Сёння мы звернемся да лістоў, у якіх вы распавядаеце пра бацькоўскі куток, родную хату, матулю, Каляды маленства. Пра ўсё тое спрадвечна-блізкае, што выклікае самыя добрыя і цёплыя пачуцці. І хочацца, як заўважыла адна наша слухачка, «аб самым таемным маліцца, трымаючыся за ўспаміны».
Некаторыя вашы лісты настолькі западаюць у душу, што і праз пэўны час да іх хочацца звяртацца: пагартаць, пачытаць, пасмакаваць... Вось адзін з іх. Ад Галіны Мікалаеўны Пятрушкі. На канверце пасёлак Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна. Наколькі я разумею, гэта дзявочае прозвішча, цяпер яна жыве на Віцебшчыне. Як жа хораша ўзгадвае Галіна Мікалаеўна пра хату, дзе нарадзілася-расла, бацькоў і тыя незабыўныя вечары, калі збіралася ўся сям’я. Матуля ставіла на стол ежу. «Простае ўсё, а такое смакоцце: капуста з печы, тушаная бульба або «бабка», – чытаю радкі з гэтага ліста, – а катлеты! Такіх ніхто з нас, сясцёр, не ўмее пячы, колькі мама нас ні вучыла. А як наша мамачка ўмела шыць, вышываць, ткаць! Тата ўсе гаспадарчыя прылады майстраваў сам, таксама нам лыжы і санкі. І мы, дзеці, успрымалі ўсё гэта як належнае, як так і мае быць. Амаль ніколі не казалі бацькам, як мы іх любім. Ёсць песня «Памолімся за бацькоў». Так хочацца, каб маладыя разумелі, што маліцца за сваіх бацькоў трэба, калі яны з намі, тут, на зямлі, часцей дзякаваць ім, прасіць прабачэння. Потым бывае позна. І даводзіцца жыць з пачуццём віны».
У калядныя дні многія з вас прыгадваюць бацькоўскую хату. Тую незвычайную прастору, з покуццю – своеасаблівым куточкам храма. Абразы, якія сваёй маўклівай малітваю асвячалі хату. Яны ўпрыгожваліся ручнікамі-набожнікамі, галінкамі вярбы, пучкамі жытнёвых каласоў ды зёлак.
«Раней людзі неяк больш умелі радавацца і ў будні, і ў святы. Радасць была такая простая і зямная: каб усе былі здаровыя, каб дзеці вучыліся і выйшлі ў людзі, і каб ціха і спакойна было на нашай зямлі», – заўважае яшчэ адна наша слухачка.
Ці вось: «Завуць мяне Ульянай. Прозвішча не называю. Я інвалід другой групы, дарослая мама, маладая бабуля. Жыццё мяне не песціла, шмат было цяжкасцей. Яны ёсць і цяпер. Але ж я ніколі не страчваю прагі да жыцця, заўсёды ўдзячная Богу, што жыву. У мяне шмат захапленняў. А неяк я пазнаёмілася з цудоўным чалавекам. Ён фізічна здаровы, яго не сароміць мая інваліднасць. Нашы стасункі з ім надаюць мне сіл і аптымізму. Таму жадаю ўсім ніколі не здавацца, бо заўсёды ёсць выйсце з цяжкіх сітуацый».
Не раз даводзілася чуць і чытаць у вашых лістах, што ў калядныя дні «адчыняюцца нябёсы». І можна паспавядацца. Перад сабой, сваім сумленнем, памяццю. Пранізліва-шчымлівыя лісты: пра спатканні, сустрэчы і расставанні, пра тое, што ён ці яна да апошніх сваіх дзён так і не змаглі забыць сваё першае каханне.
Сваю сардэчную споведзь, пра якую (цытую) «не ведае ніхто, акрамя майго сэрца», даслала нам і Галіна Васільеўна з Наваполацка. Прозвішча не называю, таму што ў лісце пра асабістае. «Жыў у нашай мясцовасці прыгожы, сціплы, сарамлівы хлопец Коля. Я ў той час была сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса, праводзіла сходы. Коля заўсёды прыходзіў раней, дапамагаў паставіць стол, расставіць лаўкі. А пасля мы разам вярталіся дадому, нам было па дарозе. Гаварылі мала. Але кожны раз я адчувала, што ён хоча сказаць нешта важнае». І далей пра тое, што яны так і не паспелі сказаць адно аднаму тое самае важнае… Не змаглі і ў пісьмах, якія Коля дасылаў з арміі. Праз некаторы час яна выйшла замуж, пражыла з мужам амаль што 55 гадоў. Выгадавалі двух сыноў. Але шчаслівага сямейнага жыцця не было. Коля ж недаравальна рана пайшоў з жыцця. «Я дзякую Богу і Колю за тое, што зведала сапраўднае пачуццё першага кахання, якое жыве і па сённяшні дзень у маім сэрцы, – дадае аўтар гэтага ліста, – напісала і нібыта скінула цяжар з душы. Мяне зразумеюць тыя, хто ў свой час не дачакаўся сваіх каханых. Па розных прычынах».
Наша слухачка Валянціна Бабко-Аляшкевіч у такія дні таксама прыгадвае свой бацькоўскі куток, а таксама вёску Сцегачы, зараз Малы Жабін Салігорскага раёна. Некалі там стаяў крыж, высокі, бачны здаля, з ручнікамі-вышыванкамі. Казалі, што якраз на тым самым месцы некалі была царква. Яна, на вялікі жаль, згарэла, а новую так і не пабудавалі. І крыж тут стаў сапраўднай святыняй. Да яго, звычайна на свята Юр’я, ішлі не толькі мясцовыя, а і людзі з навакольных вёсак. Было адчуванне нечага вялікага, сапраўднага і святога. Усё гэта застаецца з намі назаўсёды.
У такія дні варта задумацца аб тым, у што «апрануты нашы душы», – вось так трапна заўважыла яшчэ адна наша слухачка.
...Набліжаюцца Каляды. Цудоўнае зімовае свята. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі. Можа таму ва ўсім столькі хараства, незвычайнасці і магічнасці.
Прыгадайце і вы дзяцінства і Каляды, раскажыце сваю незабыўную зімовую гісторыю. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.