У гэтыя вераснёўскія дні мы часцей за ўсё гаворым пра школу, веды, кнігу. Пра чарговае свята – Дзень беларускага пісьменства, якое пройдзе ў Капылі ў гэтыя выхадныя.
Прыгадваецца вядомае выказванне асветніка-гуманіста Францыска Скарыны: «Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы». Гэты зварот, які дайшоў да нас з глыбіні стагоддзяў, актуальны і цяпер. І што б мы ні казалі, кніга жыла і будзе жыць! Магчыма, у іншых сучасных варыянтах, формах і фарматах. Аднак, згадзіцеся, нішто не можа замяніць шалахценне кніжных старонак ды пах друкарскай фарбы. У гэтым ёсць свая непаўторная магія.
«Памятаю сябе маленькай, яшчэ ў школу не хадзіла, а ў вясковую бібліятэку часта бегала, шмат чытала. Мае бацькі любілі і шанавалі кнігу, асабліва татусь (вось так пяшчотна называе яна свайго тату)», – дзеліцца з намі настаўніца, жыхарка вёскі Савічы Пастаўскага раёна Рэгіна Норбертаўна Ластоўская. І далей распавядае пра тое, што ў іх сям’і было трое дзяцей. Старэйшы брат чытаў малодшым. І дагэтуль помняцца тыя пасядзелкі на печы. Здаецца, усе казкі народаў свету тады перачыталі. Цяпер Рэгіна Норбертаўна найбольш цікавіцца гістарычнай літаратурай, кнігамі ваенна-патрыятычнай тэматыкі, асабліва, што тычыцца старонак Вялікай Айчыннай вайны. На працягу многіх гадоў яна, настаўніца гісторыі, узначальвала школьны музей. Не развітваецца з ім і цяпер. Вельмі дбае аб тым, каб хлопчыкі і дзяўчынкі ведалі гісторыю свайго краю, цікавіліся лёсамі вядомых людзей, сваіх землякоў, каб ганарыліся мінулым, раслі сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны.
Часам кніга ці асобныя яе радкі выклікаюць цёплыя настальгічныя ўспаміны. Якраз гэта адзначае ў сваім лісце Алена Тумасыкова-Ярмошык з Кобрына. Даруйце, калі не так, прозвішча напісана неразборліва. Яе вельмі ўсхвалявала, узрушыла кніга Анатоля Дзенісейкі «Вёска Заніўе – у люстэрку часу». Якраз там жылі яе дзядуля з бабуляй, яна кожнае лета прыязджала да іх на канікулы. «Утульны дагледжаны падворак, хата з саламяным дахам, хлеўчукі і клуня, калодзеж з жураўлём, гародчык, дзе раслі вішні, грушы, акацыя, бэз. І альтанка, дзе мы збіраліся з маімі сяброўкамі. Чытаеш гэтую кнігу пра вёску Заніўе і нібыта наноў перажываеш усе тыя цёплыя і незабыўныя малюнкі дзяцінства», – заўважае Алена.
«Кнігі захапляюць не толькі сваім сюжэтам, лёсамі герояў, яны дапамагаюць зразумець сябе і навакольны свет. Згадзіцеся, гэта яшчэ і задавальненне, і радасць, і неацэнная карысць», – дзеліцца з намі наша слухачка Ірына з Мінска. Не раз у сваіх лістах прызнанне кнізе выказвалі Валянціна Сачык з вёскі Нізок Уздзенскага раёна, Ніна Лазарэнка з Чэрыкава, Генадзь Маркоўскі з Маладзечна, Мар’ян Дзевяцень з пасёлка Войстам Смаргонскага раёна і многія іншыя.
У гэтыя выхадныя ў Капылі вось ужо ў 28 раз збяруцца на свята кнігі ўдзельнікі Дзён беларускага пісьменства. З гэтай прыгожай і старажытнай зямлёй звязаны імёны такіх вядомых творцаў, як Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Адам Русак, Анатоль Астрэйка. Столькі жыццёвых і творчых гісторый, адметных і знакавых мясцін, сустрэчы з якімі дапоўняць нашы веды пра гэты край, яго людзей. Пра кнігі, вытокамі для якіх стала менавіта капыльская зямля.
Да свята беларускага пісьменства ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшла кніга, якая мае назву «Сустрэча з пісьменнікам, або як зрабіць урок чытання любімым». Як зазначае аўтар ідэі і ўкладальнік, педагог, выкладчык Ірына Буторына, кніга нарадзілася з унікальнага праекта, які ажыццяўляецца вось ужо на працягу некалькіх гадоў. Разам са студэнтамі, будучымі настаўнікамі пачатковых класаў, у школах праводзяцца ўрокі літаратурнага чытання з удзелам вядомых пісьменнікаў. У кнізе сабраны аўтабіяграфічныя эсэ з падарожжам у пару іх маленства, сталення – гэта супольная вандроўка з чытачом па дарогах жыцця. Дарэчы, у чарговым выпуску праграмы «Галерэя», які прагучыць у эфіры 4 верасня ў 9.05 з паўторам на наступны дзень у 11.15, Ірына Буторына распавядзе больш падрабязна пра гэтую кнігу, а таксама ўзгадае пра сваё дзяцінства, навуковыя і творчыя набыткі, захапленні і г.д.
«Праходзілі вякі, адыходзілі ў нябыт пакаленні, знікалі магутныя дзяржавы, а кніга – вялікі цуд, створаны чалавечым розумам, – жыла, хвалявала сэрцы, абуджала думку», – зазначыў некалі вядомы пісьменнік і літаратуразнавец Сцяпан Александровіч. Дарэчы, родам ён з Капыльшчыны.
Хочацца верыць, што так яно будзе і далей.
Расказвайце і вы, паважаныя слухачы, пра тое, што чытаеце, якія вашы любімыя творы і наогул пра тое, што значыць у вашым жыцці кніга. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.