Спачатку падалося, што гэты красавіцкі дзень не вызначаецца асаблівай адметнасцю. Але ж, як аказалася, менавіта 23 красавіка – Сусветны дзень кнігі. І неяк нязмушана пацягнуўся «ланцужок»: падумалася пра кнігу, якая «дапамагае з’яднаць чалавецтва ў адзіную сям’ю з агульным мінулым, гісторыяй і культурнай спадчынай», пра кнігі-юбіляры – аказваецца, сёлета прадстаўлены такі спіс. А яшчэ хутка Вербніца ў праваслаўнай канфесіі. Усё гэта і настроіла на роздумы пра ўзвышанае і зямное.
Што да Сусветнага дня кнігі, дык першапачатковая ідэя правядзення свята належала Міжнароднай асацыяцыі кнігавыдаўцоў і была прапанавана на разгляд ЮНЕСКА, якая і абвясціла гэты дзень у 1995 годзе. Дата 23 красавіка выбрана невыпадкова – у гэты дзень нарадзіліся такія вядомыя пісьменнікі, як Марыс Друон, Уладзімір Набокаў, пайшлі з жыцця Мігель дэ Сервантэс, Інка Гарсіласа дэ ла Вега, Уільям Шэкспір. Мэта дня – «прыцягнуць увагу дзяржаўных органаў і грамадскасці розных краін свету да кнігі як крыніцы атрымання ведаў, сродкаў выказвання і камунікацыі, ролі кнігі і аўтарскага права ў развіцці культуры свету, талерантнасці і міжкультурнага дыялогу».
З цікавасцю даведалася і пра тое, што з 2001 года ЮНЕСКА праводзіць штогадовы адбор Сусветнай сталіцы кнігі. У адборачны камітэт уваходзяць уплывовыя арганізацыі – Міжнародны саюз выдаўцоў, Міжнародная федэрацыя кнігагандляроў, Міжнародная федэрацыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў. Сусветнымі сталіцамі кнігі ў свой час былі Мадрыд і Александрыя, Манрэаль і Турын, Амстэрдам і Любляна, Ерэван і Бангкок, і некаторыя іншыя. Сёлета тытул Сусветнай сталіцы кнігі перайшоў да Тбілісі.
Калі гаворка заходзіць пра кнігу, сярод славутых імён нашай Бацькаўшчыны мы, вядома ж, у першую чаргу ўзгадваем слыннага асветніка Францыска Скарыну, які ўпершыню выдаў Біблію па-беларуску. Некалькі гадоў таму адзначалася 500-годдзе гэтай адметнай падзеі. Біблія Скарыны выйшла значна раней, чым яе пераклады на англійскую і французскую мовы.
Уражвае і той факт, што напісаная амаль два тысячагоддзі таму, яна застаецца самым папулярным выданнем усіх часоў. Неверагодна, але ж яе друкаванне не спыняецца ні на секунду.
«Мы заўсёды звяртаемся да галоўнай Кнігі, спрабуючы знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, – дзеліцца з намі Крысціна з Мінска, – асабліва ў дні вялікіх свят. Хутка Вербніца. Свята сапраўднай вясны, прадчуванне нечага добрага і светлага. З галінкамі вярбы нашы продкі неслі ў свае дамы і сем’і любоў, надзею і веру».
Як заўважае мастацтвазнавец Яўген Шунейка, у беларускім мастацтве 1980-х творцы таксама звярталіся да матываў вербнай тэматыкі. Сярод іх – вядомы вучоны-фалькларыст Міхась Раманюк. «Тыя па-народнаму геніяльна-простыя галінкі, здаецца, немагчыма паўтарыць, і толькі Раманюкова рука магла перадаць вобразны цуд некалькімі штрыхамі. А ўражанне – што сапраўды прыйшло духоўнае ачышчэнне на нашу зямлю, і мы бачым-адчуваем яго першае дыханне».
Свята вярбы хвалявала і мастака-графіка Уладзіміра Савіча. Дарэчы, ён быў госцем радыёпраграмы «Галерэя», распавядаў пра тое, як важна знайсці ў выяўленчым мастацтве «ноту гучання сваёй зямлі», адчуць яе колеры душой і ўвасобіць усё гэта ў «мастацкія імправізацыі і філасофію сваіх твораў».
«Гэтую кнігу можна назваць энцыклапедыяй, даведнікам жыцця беларускага народа, яго фальклору, культуры, традыцый», – зазначаецца ў прадмове да твора Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Чаму мы пра гэта ўзгадваем менавіта сёння? У Сусветны дзень кнігі апублікаваны спіс беларускіх кніг-юбіляраў. Ім па 55, 60, 95 і больш гадоў. Сярод іх і згаданая Яна Баршчэўскага: 175 гадоў таму яна выйшла з друку. У гэтым спісе – найцікавейшыя творы, наша духоўная спадчына. Іх варта прачытаць, хто яшчэ не паспеў гэта зрабіць. Назаву хаця б некаторыя: «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча, «На прасторах жыцця» і «Казкі жыцця» Якуба Коласа, «У краіне райскай птушкі» Янкі Маўра, «Трэцяя ракета» Васіля Быкава, «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча, «Подых навальніцы» Івана Мележа і многія іншыя.
І яшчэ. У гэтыя спавядальна-шчымлівыя дні, разважаючы пра ўзвышанае і зямное, многія ў думках вяртаюцца да сваіх родных мясцін, да хаты, дзе прайшло маленства, дзе некалі ўсё чысцілася-прыбіралася-абнаўлялася да велікоднага свята. І дзе матуля ля веснічак выглядала сваіх дзяцей, радавалася, што завітаюць у госці.
Падумалася: тут столькі ўспамінаў, гісторый. Знайдзіце час, каб і нам пра іх расказаць. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.