Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра бацькоўскую хату можна гаварыць бясконца». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.12.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра бацькоўскую хату можна гаварыць бясконца». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Успамінаецца роздум адной нашай слухачкі. Не буду пераказваць даслоўна гэтую своеасаблівую оду роднай хаце, скажу толькі, што яна моцна запала ў душу. Наогул такія споведзі бадай самыя шчырыя і шчымлівыя. Так што сёння – пра бацькоўскую хату, якая заўсёды прытуліць, сагрэе ў хвіліны роспачы і адчаю, дасць сэрцу цяпла і адчування шчасця. І, як пяецца ў адной вядомай песні, «няхай яна і не багата», але ж наймілейшая на свеце «ў будні і ў святы».

Многае, вядома ж, адыходзіць у нябыт. Асобныя рэчы (ручнікі-саматканкі, абрусы-вышыванкі), посуд (конаўкі, збанкі, чыгункі, гаршкі), розныя прылады працы (дзежкі, рэшаты, сярпы), як і наогул традыцыі вясковага побыту. Каб захаваць і перадаць маладым пакаленням для асэнсавання гэтую духоўную спадчыну нашых продкаў, у краязнаўчых музеях краіны ёй прысвечаны асобныя залы і раздзелы. У нас шмат школьных музеяў, дзе ў вучняў фарміруецца цікавасць і любоў да побыту і культуры продкаў, да беларускіх народных традыцый.

З цеплынёй узгадваю, як вядомы паэт, даследчык і краязнаўца Сяргей Панізнік распавядаў пра стварэнне ўласнага музея ў вёсцы Цінкаўцы Верхнядзвінскага раёна. Назваў яго ў гонар былой гаспадыні – «Хатка бабкі Параскі». Ёсць у яго і другая красамоўная назва – Музей радзімазнаўства. Цудоўны прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства, якое зарадзілася яшчэ ў канцы 70-х гадоў.

Вясковая хата – незвычайная прастора! Асабліва ў даўніну. Як тут не ўзгадаць пра покуць – гэты своеасаблівы куточак храма. Там заўсёды віселі абразы, якія сваёй маўклівай малітваю асвячалі хату і яе жыхароў. Яны ўпрыгожваліся ручнікамі-набажнікамі, галінкамі вярбы, пучкамі жытнёвых каласоў, кветак і лугавых траў. Раней у хатах стаялі прасніцы, калаўроты, а позняй восенню з гаспадарчых пабудоў сюды «пераязджалі» і кросны. Пачыналіся попрадкі, ладзіліся вячоркі. Нашы продкі займаліся рамёствамі, рукадзеллем, таму не даводзілася доўгімі асеннімі ды зімовымі вечарамі сумаваць ды маркоціцца.

З прыемнасцю ўспамінаю нашы стасункі з Аленай Іванаўнай Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. У адным з лістоў яна расказала пра куфар, таксама неабходную рэч у хаце. «У кнізе «Памяць. Драгічынскі раён», у раздзеле «Быт і культура» застаўска-завершскім куфрам прысвечаны цэлы артыкул, – зазначае яна. – Падчас вяселля, калі малады забіраў нявесту, услед мужчыны выносілі куфар з пасагам. Куфар у Завершы не толькі частка хатняй мэблі, а і асаблівы сімвал заможнасці, даніна пашаны да продкаў. У хатах людзей больш сталага веку яны «жывуць» і дагэтуль, нагадваюць пра далёкую маладосць. І пра тыя гісторыі і таямніцы, што некалі з імі здараліся».

«Часам не знаходжу тлумачэнняў, чаму так цягне ў родны куток, у бацькоўскую хату, – дзеліцца з намі Кацярына Дзярковіч з Любанскага раёна. – Ну што там такога незвычайнага?.. Ні зручнасцей, ні выгод, а як толькі выхадныя, лячу туды. Там усё нагадвае пра дзяцінства, школьныя гады, родных людзей. Многае разумееш з гадамі. Як і тое, што ўсё гэта – найкаштоўнейшы скарб, які трэба цаніць і берагчы».

Памятаю прызнанні бацькоўскай хаце Гелены Альбінаўны Грынько і Галіны Сцяпанаўны Крупянковай з Мінска, Ліліі Радзівонаўны Зарэцкай з Пастаўскага, і Кацярыны Фярковіч з Браслаўскага раёнаў, і многіх-многіх іншых нашых слухачоў. У іх радках знітавана ўсё – любоў да роднай зямлі, краю, да людзей, працавітых і шчырых, да ўсяго таго, што перапаўняе сэрца самымі добрымі пачуццямі. А яшчэ ў вашых радках роздумы пра тое, што сцены роднай хаты заўсёды грэюць, што там самыя... смачныя дранікі і яешня, самая цёплая печачка і самыя салодкія сны! І пра тое, што дзеці і ўнукі асвятляюць сэнсам жыццё бацькоўскай хаты, прадаўжаюць яго. А тыя, хто забывае, страчваюць многае, часам незваротнае і непапраўнае.

Зноў узгадваюцца радкі з вядомай песні:

Калі тут бываем, дык многа не трэба,

Тут дыхаць лягчэй, тут сэрцу цяплей,

Заўжды адшукаецца хлеб і да хлеба

І добрае слова для добрых людзей.

Пра бацькоўскую хату можна гаварыць бясконца! Так што далучайцеся і вы да размовы. Пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: