Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Нашы вытокі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 20.10.2021
«Звычайныя гісторыі. Нашы вытокі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Успамінаецца роздум адной нашай слухачкі. Не буду пераказваць даслоўна гэтую своеасаблівую оду роднай вёсачцы, скажу толькі, што яна моцна запала ў душу. Наогул такія споведзі, бадай што, самыя шчырыя і шчымлівыя. Часта ў думках мы там, асабліва цяпер, у такую задуменна-ціхую восеньскую пару.

Пра гэта і ў вашых лістах. Многія з іх я захоўваю, каб калі-нікалі перачытваць і зноўку наталяцца цеплынёй вашых роздумаў і пачуццяў. Не раз пра сваю малую радзіму і яе куточкі распавядалі Валянціна Сачык і Галіна Крупянкова з Мінска, жыхары з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна Соф’я Аляксандраўна і Вячаслаў Адамавіч Меляшкевіч, Гелена Альбінаўна Грынько, якая нарадзілася і вырасла ў вёсцы Васіліны на Віцебшчыне, і многія іншыя.

«Нібы зоркі на небе, на зямлі нашай вёсачкі свецяцца», – заўважае Святлана Аліхвер з Пастаўскага раёна. Яна даслала вершы і «фота з узвышша», з Карнілінай гары, расказала пра гісторыю Вымна, вёскі свайго маленства, пра ваколіцы і азёры роднага краю.

У кожнага з нас ёсць адметная і самая дарагая кропачка на «зялёным лісточку» планеты Зямля, як трапна некалі заўважыў пісьменнік Янка Сіпакоў. Нават калі яна не пазначана на карце, носім яе ў сваім сэрцы. Памятаю і шчымлівую гісторыю ад Зоі Пятроўны Янучок з Клецка, якую расказала ёй маці. Падчас вайны сям’я жыла ў Кобрынскім раёне, непадалёку ад шашы. Па ёй і ўдзень, і ўначы ішла варожая тэхніка. Людзі вырашылі адгарадзіцца ад гэтай навалы. Зрабілі і паставілі за ваколіцай крыж, накрылі яго ручніком, які выткалі за ноч. Да ўсходу сонца з абразамі і малітвамі абышлі вёску, «спавілі» яе. І за ўсю вайну ніхто не пацярпеў. Загінулі толькі тыя, хто быў на фронце. Вось якая моцная сіла абярэга!

Галіна Мікалаеўна Пятрушка з пасёлка Кастрычніцкі Баранавіцкага раёна зазначае: «Нас у сям’і было чацвёра – тры сястры і брат. Жылі ў вёсачцы Заполле-Лозы, што пад Баранавічамі. Мы, дзеці, атрымаўшы хто вышэйшую, хто сярэднюю спецыяльную адукацыю, апынуліся ў розных куточках Беларусі». І далей пра тое, як яны, тры сястры, некалькі гадоў таму ўлетку сабраліся ў бацькоўскай хаце, прайшліся сцяжынкамі маленства. Гэта была сустрэча праз 50 гадоў! Незабыўная і шчымлівая. Прыпыніліся і ля калодзежа, якому ўжо за сто гадоў. Ніхто ніколі не зачыняў веснічак да яго, не вешаў замкі. Тут заўсёды вядро і кубачак. «Няхай будзе дзе напіцца вады людзям, напаіць коней, узяць вады ў дарогу, – так некалі казалі нашы бабуля і матуля», – дадае Галіна Мікалаеўна.

Вельмі ўсцешыла і наступная гісторыя. Жыхары вёскі Вялікая Грава Асіповіцкага раёна аб’ядналіся і працягваюць ажыццяўляць праект па адраджэнні і добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы. Падчас суботнікаў ды іншых мерапрыемстваў яны настолькі пасябравалі, што ўтварыўся «Граўскі гурт», які займаецца і іншымі пытаннямі: экалогіяй, духоўна-культурным развіццём вёскі. Талакой (якая даўняя цудоўная традыцыя!) навялі парадак на вясковых могілках, уладкавалі паклонны крыж на ўездзе, пабудавалі новую капліцу.

Адрадзіць, аднавіць бацькоўскую сядзібу, вуліцу маленства, а можа і цэлую вёску – усё можна ажыццявіць, калі да гэтага ляжыць душа. І таму ёсць нямала прыкладаў: усё часцей з’яўляюцца ў нас школьныя і вясковыя краязнаўчыя музеі, праводзяцца святы вёсак, на якія з’язджаюцца былыя аднавяскоўцы. Як не раз заўважалі нашы слухачы, не важна, якой будзе гэта дапамога – матэрыяльнай ці асветніцкай, з вывучэннем, даследаваннем гісторыі тых мясцін, адкуль ты родам, – гэта ўжо залежаць ад магчымасцей і жаданняў кожнага.

А якія прыгожыя і дасціпныя назвы нашых вёсак! За імі – незвычайныя гісторыі, а таксама людзі, сярод якіх і знакамітыя асобы!

У Мёрскім раёне, нападалёку ад вёскі Пруднікі можна палюбавацца беларускімі вадаспадамі! У пачатку дваццатага стагоддзя на рацэ Вяце пабудавалі плаціну, вадзяны млын, планавалі ўзвесці і кардонную фабрыку. Многае адышло ў нябыт, і цяпер толькі вадаспады захапляюць сваёй маляўнічай прыгажосцю. На Мёршчыне знаходзіцца заказнік Ельня, мястэчка Дзісна ды іншыя незвычайныя куточкі.

На Гомельшчыне, каля вёскі Глушкавічы, можна палюбавацца... фіёрдамі! У сярэдзіне 80-х тут пачалі здабываць граніт і мармур, аднак з развалам Савецкага Саюза работы спынілася, затое цяпер былыя гранітныя кар’еры нагадваюць сваёй прыгажосцю знакамітыя нарвежскія фіёрды. Не саступаюць па сваёй маляўнічасці і мелавыя кар’еры ў пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёна. А ёсць вёскі з пячорамі і нават вампірамі, з перавернутай хатай (многія з вас, напэўна, чулі пра гэты дукорскі цуд) і г. д.

Кожная мясцінка, маленькая вёсачка ці пасёлак, у тым ліку і тая, дзе вы жывяце, захоўвае столькі звычайных і незвычайных гісторый! Буду вельмі ўдзячная вам за вашы аповеды. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: