Нядаўна мы атрымалі ліст з пасёлка Фруктовы Кобрынскага раёна, вуліца Лугавая. Аўтар Таццяна Шыманчык узгадвае сваіх аднакурснікаў. Выпуск 1971–1972 гг. Магілёўскага педагагічнага вучылішча. Піша і пра мару сабрацца разам, праз 50 гадоў. Выдатная традыцыя! Мяне таксама ўразіла назва пасёлка – Фруктовы. Адкуль яна пайшла і чаму? Магчыма, тут ёсць нейкая свая мясцовая гісторыя? Мы дамовіліся з Таццянай Міхайлаўнай, калі яна знойдзе цікавыя звесткі, абавязкова падзеліцца з намі.
Гэты ліст натхніў мяне зноўку адправіцца ў вандроўку па нашых невялічкіх пасёлках і вёсках, тых дарагіх сэрцу куточках, адкуль у многіх з нас пачыналіся жыццёвыя дарогі. І куды цяпер вяртаюцца нашы думкі, аб чым клапоціцца, а часам і баліць наша душа.
«Нібы зоркі на небе, на зямлі нашай вёсачкі свецяцца, з шаляванымі хатамі, што вясной патанаюць у квецені...» – гэта радкі з паэтычнага прызнання ўсім вёскам Беларусі (так і пазначана ў лісце) ад Святланы Аліхвер з Пастаўскага раёна. Святлана Лукінічна вельмі хораша і падрабязна расказала пра гісторыю Вымна – вёскі свайго маленства. У архіўных пісьмовых дакументах яна ўзгадваецца з 1539 года. У 1735-ым фальварак быў выкуплены Тадэвушам Агінскім. Яго ўнук, Міхал Клеафас, праславіў род, стаў славутым кампазітарам, аўтарам вядомага паланэза «Развітанне з Радзімай». Мяне таксама вельмі кранула дасланая ёю фотапанарама з мясцовай гары, дзе «занатавана» незвычайная прыгажосць: хаты і пшанічнае поле, узвышша, а недзе там, здалёку, праглядваецца люстэрка возера, і аблокі, што зачаравана плывуць над зямлей!..
«...У вёсцы Манькавічы ўсе вокны ў хатах – выглядухі, усе сцены – падслухі, усе дамы ў комінах – разнасухі, усе пеўні – будзелі, а куры – весялухі». Гэта радкі з рамана пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Цар». Такой бачыць сваю вёску яго галоўны герой, які вельмі дбае пра тое, каб нашчадкі ведалі сваю гісторыю і пакрысе «збірае залаты пыл даўніны».
Мяркую, у рамане назва выпадковая, зборны вобраз. А вось у Столінскім раёне цэнтральная вёска мясцовага сельсавета – Манькавічы. Тым больш, непадалёку гістарычная славутасць – Манькавіцкі парк. Закладзены ён у 1885 годзе пры садзейнічанні Марыі Радзівіл. Ствараўся вакол драўлянага палаца, які будаваўся ў 1780-я гады, перабудоўваўся ў канцы XIX стагоддзя, але, на вялікі жаль, не захаваўся. Мясцовыя краязнаўцы могуць паказаць паляну, дзе некалі стаяў палац, ды дуб, які расце на тым самым месцы. Ну, а што да славутасцей вёскі, у ёй дзейнічае праваслаўная царква святога Серафіма Сароўскага і пратэстанцкі храм Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, пабудаваны ў 90-я гады мінулага стагоддзя.
Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з нашай пастаяннай слухачкай Нінай Мацвееўнай Бурко з горада Беразіна. Я пачула шчырае прызнанне вёсачцы Засвяціца Бярэзінскага раёна. Яна родам адтуль, там прайшло яе маленства. Раней было каля 80 жыхароў, цяпер засталіся двое: у адным канцы вёскі жыве, як яна кажа, Таня Шалепініха, а ў другім – Валодзя, былы гараджанін. «Я вельмі люблю вясковае жыццё, хоць доўгі час працавала ў горадзе, – працягвала Ніна Мацвееўна, – у вёсцы людзі, нібыта сваякі адно аднаму, і прывітаюцца, і падтрымаюць, чым могуць. Ну, а што да назвы?.. Магчыма, ад словазлучэння «за светам», ад таго, што вёска далекавата, хаця ад Капланцаў, дзя я цяпер жыву, усяго два кіламетры». Ну, а мне падалося, што назва гэтая паходзіць ад слова «свяціць». Як тут не ўзгадаць і вёску Свяціца Ляхавіцкага раёна і нашы даўнія стасункі з яе жыхаркай Верай Іосіфаўнай Шыловіч. Даўненька мы «не чуліся», буду рада атрымаць ад вас новыя гісторыі.
Ёсць нямала вёсак ды іншых населеных пунктаў з рэдкімі назвамі. І нават двухзначнымі. Напрыклад, аграгарадок Варона ў Астравецкім раёне. Да XV стагоддзя называўся Варняны, як і тыя, якія знаходзяцца за некалькі кіламетраў ад сучаснай Вароны. Атаясамліваецца з птушкай, але хутчэй за ўсё назва вёскі паходзіць ад слова «ворны» альбо «ворыва». Магчыма, і ад слова «вароўны», што значыць «ахоўнік» альбо «вартаўнік». Жыхары гэтага населенага пункта могуць таксама выказаць свае меркаванні ці прывесці цікавыя факты, адкуль такая назва?
«Хацела б быць я рэчкай быстрай. Абегчы родны край!» – гэтыя словы належаць знакамітай беларускай пісьменніцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы). Многія з вас, я ўпэўнена, жывуць жаданнем даведацца як мага больш пра гісторыю сваёй вёскі, краю, радзімы. Кожная мясцінка, у тым ліку і тая, дзе вы жывяце, захоўвае столькі звычайных і незвычайных гісторый! Буду вельмі ўдзячная вам за вашы аповеды.
Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.