Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Перад жыццёвым выбарам». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.05.2021
«Звычайныя гісторыі. Перад жыццёвым выбарам». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Якраз такой майскай парой выпускнікі школ стаяць перад самым галоўным выбарам: кім быць, які прафесійны шлях абраць, правільна пайсці па ім, не памыліцца? Хаця зразумела, пазбегнуць памылак амаль што немагчыма, прычым вядомы выраз, маўляў, вучыся на чужых, не заўсёды «працуе». Так ці інакш на лёс кожнага выпадаюць свае жыццёвыя перашкоды і выпрабаванні.

Гаворка, як вы разумееце, вельмі шматгранная і неадназначная. І ўсё ж мы паспрабуем разам з вамі, паважаныя слухачы, паразважаць на гэтую тэму. Узгадаем і асобныя сустрэчы з героямі радыёпраграмы «Галерэя», якім таксама давялося рабіць свой выбар, прычым нават у паважаным узросце, што сведчыць пра тое, што шукаць сябе ніколі не позна.

Прыгадваю ліст ад Алены Іванаўны Багдановіч (Квартнік) з аграгарадка Юбілейны Ваўкавыскага раёна: «Нарадзілася я ў прыгожай і маляўнічай вёсцы Пескі Мастоўскага раёна. У сям’і нашай трое дзяцей, старэйшая сястра Люда, я і малодшы брат Ваня. Бацькі з маленства выхоўвалі нас у працы». І далей пра тое, як падчас летніх канікул яны, дзеці, жылі ў бабулі з дзядулем у суседняй вёсцы, дапамагалі нарыхтоўваць сена, пасвіць статак, палоць буракі. Рабілі ўсё разам з дарослымі, прычым з задавальненнем. Успамінае Алена Іванаўна кросны, калаўрот, дываны і сурвэткі, якія ткала бабуля з Міжава, а таксама вяселлі і абрад «гускі». Мне думаецца, які б выбар ні зрабілі гэтыя вясковыя дзеці (дарэчы, аўтар ліста стала настаўніцай), яны, мяркую, выраслі адказнымі, працавітымі і сумленнымі людзьмі.

«Правільны выбар, на маю думку, – гэта калі ваша дзейнасць заахвочвае вас усё жыццё. Важна адчуваць сябе паўнавартаснай асобай і прыносіць карысць іншым людзям», – лічыць «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» Вацлаў Іванавіч Матусевіч, – каб чалавек займаў сваю нішу ў соцыуме ў адпаведнасці са сваім інтэлектам. Вышэйшая адукацыя – вялікая каштоўнасць, і многія беларусы імкнуцца яе атрымаць, але ж нашай краіне патрэбны і рабочыя прафесіі, прычым высокай кваліфікацыі, часам рэдкія і вельмі запатрабаваныя. Тут сябе таксама можна знайсці».

І ў вашых лістах, і падчас сустрэч тут, у студыі Дома радыё, многія заўважаюць пра тое, як важна не толькі падабраць годную прафесію, трэба яшчэ і жыць годна. Мне пашчасціла сустракацца з такімі людзьмі і бясконца імі захапляцца. Як тут не ўзгадаць знакамітага фельчара з вёскі Покрашава Слуцкага раёна Сяргея Іванавіча Шклярэўскага! Сёлета, у ліпені, яму споўніцца 93 гады, больш за 70 з якіх ён працуе ў мясцовым фельчарска-акушэрскім пункце. Яго праца адзначана ордэнам Леніна, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, многімі іншымі ўзнагародамі. Ён – Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Слуцкага раёна. Мае і адну з высокіх узнагарод Міністэрства аховы здароўя Беларусі – «За адданасць прафесіі».

Уражваюць і жыццёвыя шляхі-дарогі вучонага-біёлага Юрыя Гігіняка, якія прывялі яго ажно ў Антарктыду: са сваімі калегамі даследуе гэты далёкі і загадкавы край. Незвычайныя жыццёвыя віражы і ў былога інструктара Мінскага аэраклуба, абсалютнай чэмпіёнкі свету па вышэйшым пілатажы Валянціны Яікавай. Знайшла сваё прызванне і любімую працу і Вера Вілкова, якая нарадзілася ў пачатку 20-х, перажыла вайну, прайшла розныя ступені прафесійнага росту, стала вядомым прафсаюзным лідарам работнікаў сувязі. Яе жыццё – цэлая эпоха. Як і ў вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, імя якога ўнесена ў кнігу «Выдатныя хімікі свету» Уладзіміра Камарова; педагога-матэматыка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Прышчэпнага і многіх-многіх іншых. Ды і з вамі побач, мне думаецца, жывуць дастойныя людзі, сапраўдныя прафесіяналы, жыццё і праца якіх выклікаюць захапленне і павагу.

Кампетэнтныя вучоныя – педагогі, псіхолагі, спецыялісты ў галіне прафесійнай арыентацыі лічаць, што маладым людзям, якія стаяць перад выбарам, трэба навучыцца адрозніваць уласныя жаданні і імкненні ад тых вобразаў, якія навязваюцца вонкава, у тым ліку і на розных сайтах віртуальнай прасторы. Часта за ўсім гэтым – пустэча і нікчэмнасць, падробны знешні бляск і тое, што не адпавядае рэчаіснасці. А яшчэ варта памятаць, што нічога ў жыцці проста так не даецца, для дасягнення жаданага трэба шмат працаваць. І ніколі не забываць аб адказнасці, бо любы выбар – на сумленні чалавека, які яго зрабіў. Неабходна ў першую чаргу прыслухацца да сябе, сваіх жаданняў, каб не страчваць дарэмна час на пошукі таго адзінага і правільнага жыццёвага шляху. Хаця, як лічаць некаторыя, гэта таксама досвед і набыццё вопыту.

«Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш», – вось так вельмі трапна заўважыў некалі класік беларускай літаратуры Якуб Колас.

Шчаслівых вам і ўдачлівых жыццёвых дарог!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: