Сёння мы звернемся да старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Узгадаем пра Асвейскую трагедыю, вёску Росіцу ды пра іншыя, што ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.
Якраз у такія дні лютага 1943 года нямецка-фашысцкія акупанты правялі карную аперацыю супраць партызанаў і насельніцтва Расонска-Асвейскай партызанскай зоны «Зімовае чараўніцтва».
Нават у самой назве – страшэнны здзек і нечалавечая жорсцкасць. 206 жыхароў былі знішчаны аператыўнай групай СД: некаторых зажыва спалілі ў дамах, іншых сагналі ў кароўнік і падпалілі. Сярод забітых і каталіцкія святары – Юрый Кашыра і Антоній Ляшэвіч. Апошні быў расстраляны за настойлівыя просьбы пакінуць жывымі дзяцей. У 1999 годзе Папа Рымскі Іаан Павел другі далучыў іх да ліку святых.
За тры дні карнай аперацыі загінулі 1528 чалавек. Трагедыя закранула Верхнядзвінскі, Полацкі, Расонскі раёны Віцебскай, а таксама Себежскі Пскоўскай вобласці. Пазней карную аперацыю кваліфікуюць як злачынства супраць чалавечнасці.
Была некалі на Віцебшчыне і вёсачка Гісялёва. Таксама трапіла ў полымя той трагедыі. Памятаю, як падчас сустрэчы пра тыя жудасныя дні з 16 па 18 лютага 1943 года распавядаў старшы навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея, паэт і публіцыст, даследчык Асвейскай трагедыі Антон Бубала. Равеснік вайны, ён не мог стрымаць слёз, распавядаючы пра сваю матулю і тое, праз якія пакуты ёй давялося прайсці, ратуючы дзяцей ад смерці. На працягу многіх гадоў Антон Францавіч вядзе нястомную пошукавую работу, перапісваецца з нашчадкамі тых, каго закранула трагедыя, дзеліцца балючай і горкай праўдай, клапоціцца аб тым, каб людзі помнілі пра Асвею. Свайму краю, радзіме, роднай прыродзе, маці прысвяціў лірычную споведзь – кнігу «Бяроза над затокай». Ёсць і зборнік успамінаў «Па слядах вогненнай памяці». Набатам гучаць яго радкі:
А яшчэ ў такія дні лютага, зноў жа 1943 года, нацысты правялі карную аперацыю «Хорнунг». Падраздзяленні пад кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС Дырлевангера былі кінуты супраць Пінскага і Слуцкага партызанскіх злучэнняў, якія апынуліся ў крытычнай баявой сітуацыі. І толькі мужныя і прадбачлівыя дзеянні знакамітага партызанскага камандзіра Васіля Каржа ды іншых яго паплечнікаў дапамаглі ўмацаваць пазіцыі і праз месяц з баямі выйсці з акружэння.
Каб выратавацца ад навалы, у глыб палескіх лясоў і балот памкнулі і жыхары вёскі Новіны. Так здарылася, што браты Міхаіл і Іван Цубы не паспелі пакінуць свае сядзібы. Гітлераўцы прымусілі іх паказаць, дзе партызаны. Іван (яму было 75) павёў эсэсаўцаў далей ад родных хат, у глухамань і балоты. Карнікі, зразумеўшы, што трапілі ў пастку, расстралялі Івана Цубу, а крыху раней ад рук ворагаў загінуў і 70-гадовы Міхаіл. Іван Цуба паўтарыў подзвіг знакамітага Івана Сусаніна, выратаваў жыцці партызан і мясцовых жыхароў. Непадалёку ад шашы, каля вёскі Вялікі Лес, узведзены помнік братам Цубам, яго аўтары – скульптар Сяргей Селіханаў, архітэктары – Валянцін Занковіч і Леанід Левін. Вёска Новіна ў сярэдзіне 60-х перайменавана ў вёску Цубы. У горадзе Мікашэвічы ёсць вуліца, якая названа ў гонар братоў.
Варта прыгадаць сёння і Параф’янаўскі бой партызан брыгады «Жалязняк». Гэта таксама падзеі суровай зімы 1943 года. Яшчэ адна яркая старонка гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Якраз у ноч на 18 лютага партызанскія атрады нанеслі галоўныя ўдары ўздоўж чыгункі з боку ад станцыі Будслаў, у накірунку да лесапільні, складоў і казармаў нямецкага гарнізона. Непадалёку былі і склады з варожай зброяй. Партызаны спачатку адцягнулі ўвагу і абстралялі гарнізон у Докшыцах з мэтай заманіць туды частку сіл параф’янаўскага. План удалося ажыццявіць. У тым баі былі знішчаны дзясяткі гітлераўцаў, варожыя склады са зброяй, пашкоджана тэлефонна-тэлеграфная лінія сувязі.
І гэтыя, і многія іншыя старонкі тых баёў, асобных эпізодаў, пра якія мы ўзгадалі сёння, вяртаюць нас у мінулае, хоць і не такое далёкае. Як сцвярджаюць гісторыкі, для развіцця грамадства вельмі важна захаваць і перадаць нашчадкам свой перажыты вопыт і назапашаныя каштоўнасці, стаўленне да герояў, перамог і паражэнняў. У Год гістарычнай памяці такія вяртанні набываюць асаблівую актуальнасць і значэнне. Не раз у нашых выпусках мы гаварылі і пра «жывую памяць» аб тых страшных гадах. І хаця ўдзельнікі падзей пакінулі нас, засталіся сведчанні відавочцаў: успаміны дзядоў і прадзедаў, ваенныя рэчы і дакументы, фотаздымкі, лісты з фронту. Сведчанні вайны захоўваюцца не толькі ў музеях, але і ў хатніх архівах. Пра іх вы, паважаныя слухачы, таксама можаце расказаць.
Пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.
