Прыгадваю выпадак. Неяк стаю ў краме. Жанчына і яе дарослы сын купляюць гліняны посуд. Падыходзіць пажылая жанчына, перапытваецца аб цане, заўважае, маўляў, якія прыгожыя рэчы!.. «А вам хацелася б мець такія?.. Я магу падарыць сподачак ці кубачак?..» – прыязна кажа яна. Старая неяк сумелася, заўсміхалася: «Хацелася б, але ж... Вы хто, мільянерка, каб уручаць такія падарункі?» На што жанчына адказала: «Я праваслаўная».
І справа тут хутчэй за ўсё не ў падарунку і яго кошце, а ў той увазе да пажылой жанчыны, па ўсім відаць, адзінокай. Яна адчула хвіліны радасці, тым больш, як аказалася, якраз у тыя дні ў яе быў Дзень нараджэння. Старэчымі рукамі трымала кубачак і ніяк не магла паверыць у тое, што вось так проста можна падарыць незнаёмаму чалавеку адчуванне маленькага шчасця!..
Прызнаюся, мяне ўсхвалявала і захапіла тэлефонная размова з Антанінай Аляксандраўнай Стэльмах з Чашніцкага раёна. Крыху раней яна даслала на радыё ліст. Як я казала, ніякага сваяцтва, мы толькі цёзкі па прозвішчы. Спадзяюся, мае новыя знаёмыя з вёскі Замошша – там жыве ўсяго восем жыхароў, – паспяхова перазімавалі, і цяпер з добрымі надзеямі сустракаюць вясну. Антаніна Аляксандраўна стараецца зазірнуць да сваіх аднавяскоўцаў, бо яна ж маладзейшая, рухавейшая. Гэта стала нечым звыклым: зайсці, пагутарыць, нечым дапамагчы. А самае галоўнае – гэта цеплыня і ўвага да аднавяскоўцаў.
«Успамінаю сваё далёкае юнацтва, калі вучылася ў 10-м класе», – радкі з ліста ад Ніны Сцяпанаўны Лазарэнка з горада Чэрыкава. І далей пра тое, як у такія сакавіцкія дні яна прыязджала да мамы з Магілёва, дзе яна некалі вучылася. І як аднойчы на жаночае свята падарыла маме завушніцы. Яны нагадвалі веснавыя пралескі. Памятае матуліны слёзы радасці, што яе дачушка побач, што можна яе прытуліць, пабыць разам, пагаманіць.
Здараюцца незвычайныя і нават нечаканыя падарункі. Як, напрыклад, у Зузаны Антонаўны Грабоўскай з вёскі Юраўка Шчучынскага раёна. Яе чубатка вывела куранятак якраз да дня яе нараджэння. Прыгожыя пушыстыя камячкі – гэты мілы вясковы сюжэцік запомніўся надоўга.
А вось зусім смешны і кур’ёзны выпадак, пра які нам расказала адна наша слухачка. Маладая жанчына паскардзілася мужу, маўляў, ты даўно не дарыў мне кветак. Хаця б цюльпаны прынёс, калі на іншыя не хапае грошай. Ці то не так пачуу, ці то не дачуў, але ж неяк вельмі хутка муж прыходзіць дадому... з «цюльпанамі», гэта значыць з раз’ёмам, які шырока выкарыстоўваецца ў аўдыя- і відэатэхніцы. Яны бываюць розных колераў, ёсць там і чырвоны, таму ў народзе называюць «цюльпанам» ці «званочкам». Вось дык падаруначак!
А вось ліст пра Стэфку і Кандрата Крапіву. Пра ўвагу і пачастункі. Дарэчы, 5 сакавіка споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння гэтага слыннага пісьменніка, героі твораў якога ўмеюць жартаваць, з гумарам успрымаюць многія жыццёвыя з’явы.
«Напрыканцы 60-х гадоў сабралася наша сваячка, цётачка Стэфка, малодшая сястра Кандрата Крапівы, праведаць брата і яго сям’ю, а таксама павіншаваць з днём нараджэння, пачаставаць прысмакамі: каўбаскай, вяндлінай, сырам ды іншымі вясковымі ласункамі», – радкі з ліста ад Валянціны Рыгораўны Сачык з Мінска. І далей пра тое, што муж Стэфкі загінуў на фронце, пад Варшавай, пяцёра дзяцей на руках. Кандрат Кандратавіч дапамагаў сястры. У чарговы раз Стэфка вярнулася ад брата са сталіцы з падарункамі і грашыма. Параіў пусціць іх на важныя справы: памяняць дах, пабудаваць хлеў, адрамантаваць агароджу і абавязкова купіць дзецям новую вопратку. Кандрат Крапіва хоць і быў на выгляд сур’ёзным і нават суровым чалавекам, але ж на самай справе валодаў такімі каштоўнымі якасцямі, як спачуванне, разуменне і дабрыня.
А як не ўзгадаць тут і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча! Многія з вас, напэўна, ведаюць, што раман «Чорны замак Альшанскі» ён падарыў сваёй жонцы. Гэтае абяцанне стрымаў, праўда, толькі праз дзесяць гадоў. Пазней, калі ў яго пыталіся, чаму ён узяўся за дэтэктыў, Караткевіч адказваў: «Я паабяцаў Валянціне Браніславаўне, маёй вернай спадарожніцы жыцця ў першы дзень знаёмства. І я, як рыцар, павінен стрымаць сваё слова».
Пра тое, як патрэбны нам увага і клопат, не раз чытала ў вашых лістах. Гэтыя пачуцці, мне здаецца, не заменіць ніводзін падарунак, якім бы каштоўным і жаданым ён ні быў. У гэтым маглі, напэўна, пераканацца жанчыны і падчас нядаўняга сакавіцкага свята. Дарэчы, калі ў вас ёсць з гэтай нагоды цікавыя і дасціпныя гісторыі, дасылайце, калі ласка, на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё. Абмяркуем разам.