Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. На парозе чарговай восені». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.08.2021
«Звычайныя гісторыі. На парозе чарговай восені». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Апошнія жнівеньскія дні выклікаюць асаблівыя пачуцці, прымушаюць задумацца аб хуткаплыннасці часу, настройваюць на роздум.

Гартаю вашыя лісты, у якіх вы ўзгадваеце пра лета, не без лёгкага суму адзначаеце: на парозе верасень, пачатак новага навучальнага года, а значыць жыццё цяпер пойдзе па іншым раскладзе. У дарослых і дзяцей.

«Каля 40 гадоў свайго жыцця (цяпер мне 84) прысвяціла пачатковай школе. Успамінаю з цеплыней тую шчаслівую пару. Працавалі ад душы, мае калегі і я, не глядзелі на заробкі, на час, заставаліся пасля заняткаў, каб падцягнуць слабейшых вучняў», – дзеліцца з намі Ніна Рыбачонак з вёскі Куправічы Іўеўскага раёна. І далей Ніна Іванаўна распавядае пра тое, якімі шчырымі і цёплымі былі стасункі паміж вучнямі і настаўнікамі. Узгадала пра хлопчыка, яны з адной вёскі, часта разам дабіраліся ў школу. Па дарозе нешта вучылі, паўтаралі. Гэта былі своеасаблівыя ўрокі жыцця. Той хлопчык застаўся працаваць шафёрам у калгасе, на сваёй зямлі, стаў дбайным гаспадаром. Ніна Іванаўна шкадуе, што некаторыя школьныя традыцыі страчаны, як і даверлівыя адносіны, цеплыня і сардэчнасць. Гэта яна заўважае і на працы сваіх дачок, абедзве выбралі прафесію педагога.

«У тыя далёкія пасляваенныя гады мы хадзілі ў школу за шэсць кіламетраў. Мясцовасць балоцістая. Зімой кладачкі абмярзалі, даводзілася часам і паўзком пераадольваць перашкоды», – радкі з ліста ад Тамары Падзялінскай з аграгарадка Парэчанка Гродзенскай вобласці. І далей пра тое, што дарога і заняткі займалі шмат часу, дадому вярталіся дзесьці каля 16 гадзін. За ўвесь дзень – луста хлеба з чым-небудзь. Тады ў школе сняданкаў-абедаў не было. Але ж дзеці, нягледзячы ні на што, стараліся вучыцца, марылі набыць добрую прафесію. Большасць хацелі стаць настаўнікамі, урачамі, лётчыкамі, інжынерамі, ваеннымі. Ніколі не страчвалі аптымізму, трымаліся разам, дапамагалі адно аднаму, верылі ў лепшае.

«Цяпер у нашых дзяцей ёсць усе матэрыяльныя выгоды, але ж куды знікае жаданне вучыцца, чаму так многа сярод падлеткаў злосці, агрэсіі, непрыймання іншай думкі, пазіцыі?» – пытаецца ў нас і ў сябе наша слухачка з Мінска Ірына. І выказвае думку (яна не новая) пра тое, што сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак паглынула віртуальная прастора, яны жывуць там з прыдуманымі героямі, сітуацыямі, гісторыямі, часам не самымі лепшымі і станоўчымі.

«Так хочацца часам вырвацца з мітусні горада, апынуцца ў якім-небудзь ціхім куточку, спакойна паназіраць, як адна пара года змяняецца другой, захапіцца дасканаласцю прыроды. Хаця і ў ёй апошнім часам нямала перападаў і катаклізмаў», – радкі з ліста ад Вольгі з Гомеля. Прозвішча не пазначана.

Мне ж захацелася патэлефанаваць у глыбінку. У вёску Замошша Чашніцкага раёна. Чаму менавіта туды? Там жыве мая новая знаёмая Антаніна Стэльмах. Цёзка па прозвішчы. Неяк раней адбылося наша завочнае знаёмства. Перад гэтым эфірам мы размаўлялі пра восень, пра тое, што Антаніна Аляксандраўна любіць гэтую пару за шчодры ўраджай, за багацце ў агародах і на палетках. Прыгадала, як некалі талакою назапашвалі сена, салому, як звозілі з калгасных палёў «капешачкі» (невялічкія копы), як дапамагалі адно аднаму ва ўсіх справах. Пачула і гісторыю пра Ульянку і Ганну – Ульяну Паўлаўну Бабаед і Ганну Аляксееўну Вогур. Такія падобныя лёсы. У абедзвюх мужы не вярнуліся з вайны. У кожнай па чацвёра дзяцей. Гадавалі адны. Часам сядуць на мяжы, паплачуць, пагалосяць, і далей возьмуцца працаваць. Жанчыны даўно пакінулі гэты свет, засталася ў вёсцы хацінка Ульянкі. Сама яе будавала, праўда не паспела дарабіць. Так і пражыла ў горшай палавіне.

Калі рыхтаваўся гэты выпуск, мы атрымалі ліст ад Алены Шышко, нашай слухачкі і аўтаркі з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. І вельмі дарэчы, бо ў ім Алена Іванаўна нагадвае пра свята Успенне, якое адзначалі ў жніўні, на парозе восені. «У нашай мясцовасці прынята было «свяціць кветку», букецікі зёлак і красак, – піша яна. – Жанчыны збіралі палявы рамонак, святаяннік, сардэчнік, галінкі і лісты мяты, шаўковую траву ды іншыя. І абавязкова саспелыя каробачкі маку. Прыносілі з лесу галінку багуну. «Кветку» ахіналі накрухмаленым кавалачкам марлі і неслі ў царкву асвяшчаць. Пасля падвешвалі сушыцца ў цёмным праветраным памяшканні. Лічылася, што гэтыя кветкі маюць лекавыя ўласцівасці, сакральны сэнс».

...Успенне. У свяце гэтым, і нават у слове, згадзіцеся, столькі цеплыні і лагоды, спакою, прыроднай спеласці. Нездарма ж яго сімволіка – свята ўраджаю, прыгожая мяжа паміж летам і восенню. І так хочацца верыць, што спакой і лагода ўсталююцца ў нашых душах і сэрцах. І мы заўсёды найперш будзем цаніць і даражыць тым, што побач з намі, а гэта сям’я, дом, блізкія людзі.

Калі і вам на парозе восені захацелася падзяліцца сваімі думкамі, калі ласка, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: