Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Не забуду… незабудкі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.06.2022
«Звычайныя гісторыі. Не забуду… незабудкі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сярод адметнасцей гэтага дня маю ўвагу прыцягнула інфармацыя пра тое, што якраз 3 чэрвеня, толькі 1969 года, заснаваны Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Цяпер гэта нацыянальны парк «Прыпяцкі» з яго ўнікальнымі балотамі, пойменнымі дубравамі ў міжрэччы Прыпяці, Ствігі, Убарці. Трэцяя частка складае, я цытую, «абсалютны рэзерват дзікай прыроды». Адным словам, непаўторны палескі край, падобных якому няма не толькі ў Еўропе, а і ў свеце. Цікава, што на старадаўніх картах гэтыя мясціны пазначаны як Герадотава мора, таму што ў сваіх працах старажытнагрэчаскі гісторык узгадваў непраходныя палескія балоты.

Тут растуць рэдкія віды раслін, такія як арніка чорная, вадзяны арэх, сальвінія плаваючая, марская наяда, рададэндран жоўты, рэдкія віды лілей ды іншыя. 943 віды раслін, з іх 38 асабліва ахоўных, 196 відаў імхоў і 321 водарасцей. Многія з іх занесены ў Чырвоную кнігу.

Гэта і натхніла мяне паразмаўляць пра чэрвень, лета і кветкі. Ведаеце, найцікавейшыя гісторыі! Пра кветкі старадаўніх сядзіб (мы пра іх неяк ужо расказвалі), сучасныя кветкавыя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць загарадныя дамы, лецішчы ды вясковыя падворкі. Адны назвы захапляюць: аксаміткі, падтыннік, казялец, шыпшына, півоні, стакроткі, скрыпень! І гэта ўсяго толькі невялікі пералік, а колькі лугавых і палявых кветах, іх некалі нашы продкі называлі краскамі.

Памятаю, як пра кветкі дзяцінства (і не толькі) расказвала наша даўняя і добрая знаёмая Соф’я Меляшкевіч з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна. Яна былы педагог, аўтар паэтычных аматарскіх зборнікаў. Любіць ружы і рамонкі, астры і гваздзікі. Раней, калі дазваляла здароўе, Соф’я Аляксандраўна любіла хадзіць на луг, дзе ў маі-чэрвені радуюць сваёй сціплай прыгажосцю дыванкі незабудак.

У мяне таксама ёсць гісторыя, успаміны пра якую наталяюць душу хараством. Падчас адной камандзіроўкі мы апынуліся ў пушкінскіх мясцінах – у Міхайлаўскім. Тады музей-запаведнік узначальваў знакаміты асветнік, пісьменнік і публіцыст, захавальнік Пушкінагор’я Сямён Гейчанка. Мы з калегай напрасіліся ў госці. Сямён Сцяпанавіч, яго яшчэ называлі добрым Дамавіком, прызначыў сустрэчу, вы не паверыце, на досвітку! «Тут чалавек знаходзіць своеасаблівыя рэцэпты радасці быцця. Тут усе бачаць вакол сябе прыгажосць, прастату і яснасць, сардэчнасць. Тут чалавек перайначваецца» – здаецца і цяпер чую яго боскі распеўны голас, адчуваю бясконцую любоў да Пушкіна і навакольных мясцін. З яго дазволу мы прабегліся па мемарыяльнай ліпавай алеі Керн, пасядзелі ў альтанцы, наталяючыся цішынёй і неверагодным хараством. Гэта быў якраз пачатак чэрвеня, ва ўсю моц цвілі незабудкі. Знакаміты Гейчанка распавядаў і пра тое, што растуць яны тут не выпадкова, гэта сімвал любові і памяці пра вялікага паэта.

А колькі легенд і паданняў, звязаных з гэтай кветачкай! Яны распавядаюць пра слёзы, пралітыя нявестамі пры развітанні з каханымі, якія ператвараюцца ў блакітныя, нібы вочкі, кропелькі. Яшчэ адна легенда пра багіню Флору, якая раздавала імёны розным раслінам і ненарокам абыйшла ўвагай гэтую сціплую кветачку. І пачула ціхі голас: «Не забудзь пра мяне!..» Вось яна і назвала яе незабудкай. Букецікі гэтых кветак прыносяць у памяць пра ахвяр нацысцкіх канцлагераў.

У такую квітнеючую пару, на пачатку лета, многія стараюцца наведаць Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго называюць буйным творам садова-паркавага мастацтва! Гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Дарэчы, незабудкі там таксама можна ўбачыць. А яшчэ дзясяткі, а можа і сотні мнагалетнікаў і адналетнікаў, самых розных лекавых раслін, вядома ж цюльпаны, бэз, ружы, альпійскія дэкаратыўныя культуры, рададэндраны і многія-многія іншыя. Узгадваю сустрэчу з госцем радыёпраграмы «Галерэя», вядучым навуковым супрацоўнікам Цэнтральнага батанічнага саду Наталляй Лунінай. З захапленнем расказвала яна пра калекцыі, навуковыя пошукі і здабыткі. Вынікі шматгадовых даследаванняў яе і калег абагульнены ў кнізе «Дэкаратыўныя і травяністыя расліны культурнай флоры Беларусі». У ёй прыводзіцца асартымент раслін кветнікаў старадаўніх беларускіх сядзіб, апублікаваны мясцовыя назвы раслін, у тым ліку і кветак.

Мы ж сёння захапіліся… незабудкамі! Іх сціплая кранальная прыгажосць натхняе творчых асоб. Нараджаюцца вершы і песні. Паэт-публіцыст з нашай далёкай мінуўшчыны Ян Баршчэўскі назваў свой літаратурны альманах – «Незабудкі».

Не забуду, незабудка,

Я блакіт тваіх пялёсткаў,

Нібы вочы Беларусі,

Як нябёсы над гаёчкам. А гэта ўжо радкі Вольгі Савуцінай.

Вашы ж гісторыі (пра незабудкі таксама), чакаю на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: