Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра бульбу і бульбашоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.11.2022
«Звычайныя гісторыі. Пра бульбу і бульбашоў». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Сёння – пра бульбу. Усё цікавае вакол гэтай спрадвечнай культуры, якую вырошчваюць беларусы. Нездарма ж нас называюць бульбашамі.

Як сцвярджае вучоны-этнограф, гісторык ежы Тадэвуш Навагродскі, цытую, «гэты экзаэтнонім трывала замацаваўся за беларускім этнасам і звязаны з адным з элементаў матэрыяльнай культуры, якім з'яўляецца бульба. Яе па праву лічаць другім хлебам». Памятаю, як падчас сустрэчы ў праграме «Галерэя», ён распавядаў пра гэты своеасаблівы сімвал нашай культуры, стравы з бульбы, пра дранікі і менш вядомыя галубы, рэцэпт прыгатавання якіх захаваўся на Віцебшчыне ды ў іншых куточках Беларусі.

Цяжка нават уявіць, што яшчэ менш за 500 гадоў таму ні ў Еўропе, ні ў Беларусі пра бульбу нічога не ведалі, а сёння яе вырошчваюць у 130 краінах свету! На еўрапейскі кантынент, дакладна ў Іспанію, а затым і да нас, бульба завезена з Чылі. Менавіта гэтая паўднёва-амерыканская краіна і з'яўляецца яе радзімай. У Расію трапіла пры Пятры I. Спачатку сяляне не хацелі яе садзіць і есці, але калі пачаўся голад, то менавіта дзякуючы гэтай агародніне многія выратаваліся.

Ёсць звесткі пра тое, што масавае развядзенне бульбы на беларускіх землях звязана з дзейнасцю, кажучы больш сучаснай мовай, начальніка харчовага забеспячэння велікакняжацкага двара Стафана Сапегі. Ён з 15 гадоў вучыўся ў Бельгіі, шмат ездзіў па Еўропе. У 1664 годзе прывёз з Галандыі насенную бульбу. Першыя палі з'явіліся ва ўладаннях Сапегаў, цяпер гэта мясціны непадалёку ад горада Бярозы.

Жыве свая гісторыя пра бульбу і ў школьным музеі аграгарадка Дзешчанка Уздзенскага раёна. Кажуць, што гэта адзіны ў нашай краіне музей, прысвечаны другому хлебу. Створаны ў 2015 годзе. «Тэматычныя стэнды нашага музея расказваюць не толькі аб тым, як бульба трапіла да нас, а і пра людзей, што спрадвеку займаюцца яе вырошчваннем, – расказвае былы дырэктар Дзешчанскай школы Рамуальда Іванаўна Нямчонак. – Ёсць у нас матэрыялы і пра знакамітую зямлячку, трактарыстку Рэгіну Казіміраўну Сярко. За выдатную працу, у тым ліку і на бульбяных палетках, ёй быў уручаны дзесяцімільённы трактар, які выйшаў з канвеера Мінскага трактарнага завода». У музеі (экскурсіі звычайна праводзяць дзеці) можна даведацца і пра дынастыі бульбаводаў, сярод якіх сям'я Аляксадра Шпілеўскага з сынамі ды іншыя. Па ініцыятыве і спонсарскай падтрымцы былога дырэктара эксперыментальнай базы імя Суворава Вадзіма Вікенцьевіча Лойкі на цэнтральнай сядзібе ўстаноўлены памятны знак. На пастаменце – словы прызнання тром святыням беларусаў – хлебу, солі і бульбе. Штогод, у верасні, тут праводзяцца восеньскія кірмашы, бульбяныя фэсты.

Дарэчы, помнік бульбе не вельмі даўно з'явіўся і ў аграгарадку Тулава, што пад Віцебскам.

Шыльда на вялізным валуне ў полі сельгаспрадпрыемства «Баркоўскае» – таксама своеасаблівы помнік важнай для беларусаў культуры. Ёсць звесткі, што якраз на гэтым полі, паміж вёскамі Пешкі і Чарнякава Бярозаўскага раёна, упершыню ў Беларусі ў 1830 годзе мясцовы землеўладальнік Ігнат Шэміат пачаў вырошчваць бульбу.

Прызнаюся, сапраўдным адкрыццём для мяне стала тое, што, аказваецца, у нас, у Беларусі, бульбяныя мясціны – гэта менавіта Талачынскі раён. Чаму?.. Кінулася ў пошуках адказу. Але ж усё аказалася куды больш простым: тут, у раёне, паспяхова працуе і развіваецца прадпрыемства «Талачынскі кансервавы завод». Сёлета яго бульбяныя палеткі склалі тысячу гектараў! Уяўляеце, якія гэта неабсяжныя прасторы! «Бульба – наша нацыянальная культура, – дзеліцца з намі яго дырэктар, выпускнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, вядомы ў нашай краіне кіраўнік Анатоль Анюхоўскі, – яе не проста вырошчваць, але ж і рэнтабельнасць высокая, таму будзем пашыраць плошчы». І далей Анатоль Васільевіч расказаў пра сваю вялікую гаспадарку і тое, што, акрамя бульбы, займаюцца збожжавымі, рапсам, ягаднымі культурамі. Дарэчы, на асобных ягадніках збор механізаваны: маецца 4 камбайны, ёсць і самаходны. Тут і сад, лічба таксама ўражвае – каля 500 гектараў! Пытаюся ў Анатоля Васільевіча, што значыць для яго праца на зямлі і якое прызнанне зрабіў бы ёй?.. «Хто працуе на зямлі, той наталяецца яе сілай, энергіяй, прыгажосцю!.. Бачыць квітнеючыя сады, тыя ж бульбяныя палеткі, тое, як пераліваецца-хвалюецца збожжавае мора, – гэта ж штосьці неверагоднае! І ў кожнай пары, нават позняй восені, ёсць сваё хараство!..»

А яшчэ ён ахвотна пачаў распавядаць пра сваіх аднадумцаў, знакамітых кіраўнікоў сельскай гаспадаркі – Рыгора Купрыянавіча Шпакава з Рэчыцкага раёна, Аркадзя Тарасавіча Кобрусева з Гомельскага. Ім ужо пад 90, а яны па-ранейшаму самааддана гаспадараць на зямлі і ў гэтым бачаць сваё чалавечае шчасце.

Сваё прызнанне зямлі, бацькоўскаму куточку і нават гаспадыні палеткаў – бульбе вы таксама можаце зрабіць. Дасылайце лісты на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: