Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Няхай такое больш не паўтараецца...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.05.2022
«Звычайныя гісторыі. «Няхай такое больш не паўтараецца...» Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Да Году гістарычнай памяці.

Сённяшняя размова паводле аднаго пісьма. Яго даслала Ніна Віктараўна Ліцкевіч са Стоўбцаў. Не вельмі даўно ёй споўніўся 81 год. Па дакументах. На самай справе яна дакладна не ведае, калі нарадзілася. Ніколі ў жыцці не адзначала свой дзень нараджэння. Ні калі была маленькай, ні тым больш цяпер.

Вось якой гісторыяй Ніна Віктараўна падзялілася з намі. Чытаю яе ліст.

«Як толькі на Лагойшчыне з’явіліся партызанскія атрады, мая мама, Марыя Андрэеўна Урбановіч, запісалася ў атрад імя Будзённага партызанскай брыгады «Бальшавік». Я была зусім маленькая, але гэта яе не спыніла. Не магла яна адседжвацца, прагнула змагацца з ворагам. Хутка ёй сталі даручаць адказныя заданні. Збірала звесткі пра гітлераўцаў, іх перамяшчэнне. Даводзілася займацца і перапраўкай зброі партызанам. Аднойчы іх затрымаў нямецкі патруль. Пасля праверкі дакументаў яе і яшчэ некалькі чалавек кінулі ў канцлагер «Масюкоўшчына». Маму моцна білі, але яна нікога не выдала. Астатніх адпусцілі, а маю мамачку замучылі, забілі. Пра яе лёс я даведалася пазней, калі падрасла. Расказалі партызаны, якія ў той дзень разам з ёю трапілі ў лапы карнікаў. Мае родныя і блізкія распавядалі і пра тое, што мамачка вельмі перажывала за мяне. Бывала, прыбягала з чарговага задання, цалавала мае ручкі-ножкі, плакала, і нібыта прасіла ў мяне прабачэння. Але ж інакш яна зрабіць не магла».

З ліста я даведалася і пра тое, што амаль усе хаты ў Жырблевічах Лагойскага раёна карнікі спалілі. Калі мамы не стала, маленькую Ніну прытуліла сям’я яе дзядзькі. Жылі ў змайстраваным будане. На руках дзядзькавай жонкі яшчэ трое маленькіх дзяцей. Есці не было чаго. Цётка змешвала траву з нечым і пякла праснакі. Малыя хварэлі, сын памёр. Цётка не вытрымала і аддала маленькую Ніну ў дзіцячы дом. Тата прапаў без вестак на вайне... Так што з 1946 года і пачалося яе сірочае жыццё.

Перад гэтым эфірам я пазваніла Ніне Віктараўне, каб удакладніць некаторыя дэталі. З першых слоў зразумела, што рана гэтая незагойная, нягледзячы на тое, што мінула столькі гадоў.

«Крыўдна, – успамінала Ніна Віктараўна, – доўгі час нам даводзілася жыць у статусе, як тады казалі, «дзяржаўнага дзіцяці». Канешне ж, нас кармілі-апраналі, але ж маглі пасля выпускных экзаменаў накіраваць на Урал, у прафесійна-тэхнічнае вучылішча ці працаваць на цаліну. Асабліва не пыталіся нашай згоды. Дзейнічалі па дасланай зверху разнарадцы».

Памяць вяртае Ніну Віктараўну і ў незабыўныя моманты развітання са школай-інтэрнатам. Атрымала, так бы мовіць, прыданае: школьную сукенку, бялізну, хустачку ды два метры тканіны, на наматрацнік, з якога яна чамусьці пашыла спаднічку. У інтэрнаце дзеці многае рабілі сваімі рукамі, таму і яна прайшла сапраўдную школу жыцця.

Ніна Віктараўна даслала копію кранальнай даведкі пра сваю матулю Марыю Андрэеўну Урбановіч. У ёй пазначана, што з ліпеня 1942-га года па сакавік 1944 года яна была сувязной партызанскага атрада імя Будзённага брыгады «Бальшавік». Гэта, напэўна, адзінае, што ў яе засталося напамінкам аб родным чалавеку. Яна гатова аддаць яе ў музей ці архіў, ёй так важна, каб пра яе мамачку ведалі. Бо гэта частка той вялікай гісторыі, да якой маюць дачыненне і яе родныя.

«Вы не паверыце, хоць я была падчас вайны зусім маленькая, але ж сваю мамачку, здаецца, памятаю. Яна заўсёды жыве са мной, у маёй душы. Я ганаруся ёю, яна аддала сваё жыццё за Перамогу. Яе імя, а таксама майго дзядзькі занесены ў кнігу «Памяць. Лагойскі раён». Свайго тату я часам бачу ў снах, размаўляю з ім. І гэта таксама тая нябачная пуцявінка, якая звязвае мяне з бацькамі».

Мне здаецца, што менавіта з такіх кранальных успамінаў і складаецца гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну, пра тое, што павінна застацца ў свядомасці маладога пакалення. Як мы не раз заўважалі, памяць – гэта не абстрактныя веды якіх-небудзь падзей, памяць – гэта жыццёвы вопыт, веданне асобных падзей, эмацыйна перажытых і прачулых. Вучоныя-гісторыкі сцвярджаюць, што, я цытую: «Найбольш важным этапам развіцця гістарычнай памяці людзей з’яўляецца супастаўленне падзей, якія адбываюцца ў цяперашнім часе, з фактамі з мінулага. Актуальнасць сённяшніх праблем грамадства наўпрост можа быць звязана з гістарычным мінулым. І толькі аналізуючы вопыт мінулых дасягненняў і памылак, чалавек здольны ствараць. І рухацца наперад».

І яшчэ. На развітанне я запыталася ў Ніны Віктараўны Ліцкевіч пра свята Дня Перамогі, пра тое, чым яна ў гэты дзень займалася і як яго звычайна адзначае. «Цэлы дзень праплакала, – кажа яна, – ад успамінаў пра тыя, цяпер ужо далёкія гады. Я ж дзіця вайны. Плакала і ад адчування таго непапраўнага, што здарылася з маёй сям’ёй. Забыць немагчыма. І мы ж не адны такія... Гэта і слёзы радасці, што май 1945-га прыйшоў да нас пераможцай вясной. Няхай такое больш не паўтараецца».

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: