Дзень 24-га чэрвеня 1944 года – знакавая дата ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас аперацыі «Баграціён» прарвана абарончая лінія нямецкіх войскаў. У выніку наступлення 1-га Прыбалтыйскага і 3-га Беларускага франтоў, а таксама 1-га Беларускага 26 чэрвеня вызвалены Віцебск, Жлобін, 27-га – Орша, 28 чэрвеня – Магілёў, Шклоў, Быхаў, Асіповічы.
Пад націскам Чырвонай Арміі гітлераўскія захопнікі адступалі. Якраз у канцы чэрвеня 1944 года акружана і знішчана вялікая групоўка варожых войскаў у так званым «Бабруйскім катле». Нашы часці набліжаліся да Мінска. І 3 ліпеня 1944 года танкісты і пехацінцы 1-га і 3-га Беларускіх франтоў вызвалілі сталіцу Беларусі. Вядомыя старонкі гісторыі, пра якія мы не раз распавядалі на хвалях Беларускага радыё.
Зараз мне ўзгадваецца сустрэча з галоўным ландшафтным архітэктарам прадпрыемства «Мінскпраект» Ганнай Аксёнавай. Мінула нямала гадоў з нашай першай сустрэчы, але амаль штогод, калі набліжаецца ліпеньскае свята, лічу сваім абавязкам ёй патэлефанаваць. Пацікавіцца, што зроблена калектывам пад яе кіраўніцтвам для захавання памяці пра тыя падзеі. І заўсёды чую захопленага, адданага сваёй справе чалавека. Ганна Аляксееўна час ад часу наведваецца на «свае аб’екты», а гэта – Плошча Перамогі, Лошыца з яе рамантычным паркам, Сляпянка, Плошча Дзяржаўнага Сцяга, паркі і скверы сталіцы. Дарэчы, якраз сёлета, 3 ліпеня, у сталічным парку Перамогі адбудзецца адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Жывая памяць удзячных пакаленняў». Яе аўтары – скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, архітэктар Ганна Аксёнава. Захапляе глыбіня мастацкага вобраза гэтага твора, дзе і даніна мінуламу, і сімвал працягу жыцця.
Увасабленне подзвігу народа праз творы мастацтва па-ранейшаму хвалююць нашу тэатральную супольнасць. Не вельмі даўно на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пастаўлены спектакль паводле вядомага твора Васіля Быкава «Альпійская балада». Як заўважыў у сваіх мемуарах пісьменнік, гэты сюжэт ён прыдумаў на аснове рэальнай гісторыі. Знаходзячыся ў 1945 годзе ў аўстрыйскай частцы Альпаў, ён сустрэў былую палонную канцлагера, італьянку, якая шукала рускага ваеннапалоннага Івана. Яркая па сваёй эмацыянальнай сіле гісторыя пра каханне, захаванне міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах, яна стала сюжэтам многіх мастацкіх твораў – у кіно, музыцы, тэатры. Таму можна толькі ўявіць сабе як няпроста было рэжысёру Святлане Навуменка распачынаць працу над гэтым спектаклем. Перад эфірам Святлана падзялілася з намі і тым, што з самага маленства палюбіла Мінск і яго ваколіцы. Асабліва падабаецца ёй Лошыцкі парк, былая сядзіба і замак. І гісторыя пра апошніх яе ўладальнікаў – Яўстафія Любанскага і яго жонкі Ядвігі. «Там такая атмасфера, што зусім няцяжка паверыць у розныя прывіды, пра тую ж панну Ядвігу, там усё дыхае гісторыяй. Гэта мой любімы куточак», – кажа Святлана Навуменка.
Так многа хочацца сказаць сёння пра Мінск і тыя, як зазначыў паэт, «вянкі гісторыі», што ўславілі лёс горада. Сёлета яму споўніцца 955 гадоў! Кожная вуліца і вулачка, плошча, сквер – аўтографы далёкай мінуўшчыны. А што казаць ужо пра Верхні горад, Мінскае замчышча, Ракаўскае прадмесце, пра гістарычны цэнтр, дзе захаваліся помнікі архітэктуры, праваслаўныя і каталіцкія храмы ды іншыя забудовы. Сімвал горада – ратуша. І тут таксама свая найцікавейшая гісторыя! Ратуша – гэта орган гарадскога самакіравання, а таксама будынак, дзе чынілася ўлада. У перыяд феадалізму з’яўленню ратуш у развітых гарадах папярэднічала прысваенне (альбо дарэнне) Магдэбурскага права, якое рэгламентавала гандлёвае, юрыдычнае, рамеснае жыццё горада. Так было і з Мінскам. Мяняліся часы, законы, і падчас царствавання Мікалая I мінскую ратушу знеслі. Яна адрадзілася толькі ў 2002-04 гг. Пад яе дахам размяшчаецца музей горада Мінска, на другім паверсе – зала для пасяджэнняў і прыёму ганаровых гасцей. На шпілі адноўленага будынка замацаваны флюгер і герб. Ёсць і гадзіннік, які вядомай мелодыяй кампазітара Ігара Лучанка адбівае кожную гадзіну.
Дарэчы, заўтра, у суботу, у 9:05 у праграме «Галерэя» сустрэча з архівістам, краязнаўцам, гісторыкам культуры Уладзімірам Дзянісавым. Уладзімір Мікалаевіч – вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, аўтар гістарычна-архіўных даследаванняў, якія з’явіліся падставай для рэстаўрацыйных прац на шматлікіх помніках архітэктуры Мінска. Таксама даследуе памятныя мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю нашых вядомых асоб з мінуўшчыны. Пра ратушу ён таксама раскажа.
І яшчэ. Свае гісторыі, звычайныя і незвычайныя, дасылайце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.