Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Мы ў абавязку перад нашай мовай!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.02.2020
«Звычайныя гісторыі. Мы ў абавязку перад нашай мовай!» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)


Шчыра вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! Сёння – пра мову. З яе пачынаецца жыццё, яго адкрыццё і бясконцае спазнанне. Матчыны калыханкі, першае, яшчэ няўпэўненае і загадкавае «ладкаванне» літар у склады і сказы, наталенне пявучасцю паэтычных прызнанняў і асалода ад тых сапраўдных жамчужынак, сабраных дзе-небудзь у глыбінцы, калі твая душа поўніцца асалодай і нейкім непаўторным смакам.

Дзе знайсці тыя самыя патрэбныя словы, каб перадаць сваю любоў да мовы?

Пашукаем іх разам з вамі сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы. Абвешчаны ён па ініцыятыве ЮНЕСКА і накіраваны (цытую) «на заахвочванне моўнай разнастайнасці, падтрымку нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай адметнасці і самабытнасці».

Цікавая гісторыя абрання даты. Гэта даніна памяці падзеям 21 лютага 1952 года, калі ў сталіцы Бангладэш ад куль паліцэйскіх загінулі студэнты – удзельнікі дэманстрацыі ў абарону роднай мовы.

Генеральная асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяй падтрымала рашэнне ЮНЕСКА і заклікала ўсе дзяржавы спрыяць абароне і захаванню моў народаў свету.

«Любіць і шанаваць сваю мову – гэта любіць радзіму, куточак маленства, свае Гараўцы і вёрткую рэчку Дрысу, з яе плёсамі, астраўкамі, высокімі берагамі. Любіць тых незабыўных вясковых руплівіц з іх гамонкай і песнямі, мудрасцю і жартамі. Калі твая душа ў адзінай лучнасці з Яе Вялікасцю Мовай, тады ты жывеш гэтак жа крынічна і казачна, як і яна. І да яе ніколі не позна далучыцца», – разважае наш слухач з вёскі Янкавічы Расонскага раёна, кіраўнік раённага клуба самадзейных паэтаў «Натхненне» Аляксандр Матошка.

Слухачы не раз выказвалі думкі і пра тое, што існуе наш абавязак перад мовай. Канешне ж, тут можна казаць высокія і гучныя словы пра яе захаванне і шанаванне. А можна распавесці коратка, як зрабіла паэтка, спявачка, вядучая тэлепраекта «Жывая культура» Кацярына Ваданосава: «Проста трэба карыстацца нашай роднай беларускай мовай. У крамах, транспарце, на вуліцы – усюды. Напрыклад, мне пакуль што цяжэй размаўляць чамусьці ў нашых маршрутках. Спадзяюся, гэта выправіцца. Шчыра і добразычліва, як паварот сонца на вясну, бо мінула ж Стрэчанне і ўсё наўкол робіцца іншым», – усміхаецца Кацярына.

«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову», – сказаў некалі Якуб Колас. І тут я прыгадваю вельмі шчырую, з клопатам пра стан мовы гаворку з коласазнаўцай, заслужаным дзеячам культуры Беларусі Зінаідай Камароўскай. Яна ўзгадала пра ліст пісьменніка ў ЦК КПБ аб стане беларускай мовы (год 1956), пра тое, як вывучаюць мову яго ўнукі, пра сваю матулю, якая гаварыла на «чысцюткай беларускай мове», і пра шматлікія сустрэчы ў Коласавым доме, дзе і адбывалася далучэнне маленькіх грамадзян да роднай мовы.

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі штогод у гэты дзень (і на працягу тыдня) праводзіць круглыя сталы, прэзентацыі, выступленні вядомых вучоных, даследчыкаў мовы ва ўстановах адукацыі, бібліятэках. Мяркую, ім будзе прыемна і на гэты раз падзяліцца выдатнай навіной пра тое, што выйшаў з друку «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», які ствараўся (уявіце сабе!) амаль што шэсцьдзясят гадоў! Пад яго вокладкамі не толькі апісанне старабеларускіх слоў, зрэшты, у ім – пяцісотгадовая гісторыя нашай Айчыны! Выданне вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

А вось яшчэ факт. Паводле перапісу, які праводзіўся мінулай восенню, звыш пяці мільёнаў чалавек лічаць сваёй роднай мовай беларускую, а гэта каля 60 працэнтаў насельніцтва. Як вы разумееце, гэта пакуль што папярэднія падлікі.

«Міжнародны дзень роднай мовы, які шырока адзначаецца ў свеце 21 лютага, у нашай краіне фактычна становіцца Днём беларускай мовы, – зазначае вядомы акадэмік, вучоны-мовазнаўца Аляксандр Лукашанец. – І я вельмі спадзяюся дажыць да таго часу, калі ў нашай краіне будзе святкавацца не Дзень беларускай мовы, не тыдзень, а наступіць Эпоха беларускай мовы. Карыстаючыся нагодай, я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што, нягледзячы на істотныя праблемы з функцыянаваннем дзяржаўнай беларускай мовы ў афіцыйных сферах зносін, сёння, у XXI стагоддзі, яна займае важнае месца ў сферы моўнага жыцця беларускага грамадства. І я веру, – зазначае акадэмік, – што беларуская мова застанецца рэальным сродкам зносін, істотна ўмацуе свае пазіцыі ў важнейшых сферах сучаснай камунікацыі і наогул, як і сам беларускі народ, і наша краіна Беларусь».

І яшчэ. Для многіх, і для мяне таксама, мова – гэта ўсё такое роднае і блізкае: вёсачка, хатачка з «далонькаю двара», крынічка і возера, а яшчэ – пошум лесу, шэпт жытоў і шмат яшчэ чаго, што жыве з табой з маленства. І колькі б ні шукаў патрэбных слоў, няпроста перадаць усе свае пачуцці да роднай мовы. Давайце проста будзем любіць яе і шанаваць! Заўсёды.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: