Сёння – пра дарогі! Бальшакі і тыя, пра якія кажуць, «мясцовага значэння»: прасёлачныя, вясковыя, палявыя, лясныя... Тыя, што вялі некалі да млына ці на сажалку, за прысады, на луг ды іншыя куточкі. У многіх нашых слухачоў (і гэта бачна з лістоў) – гэта дарогі маленства. Успаміны пра іх шчырыя і кранальныя. А часам шчымліва-балючыя.
Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з педагогам Наталляй Грамыка. Наталля Казіміраўна выкладае грамадскія дысцыпліны ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі.
«Мне прыгадваецца брукаванка, якая вяла некалі да ракі Ваўнянкі. Гэта Стаўбцоўшчына, мая радзіма. Даўней на рацэ было ажно восем ці дзевяць млыноў, – дзеліцца яна, – паабапал дарогі рос алешнік. Цяпер там сапраўдныя шаты, што «з небам гавораць», як казала мая матуля. Ніхто не ездзіць па той брукаванцы, не шумяць колы. Гэта ўжо згубленая дарога... Шкада, што яны знікаюць». І далей пра тое, як аднойчы яна паспрабавала зняць кавалачак дзірвану, даскрэбціся да самой брукаванкі. Пераканалася, яна на месцы, пад пластом зямлі, сапрэлых лісцяў. Пад пластом часу.
І якое ж было маё здзіўленне, калі ўбачыла на прасторах інтэрнэту, што ёсць нават сайт, дзе яго арганізатары прапаноўваюць збіраць цікавыя звесткі пра мясцовыя дарогі і нават стварыць іх каталог! Вось што піша Міхаіл: «Любая брукаванка – гэта рамантыка. Тое, што засталося ад былых часоў і чаго з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Ці то заросшая вясковая вулачка, камяні на якую збіралі па агародах, ці то дарога паміж населенымі пунктамі, так званы брук. Шмат старых дарог каля Івянца, у Валожынскім раёне ды іншых. Аднаму чалавеку ўсюды прайсці амаль што немагчыма, затое разам мы можам скласці каталог беларускіх брукаванак».
А вось яшчэ цікавы факт! У балцкіх плямёнаў існавалі брукаваныя дарогі, якія праходзілі нават праз водныя перашкоды: раку, возера, балота, так званыя кулгрынды. Мелі абарончы альбо культавы характар, часцей вялі да гарадзішча ці святынь. Легендамі пра кулгрынды ахутана возера Свіцязь.
Даводзілася чытаць і пра тое, што ў нас ёсць, так бы мовіць, нефармальны Дзень брукаванак – 27 мая 2015 года. Якраз тады і былі ўзгоднены дакументы па ўвекавечанні шляху каля Стоўбцаў, як помніка дарожнаму будаўніцтву. А колькі такіх па ўсёй Беларусі!
Сярод герояў радыёпраграмы «Галерэя» нямала сапраўдных вандроўнікаў! Як толькі настае летняя пара, яны ў дарозе. На сваіх абраных маршрутах. Як тут не ўспомніць мастака і фотааматара Станіслава Абару з Мінска! Мінула нямала часу з той сустрэчы, а я і цяпер памятаю яго захапленне дарогамі. Слухаеш і адчуваеш, як «блішчыць возера Шо» ў Глыбоцкім раёне, як «вецер гушкае масточак» на Лагойшчыне, хвіліна-другая, і вось ужо мы на дарогах-сцяжынах Язэпа Драздовіча, Ігната Буйніцкага, Васіля Быкава на Віцебшчыне. Памятаю, як ён казаў: «У дарозе ўсякае здараецца, але калі ты з дабром да людзей, яны заўсёды дапамогуць, раскажуць, падкажуць, запросяць вады напіцца, падмацавацца».
Нашы даўнія і добрыя сябры Вячаслаў Адамавіч і Соф’я Аляксандраўна Меляшкевічы з пасёлка Мар’іна Пухавіцкага раёна не раз распавядалі пра дарогі сваёй маладосці. І тую, якая аднойчы прывяла да знаёмства. Каб быць усё жыццё разам. Вячаслаў Адамавіч даслаў свой аповед пра дарогу на Курчы: некалі быў такі хутар у Смаргонскім раёне, адкуль родам яго Соф’я. Некалькі гадоў таму яны паехалі туды з сям’ёй, з сынам і дарослым унукам. Гэта была вельмі кранальная, напоўненая шчырымі эмоцыямі, сустрэча.
Часта даводзіцца чуць пра тое, што значаць у нашым жыцці дарогі. Бо гэта ж не толькі частка транспартнай інфраструктуры той ці іншай краіны. «Дарога гістарычна ўвайшла ў духоўны свет чалавека ад прымітыўнай магіі да твораў мастацтва, ад дарожных рытуалаў да філасофскіх ведаў», – радкі з прадмовы да кнігі Армена Сардарава, якая так і называецца «Кніга пра дарогі». Армен Сяргеевіч – доктар архітэктуры, педагог, дызайнер, фотамастак. Адзін з аўтараў знака «Нулявы кіламетр», сімвалізуе пачатак усіх дарог Беларусі.
І яшчэ. Лета – пара вандровак. Па дарогах дзяцінства таксама. У кожнага яны розныя: бойкія шасэйкі і сціплыя прасёлачныя, непрыкметныя, патанаючыя ў зеляніне, лясныя. І брукаванкі, якія некалі аддана служылі людзям, а цяпер, як кажуць, «пайшлі на спачын». Але ж яны – своеасаблівыя помнікі дарожнага будаўніцтва. І гэта таксама гісторыя нашых продкаў. Давайце і пра гэта памятаць. І сёлета, у Год гістарычнай памяці, і заўсёды.
Кажуць, дарогі ніколі не заканчваюцца, а вандроўнік трапляе на іншую, зачароўваецца ёю, адкрывае іншыя гарызонты, далучаецца да новых сустрэч і знаёмстваў.
Раскажыце і вы пра свае самыя незабыўныя дарогі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.