Гэтыя апошнія жнівеньскія дні выклікаюць асаблівыя эмоцыі і пачуцці, прымушаюць задумацца аб хуткаплыннасці часу, настройваюць на роздум. Якраз 28-га жніўня – Прачыстая ці Успленне, адно са значных святаў у канцы лета. У народзе гэты дзень лічылі сапраўдным святам ураджаю. Нашы продкі казалі: «Свята Прачыста – поле ўрачыста». Славілі хлеб, асвячалі жыта, пачыналі заворваць палі і сеяць азіміну. Многія ведаюць мудрасць нашых продкаў: «Спленне – цягні бульбу за карэнне».
І ў самой назве, і ў традыцыях гэтага дня столькі ўсяго ўзвышанага і зямнога! Простых сялянскіх клопатаў, філасофскай глыбіні і духоўнай еднасці.
Узгадваю ліст, які мы атрымалі ад Ніны Сцяпанаўны Лазарэнка з Чэрыкава. У ім яна распавядае пра наведванне Свята-Мікольскага манастыра горада Магілёва. І якраз на свята Успення Прасвятой Багародзіцы. «І храм, і сцяжынкі вакол яго ва ўрачыстай чысціні і прыгажосці. Усюды кветкі, – заўважае Ніна Сцяпанаўна, – непадалёку манастырскія градкі з багатым восеньскім ураджаем. Манашка Аляксандра распавяла пра гісторыю манастыра і храма, бібліятэку і нядзельную школу. Даведаліся мы і пра жыццё, лёс архіепіскапа, педагога і грамадскага дзеяча канца XVIII стагоддзя Георгія Каніскага, пра далучэнне яго да ліку святых. У доме, дзе некалі жыў вядомы вучоны-багаслоў, цяпер музей. У ім партрэты святых, унікальныя фотаздымкі, старыя бібліі – куточак духоўнай спадчыны краю».
«Мне 85 гадоў. Вайна адняла ў нас дзяцінства. Столькі гора прынесла яна людзям!» – радкі з ліста ад нашай пастаяннай слухачкі Соф’і Аляксандраўны Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Горка Пухавіцкага раёна. І далей аповед пра жанчыну, якая да апошніх дзён сваіх чакала мужа з вайны. Было гэта ў вёсцы Дарышча Смаргонскага раёна. Ядвіга Ярмак жыла ў глухамані, амаль што ў лесе. З таго часу, як яе муж пайшоў на вайну, і на працягу ўсяго жыцця яна ні разу не зачыніла дзвярэй, ні ўдзень, ні ўначы. «Я акамянела, пачуўшы такое, – дзеліцца з намі Соф’я Аляксандраўна. – Гэта ж трэба, якая вернасць, надзея! Я тады так расхвалявалася! Нават верш напісала:
На хутары ціхім, у лесе,
У хатцы, як птушка лясная,
Жыве адзінока Ядвіся
І мужа з вайны ўсё чакае...
Ах, колькі ў нас іх, бядовых,
Адных у закінутых хатах.
Па помніку вам бы, удовы,
За вернасць забітым салдатам...
Расказала пра гэтую жанчыну, і на душы палягчэла», – дадае аўтар гэтых радкоў.
Сапраўды, усё вельмі кранае. І ў чаканні, і ў вобразах гэтых самаахвярных жанчын, думаю, ёсць нешта ад Прасвятой Багародзіцы. Яно вышэй за простае зямное існаванне.
У гэты дзень, на Прачыстую, многія ўзгадаюць сваіх матуль, бабуль. Гараджанак і вясковых. Маладых і старэнькіх. Ва ўсе часы ім наканавана лёсам аберагаць, засланяць ад бяды сваіх дзяцей. Што можа быць больш высакародным, чым вось гэтая святая місія?!. Як і тое, што для маці няма нічога больш важнага і значнага, як яе дзеці. І адчуванне шчасця, калі ў іх усё добра. Ніколі не забуду, як аднойчы мяне расчулілі радкі матулі, якая падзялілася сваім мацярынскім шчасцем, простым і вельмі шчырым. Тымі кароценькімі радкамі, якія сын даслаў: «Мамачка, я цябе люблю. Я ўдзячны за ўсё тое добрае, што ты для мяне зрабіла». Ад нечаканасці яна нават расплакалася. Гэта былі незабыўныя слёзы радасці. «Жадаю ўсім слухачам удзячных, клапатлівых і любячых дзяцей». І подпіс: Валянціна Іванаўна. Горад Ляхавічы.
Ёсць свая малітва да Маці і ў вядомага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Гэтае слова ў дачыненні да яе сын заўсёды піша з вялікай літары. «Матуля – Божая пасланніца на зямлі. У ёй – святы дух», – зазначае Уладзімір Сцяпанавіч.
«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль. І гэты свет сагрэлі нам матулі», – узгадваецца сёння і гэтае прызнанне нашым маці паэта Рыгора Барадуліна. Як і разважанні многіх іншых вядомых творчых асоб.
...Успленне. У свяце гэтым, і нават у слове, столькі цеплыні і лагоды, спакою і прыроднай спеласці. Нездарма ж яго сімволіка – свята ўраджаю, прыгожая мяжа паміж летам і восенню. І так хочацца верыць, што спакой і лагода ўсталююцца ў нашых душах і нашых сэрцах.
Калі і вам на парозе восені захацелася падзяліцца сваімі думкамі, калі ласка, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.