Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. На мяжы надзей». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 31.12.2020
«Звычайныя гісторыі. На мяжы надзей». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Год 2020 адлічвае свае апошнія крокі... І мы, пэўна, як ніколі, развітваемся з ім без шкадавання. Нядаўна ў сацыяльных сетках «гуляла» выказванне, маўляў, не варта прыбаўляць гэты год да свайго ўзросту, таму што ім (годам!) амаль што не карысталіся! Прыкры жарт, але ж і праўда тут ёсць.

І ўсё ж ён быў з намі, гэты высакосны год. Былі дні і падзеі, якія запомняцца. Хтосьці пабраўся шлюбам, у кагосьці нарадзілася дзіця, хтосьці пераехаў у новую кватэру... А хтосьці, седзячы на самаізаляцыі, напісаў кнігу, намаляваў карціну, упарадкаваў свой сямейны альбом ды і проста меў магчымасць пабыць з роднымі і блізкімі.

Вось я і вырашыла распытаць нашых даўніх і добрых сяброў, прыхільнікаў Беларускага радыё, каб разам вылучыць з чарады дзён самы памятны і адметны.

Гартаю вашыя лісты. Дасланыя раней і атрыманыя нядаўна. Вельмі кранула споведзь Веры Пятроўны Мельнікавай пра родную вёску Васількі Бялыніцкага раёна, пра хату, матулю і тату, блізкіх людзей. Яе радкі сабраныя ў кнігу, дзе шмат фотаздымкаў з сямейнага альбома. «Матуля была для мяне сонейкам ясным, радасцю і шчасцем, і помняцца, здаецца, усе дні, праведзеныя з ёю», – піша Вера Пятроўна. Яна даслала нам сваю кніжачку, з васількамі і рамонкамі на вокладцы, да якой яшчэ не раз буду звяртацца, таму што ў кожным радочку – цеплыня, сонечнасць і надзея.

У такія дні мы разважаем пра хуткаплыннасць часу. Шкадуем аб упушчаных магчымасцях і радуемся, калі ўдалося апынуцца ў пэўны час у пэўным месцы, а таму і дзень той стаў асаблівым і памятным. Неяк я размаўляла па тэлефоне з гродзенскім майстрам па рамонце гадзіннікаў Аляксандрам Сахарэвічам. Захапіўся імі з самага дзяцінства. Цяпер яго ведаюць у горадзе. «Мне гэта вельмі цікава, свет гадзіннікаў – нешта незвычайнае! – падзяліўся з намі майстра. – Ну, а выбраць які-небудзь асаблівы дзень няпроста. Ды што там дзень, часам гадзіна напаўняецца сваім адметным сэнсам».

Цікаюць гадзіннікі, занатоўваюць гады ў стагоддзі. І дораць юбілеі. Людзям, прадпрыемствам, арганізацыям. У 2020-м многія вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны адзначылі круглыя даты. Сярод іх і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Са знакамітым «палітэхам» у нас было нямала сумесных творчых праектаў і стасункаў. Напярэдадні гэтага эфіру мы гутарылі з Анатолем Ціханавічам Скойбедам. Ён адзін са старэйшых выкладчыкаў, працуе тут амаль што 40 гадоў. Доктар тэхнічных навук, загадчык кафедры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. У сярэдзіне 60-х скончыў аўтатрактарны факультэт, удзельнічаў у будатрадаўскім руху, пабываў у Алжыры. «Пра мае жыццёвыя шляхі-дарогі можна напісаць кнігу, – кажа Анатоль Ціханавіч, – куды толькі ні закідваў лёс, асабліва рамантыка юначых гадоў». Ну, а сярод адметных падзей года, які вось-вось адыдзе ў гісторыю – гэта, канешне ж, стагоддзе яго любімага «палітэхнічнага». Прафесару Скойбеду прысвоена ганаровае званне «Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь». І той снежаньскі дзень 2020-га стаў для яго асаблівым і адметным.

У многіх вашых лістах радкі пра навагоднюю мару. Прыгадваючы сваё маленства, слухачы ўзгадваюць гісторыі аб навагоднім свяце і падарунках, той жа жменьцы цукерачак-падушачак: у першыя пасляваенныя гады і пазней гэта быў рэдкі салодкі цуд. І амаль у кожным лісце – каб не хварэлі блізкія і родныя людзі.

Такую ж думку выказала яшчэ адна наша госця (праграмы «Галерэя»), галоўны рэдактар часопіса «Алеся» Ларыса Ракоўская. З ёй мы сустракаліся якраз у юбілейныя дні гэтага папулярнага ў краіне выдання, якое стала пераемнікам «Работніцы і сялянкі». Часопіс уключыўся ў валанцёрскі рух па падтрымцы медыкаў, што змагаюцца з пандэміяй. Ларыса Паўлаўна падзялілася з намі і такімі «набыткамі» года. Яны зладзілі аукцыён, сабралі грошы, перадалі іх урачам горада Барысава. «Сума сціплая, але ж не ў гэтым справа, – кажа яна, – галоўнае – быць разам у такі няпросты час. Ну, а памятныя дні?.. Яны былі і будуць! Як і пазітыўны погляд на жыццё, аптымізм і вера! Як і ўсе нашы такія простыя і зямныя жаданні!»

І яшчэ. У пісьменніка з Брэста Міколы Пракаповіча ёсць зборнік вершаў, які называецца «Мяжа надзеі». Ёсць радкі пра вяртанне: да сваіх вытокаў, гістарычнага мінулага, да муроў і шляхетных казак, роздумаў пра час, і пра той, што паміж «днём мінулым і светлай марай». Ёсць і такія:

Каб убачыў ты, як праз маскі
Праступаюць твары людзей.
...Раскажы мне, надзея, казку, –
Абнадзей мяне, абнадзей...

Год выдання зборніка 1993-ці! Супадзенне?.. А можа нават прароцтва?!. Галоўнае, каб мы заўсёды, пры любых абставінах заставаліся людзьмі. Без масак. Былі разам. Перамагалі ўсе цяжкасці і нягоды. І разам сустракалі Новы год! З надыходзячым!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: