«Памяць», «гісторыя краю», «Айчына» – паняцці надзвычай блізкія і дарагія кожнаму сумленнаму чалавеку. І кожны з нас укладвае ў іх штосьці сваё: ці то ўзгадваюцца сцены старажытнай мураванкі за ваколіцай, помнік-абеліск у цэнтры вёскі, купалы храма, ці то векавыя дзядзінцы, камяні-валатоўкі, крынічкі... Усе гэтыя абрысы роднай зямлі, якія выклікаюць захапленне і душэўную радасць. Гэта і ёсць кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Пра гэта і ў вашых лістах.
Некаторыя з іх асабліва помняцца.
«Вельмі важна вывучаць гісторыю, блізкую і далёкую, не толькі па падручніках. Адчуванне яе подыху праз куточкі і мясціны, якія побач, праз лёсы людзей – гэта захапляе і збліжае. Прапаную вучням скласці сваё радавое дрэва, распытаць у бацькоў, як жылі раней, як у больш даўнія часы ладкавалі сваё жыццё іх бабулі і дзядулі», – разважанні настаўніцы з пасёлка Кастрычніцкі, што пад Баранавічамі, Ірыны Грышкевіч. Ірына Францаўна выкладае беларускую мову і літаратуру. Любіць вандраваць, таму і вучням прапануе цікавыя экскурсіі і паходы па родным краі. Яны наведалі аграгарадок Арабаўшчына, побач з якім у маі 1996 года здзейсніў свой подзвіг лётчык Уладзімір Карват. Ён стаў першым Героем Беларусі. У цэнтры мястэчка ўстаноўлены помнік. Пабывалі і на месцы Калдычэўскага лагера смерці, дзе падчас вайны загінулі больш за 22 тысячы чалавек. І ў сядзібе-музеі Адама Міцкевіча ды іншых знакавых мясцінах Беларусі.
Мяне вельмі ўразіла і сустрэча з настаўнікам гісторыі, кіраўніком школьнага гуртка «Нашчадкі», вядомым лепельскім краязнаўцам Валерыем Тухтам. Ён аўтар кнігі «Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц». «У Замошша, – распавядаў ён, – мяне прывяла цікавасць да старажытных мясцін, што і цяпер хаваюцца ад чужых вачэй у навакольных лясах. І старэйшыя, і маладзейшыя не губляюць повязь з малой радзімай, не забываюць, адкуль іх карані. Ладзяць сустрэчы, дзе за адным вялікім сталом збіраецца некалькі пакаленняў цяперашніх і колішніх вяскоўцаў».
«Мы моцныя памяццю мінулых пакаленняў, гэта першааснова грамадзянскасці», – зазначае дырэктар Музея гісторыі Магілёва, намеснік кіраўніка грамадскага аб’яднання «Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Віккру», лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2021г.) Сяргей Бяспанскі. «Віккру» – ад лацінскага «перамога, заваяваная крывёю». Пад кіраўніцтвам дарослых – гісторыкаў і краязнаўцаў, прадстаўнікоў мясцовых ваенкаматаў і ваеннаслужачых – моладзь займаецца раскопкамі на месцах былых баёў, пошукавай работай. Дэвіз атрадаў і клуба – «Мы жывём жыццямі тых, хто загінуў за Айчыну».
Перад гэтым эфірам я размаўляла з метадыстам музея сярэдняй школы №4 імя П.Батава горада Слоніма Алінай Процак: «Мы працягваем традыцыі музея па захаванні гістарычнай памяці, – расказвае Аліна Канстанцінаўна. – Робім гэта на працягу многіх гадоў і дзесяцігоддзяў, бо музей заснаваны яшчэ ў 1965 годзе. У свой час быў прызнаны лепшым сярод школьных музеяў былога Савецкага Саюза. Уявіце,14 вуліц горада носяць імёны герояў! Цяпер мы вядзём арганізацыйную работу, ад імя музея звярнуліся з хадайніцтвам аб прысваенні адной з вуліц Слоніма імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Сухамліна. Ён адзіны, хто атрымаў гэтае званне за вызваленне нашага горада. Дваццацігадовы танкіст, камандзір, дарэчы, ледзь не згарэў у танку. Памяць пра яго будзе жыць і ў нашых сэрцах, і , спадзяюся, у назве адной з вуліц Слоніма» – дадае Аліна Канстанцінаўна. Школьны музей удзельнічае ў шматлікіх патрыятычных акцыяй і праектах, тут назапашаны вялікі вопыт грамадзянска-патрыятычнай і выхаваўчай работы. Крыху пазней раскажам пра яго ў адным з выпускаў праграмы «Эпізоды вялікай вайны».
У Год гістарычнай памяці мы ўзгадваем і пра нашых знакамітых землякоў, якія праславіліся на розных кантынентах. Узяць хаця б Мікалая Судзілоўскага. Этнограф, географ, хімік, біёлаг, урач-генетык. Ён стаў першым прэзідэнтам сената Гавайскіх астравоў. Родам з Магілёва. З 1892 года жыў на Гаваях, адстойваў правы карэнных жыхароў. Найцікавейшы факт: Судзілоўскі сустракаўся з Марксам і Энгельсам, яны выступалі на адным з мітынгаў. Для гавайцаў ён быў як Багушэвіч для беларусаў: тлумачыў каштоўнасць свабоды, культуры, дапамагаў ў судовых і гаспадарчых справах. І, вядома ж, лячыў. Ён меў шмат планаў, але ж на пасадзе прэзідэнта быў нядоўга, бо падаў у адстаўку: апошняй кропляй стаў законапраект, што забараняў хабар, і які правалілі самі ж карэнныя жыхары – канакі. Перабраўся ў Японію. Яго апошнім прытулкам стаў японскі востраў Амакуса.
А колькі такіх імёнаў знакамітых беларусаў можна прыгадаць! І гэта таксама наша гістарычная памяць, якой мы, нашчадкі, можам з поўным правам ганарыцца. Як лічаць гісторыкі, памяць – гэта не абстрактныя веды аб якіх-небудзь падзеях, іх удзельніках. Памяць – гэта жыццёвы вопыт нашых продкаў, перажытае і прачулае сэрцам і душой. Гэта тое, што назаўсёды з намі.