынка, выцягваць раненых з поля бою і гадзінамі стаяць каля аперацыйнага стала?! У пачатку вайны ёй споўнілася 17 гадоў.
Сярод жанчын былі і снайперы. З Марыяй Іванаўнай Марозавай-Іванушкінай я таксама у свой час сустракалася, глядзела на яе, як на цуд. Дзяўчына-снайпер! Трапіла яна на Заходні фронт. Стаяла ў абароне пад Оршай, прымала ўдзел у вызваленні Беларусі. 75 забітых гітлераўцаў на асабістым рахунку. Апошняга (гэта быў афіцэр) Маша Марозава “зняла” з даху высотнага дома ў Празе. Памятаю, з якім болем расказвала яна і пра свайго тату, што не вярнуўся з вайны, загінуў на Курскай Дузе.
Памятаю і Валянціну Васільеўну Шчарбатаву. Служыла ў палку сувязі. Прайшла з вызваленчымі баямі праз Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці. Гэта яны, дзяўчаты-сувязісткі, першымі накіравалі радыётэлеграму ў Маскву пра тое, што савецкія войскі ў Берліне. І было гэта 4 мая 1945 года!
Не магу не ўзгадаць і пра Марыю Міхайлаўну Фёдараву – партызанку атрада «Штурм» знакамітай брыгады «Штурмавая». Мы не раз з ёй сустракаліся – у яе дома, у савеце ветэранаў раёна, дзе яна жыла, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Ёй было ўжо за 90, а яна старалася трымацца: заўсёды па-святочнаму апранутая, з прычоскай. Добразычлівая, усмешлівая, з многімі сябравала. Яна была сапраўднай аптымісткай і вялікім жыццялюбам.
Франтавыя дарогі Таісы Андрэеўны Шомадзі прайшлі і праз беларускае Палессе. Служыла ў гвардзейскім кавалерыйскім палку 2-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса, на Заходнім, Бранскім і 1-ым Беларускім франтах. Восенню 1944 года ў баях за вёску Бяседкі, непадалёку ад Мазыра, разам з сяброўкай Вольгай Бяловай замянілі загінуўшых санінструктараў. 9 мая 1945 года са сваімі аднапалчанамі пабывала ў звергнутым Берліне. Сфатаграфаваліся ля Брандэнбургскіх варот ды іншых месцаў. Яны з мужам пакінулі свае аўтографы на адной з калон рэйхстага.
І кожная такая сустрэча – гэта штосьці незабыўнае і вельмі кранальнае. Як напісала некалі Юлія Друніна, а, дарэчы, мае гераіні часта яе цытавалі:
«Худенькой нескладной недотрогой
Я пришла в окопные края,
И была застенчивой и строгой
Полковая молодость моя».
І яшчэ. Чарговы выпуск праграмы «Эпізоды вялікай вайны» выйдзе ў эфір 9 мая ў 16 гадзін.