Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Музыка – гэта мова душы». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 30.09.2022
«Звычайныя гісторыі. Музыка – гэта мова душы». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Заўтра – Міжнародны дзень музыкі. Не раз даводзілася чуць: музыка – гэта мова душы, «універсальная мова чалавецтва», яна дае адчуванне шчасця, дорыць чалавеку крылы, натхняе, злучае людзей і нават цэлыя народы. І што, наогул, без музыкі жыццё было б памылкай! А яшчэ пераканалася – распавядаць пра тое, што ёсць музыка ў нашым жыцці, вельмі няпроста, бо немагчыма абняць неабдымнае. Столькі неверагодна яркіх эмоцый і пачуццяў выклікае яна.

Можна прыгадаць нямала гісторый і ад нашых слухачоў, калі тая ці іншая музыка стала лёсавызначальнай, пакінула асаблівы след: яна знаёміла, дарыла каханне, засталася ў душы назаўсёды. Памятаю зусім кароценькую гісторыю ад Алены Пятроўны з Мінска (прозвішча не пазначана). «У пачатку 80-х, я, 20-гадовая студэнтка медвучылішча, вярталася з Оршы ў Мінск. Побач з намі (ехалі з сястрой) сядзеў малады чалавек. Усю дарогу мы размаўлялі. Ён захоплена расказваў пра старыя пласцінкі, якія набыў, пра музыку, кампазітараў, пра Бетховена і яго «Месяцавую санату»!.. І далей пра тое, што з-за сціпласці ці яшчэ па нейкіх прычынах, яны не абмяняліся, як цяпер сказалі б, кантактамі. Мінула нямала гадоў, і калі жанчына чуе гэты твор, успамінае тую выпадковую сустрэчу, не можа сабе дараваць, што іх знаёмства не мела працягу. Ёй вельмі спадабаўся малады чалавек. Помніла яго ўсё жыццё.

Ці здольная музыка зрабіць нас шчаслівымі? На гэтае пытанне я папрасіла адказаць слухачоў і ўдзельнікаў радыёпраграмы «Галерэя».

«Музыка – гэта багіня эмоцый, каралева пачуццяў! Так многа можна музыкай сказаць! Я гэта не раз адчувала, калі падбірала яе да спектакляў, – дзеліцца з намі рэжысёр-пастаноўшчык Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка, – люблю класічную музыку ў сучасных апрацоўках, напрыклад, сімфарок. Апошнім часам з'яўляецца нямала сучасных інструментаў, якія здольны перадаць усю яе глыбіню і прыгажосць».

Музыка – асаблівы свет. Як ні дзіўна, пабудаваны ён на аснове матэматычных прынцыпаў, падпарадкоўваецца нават законам фізікі. Само слова прыйшло да нас са старажытнай Грэцыі, хаця сярод розных муз грэчаскай міфалогіі не было той, якая б апекавала мастацтва гуку.

Напэўна, і вы не раз лавілі сябе на думцы, што своеасаблівая музыка «гучыць» з… карцін славутых мастакоў, тым самым падкрэслівае іх дасканаласць, мастацкі сэнс і глыбіню.

Пра гэта (і не толькі) мы размаўлялі з вядомым фотамастаком Анатолем Клешчуком. Ён таксама госць праграмы «Галерэя». У творчасці яму вельмі дапамагае музыка. І не важна, якога стылю, галоўнае, каб была душэўнай. «Я не музыкант, не ўмею спяваць ці іграць на чым-небудзь, але ж я адчуваю музыку на эмацыянальным узроўні. Не раз заўважаў, што ўдала зроблены здымак мае нейкае сваё сугучча з музыкай. Люблю рэтра-мелодыі, народныя найгрышы, і такія ж танцавальныя мелодыі. Трапляю ў абсалютна непаўторную прастору, калі, скажам, слухаю музыку нашага беларускага кампазітара Яўгена Глебава да спектакля «Маленькі прынц». Адчуванне вечнасці ў песнях ансамбля «Песняры», таго, мулявінскага складу. Калі чую сапраўдную музыку, я проста жыву! Мяне ахоплівае боскае ўзрушэнне! Я забываю пра ўсё дрэннае».

«Часта тая ці іншая мелодыя, песня звязана з якой-небудзь падзеяй у жыцці, і гэта выклікае настальгічныя ўспаміны, адчуванне радасці і шчасця. Музыка – гэта шлях да сябе, да свайго ўнутранага свету», – радкі з ліста ад нашай пастаяннай слухачкі Ніны Сцяпанаўны Кабяковай з Мінска.

Музыка здольная на многае. Яшчэ ў XIX стагоддзі з’явілася такая навуковая дысцыпліна, як музычная псіхалогія. Гэта не толькі веды з галіны музычных паняццяў, але і іх уплыў на псіхіку чалавека. Вучоныя даказалі, што асобныя кампазіцыі Вівальдзі, Бетховена, Брамса, Шуберта, Дэбюсі, Моцарта могуць пазбавіць ад страху і трывогі, выклікаюць адчуванне заспакоенасці і бяспекі. Творы гэтых ды іншых кампазітараў-класікаў выкарыстоўваюцца ў музыкатэрапіі.

«А ёсць... музыка дажджу і восені!..», – заўважае яшчэ адна наша слухачка. І распавядае пра тое, што музыка прыносіць асалоду і нават шчасце, калі яна дасканалая, і калі душа настроена яе пачуць.

Сапраўды, музыка восені – гэта раскошна! Кожны выбірае свае гукі і свае мелодыі: кагосьці заспакойвае і захапляе перабор клавіш-дажджынак на аконным шкле, хтосьці любіць музыку лістоты, некага ўзрушае тая боская цішыня, якая раптам усталюецца надвячоркам, каб засведчыць заміранне прыроды. І тады ўжо робіцца так ціха-ціха, што… музыку трэба як чыйсьці твар успамінаць!.. Вось якое ўзрушэнне дорыць нам музыка.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: