У чарадзе калядных свят нашы продкі адзначалі і дзень дамачадцаў. Менавіта 10-га студзеня. Лічылася, што ў гэты дзень здзяйсняюцца самыя запаветныя сямейныя мары і жаданні.
Напрыклад, на Русі людзі збіраліся дзе-небудзь на высокай гары, убівалі ў зямлю кол, завязвалі на ім стужкі (кавалачкі тканіны) і пры гэтым загадвалі свае жаданні. Збіраліся сем’ямі не толькі за калядным сталом, а і за хатнімі справамі. Забаранялася лаяцца і скандаліць. Лічылася, што калі ў гэты дзень «замовіць» соль, пасыпаць ёю стравы, дык год у сям’і пройдзе без сварак ды звадак.
«Усе мы некалі вельмі любілі зімовыя святы – Новы год, Каляды, Шчадрэц, – гэта я прыгадваю радкі з ліста ад Валянціны Данілаўны Перапечка з вёскі Саковічы Салігорскага раёна, – у тыя далёкія гады моладзі ў вёсцы было шмат, збіраліся вялікім гуртом, калядавалі. Калі я вучылася дзесьці ў класе трэцім, пасля Шчодрыка мае бацькі ўгледзелі намаляваную чарнілам сцежку ад нашай хаты да суседняй». І далей пра тое, што гэта былі штукарствы вясковай моладзі, намёк на тое, што дзяўчынка (аўтар гэтых радкоў) падабалася суседскаму хлопчыку-аднакласніку, вось яны, так сказаць, і «злучылі» гэтай сцежкай іх хаты.
А колькі такіх ды іншых дзівосных і неверагодных гісторый адбываецца падчас фальклорнага карнавалу ў старажытным Давід-Гарадку! Хутчэй за ўсё многія з вас чулі пра фэст «Конікі», якому споўнілася вось ужо больш за сто гадоў! У ноч на Стары Новы год, як толькі на небе з’яўляюцца першыя зоркі, гурты пераапранутых вершнікаў (на спецыяльна змайстраваных «коніках») і ў вобразах самых розных фальклорных герояў – выходзяць на вуліцы. Паўсюдна гучыць музыка, жарты, спевы, віншаванні і пажаданні на ўвесь год. Дзея працягваецца амаль што да рання. Ці то праўда, ці то легенда, але ж кажуць, што некалі ў гэтым фэсце прымаў удзел вядомы рускі паэт Аляксандр Блок. Ён служыў у тых мясцінах, так што магчыма, так і было.
«Мая гісторыя – пад Стары Новы год. Было гэта ў сярэдзіне 60-х. – Радкі з ліста ад Валянціны Пякарскай з вёскі Сянькоўшчына Слонімскага раёна. – Скончыла школу, працавала бібліятэкарам у адной з вёсак нашага раёна. Зіма тады выдалася снежная, марозная. А ў той дзень, 14 студзеня, усхадзілася мяцеліца. Але ж мне вельмі хацелася трапіць дадому, бо якраз у мяне быў дзень нараджэння». І далей пра тое, як дабіралася, спачатку на аўтобусе, потым яе падвезлі на санях, па цемнаце, калі ані агеньчыка, ані гуку, толькі наўкол завіруха. Але ж ўсё скончылася жаданай сустрэчай з родным домам.
Алена Іванаўна Раманоўская з аграгарадка Роўбіцк Пружанскага раёна, што на ўскрайку Белавежскай пушчы, таксама прыгадала зімовую гісторыю. Расказала пра нечаканую знаходку, калі аднойчы яна спяшалася на цягнік. Гэта быў гадзіннік на ланцужку. З надпісам «Крысціне ад Юрыя, 1986 год». «Цікава, каму ён належыў? Магчыма, Юрый падарыў Крысціне? А можа нават яна выкінула яго ў роспачы, расчараваная...» – дадае аўтар. Апошняя версія мяне неяк асабліва ўразіла. Ва ўсякім разе за гэтай знаходкай – магчыма незвычайная гісторыя кахання.
Сапраўдную навагоднюю і калядную казку можна ўбачыць і адчуць на невялічкай дачнай сядзібе мастака і фатографа Уладзіміра Цвіркі. У яго скарбніцы – знаходкі з розных куточкаў Беларусі: малатарня і калысачка, «дзедмарозаўскі» посах і дошчачка, якой некалі падбівалі саламяныя стрэхі. Вышыванкі, ручнікі, старадаўнія гадзіннікі. На сядзібе і млын, дзеючы вятрак, праўда, маленькі, вышынёй усяго тры метры. Проста цуд! Усе гэтыя рэчы, праз якія можна ўбачыць, як кажа ён сам, нашу «бясконца чароўную Беларусь». Праект Уладзіміра Цвіркі «Здымак выпадковы» (яго можна ўбачыць у сацыяльных сетках) – гэта кранальная любоў да роднага краю: старадаўніх сядзіб і замкаў, крыніц, крыжоў, камянёў. Да простай вясковай хатачкі – з сенцамі, ганкамі, вокнамі, дзвярыма і нават... клямачкамі! Шчырая любоў да людзей з глыбінкі! Свае здымкі фотамастак дапаўняе-аздабляе гаворкамі з бабулямі-дзядулямі.
І яшчэ. Здаўна Каляды вызначаліся дабрачыннымі справамі і ўчынкамі. Прынята ў такія дні дапамагаць адзінокім людзям, састарэлым, хворым, аказваць падтрымку бальніцам, прытулкам, дзіцячым дамам. Вельмі важна для чалавека і проста добрае слова, сказанае своечасова.
Мяне вельмі ўразіла Лідзія Радзівонаўна Зарэцкая, вядомая ў Беларусі майстрыха-вышывальшчыца з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна. Яна напісала і адправіла ажно 80 (!) навагодня-калядных віншавальных паштовак сваім родным блізкім і знаёмым. Не праз інтэрнэт, асабіста, ад рукі – кожнаму! Уяўляеце?!.
Чакаю і я вашых звычайных (а можа і незвычайных) жыццёвых гісторый, паважаныя радыёслухачы. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4. Дом радыё.