Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра павагу і пашану». Радыёблог Валянціны Стэльмах
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.01.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра павагу і пашану». Радыёблог Валянціны Стэльмах

Аднойчы была сведкай размовы маці з яе сямігадовай дачкой – пра тое, што такое павага і як яна, малая, разумее гэтае патрабаванне маралі. Якое ж было маё здзіўленне, калі дзяўчынка, адарваўшыся ад сваіх амаль што заўсёдных «мульцікаў», сказала: «А навошта мне гэта?.. Мне і так добра!..»

Ну што ж, падумалася, магчыма ранавата размаўляць пра такія катэгорыі, няхай падрасце. А можа, занепакоілася я, мы мала гаворым пра гэта, вось дзеці і не ведаюць, здавалася б, зусім простыя ісціны.

Дык што ж такое павага?..

«Гэта адно з найбольш важкіх патрабаванняў (менавіта так!) маралі, якое выяўляецца ў паважлівых адносінах да людзей і заснавана на прызнанні годнасці асобы, – сведчаць кампетэнтныя крыніцы. – Адзін з асноўных паказчыкаў годнасці асобы або сацыяльнай групы, іх аўтарытэту і бездакорнай маральнай рэпутацыі.»

«Паважай сябе, калі хочаш, каб цябе паважалі», – выказванне іспанскага празаіка і філосафа ХVII стагоддзя Бальтасара Грасіяна стала амаль што прымаўкай. «Вось адсюль і трэба пачынаць, – распавядала падчас тэлефоннай размовы наша слухачка Святлана з Мінска. – Калі ты самадастатковая асоба, не дазваляеш адносіцца да сябе непаважліва, наўрад ці зможа хто парушыць адмоўнымі эмоцыямі тваю прастору. Але ж не варта забываць і пра тое, што трэба прымаць (і паважаць!) любога чалавека такім, які ён ёсць, бо ў кожнага – свая гісторыя, сваё жыццё і свае прынцыпы. А гэта ўжо атрымліваецца далёка не ва ўсіх.»

«Колькі б мы ні разважалі пра высокія катэгорыі і мараль, у звычайным жыцці бачым, на вялікі жаль, нямала выпадкаў, калі тыя ж, скажам, маладыя маці не паважаюць сваіх дзяцей, не бачаць у маленькім асобу, павышаюць голас, а то і проста зрываюцца на крык, маўляў, маўчы, як я сказала, так і будзе, – выказвае свае думкі яшчэ адна наша слухачка. – Часта становішся выпадковым сведкам такіх «дыялогаў». Робіцца прыкра, аж сэрца сціскаецца. Шкада. Пачуццё ж пачцівасці не падладжваецца пад узрост, на яго мае права кожны, у тым ліку і дзіця», – дадае наша суразмоўца.

Павага да людзей старэйшага ўзросту – тэма асобнай гаворкі. У многіх народаў, асабліва на Каўказе, гэта няпісанае правіла, традыцыя, якая не патрабуе нейкіх асаблівых рытуальных дзеянняў. Гэта закладзена чалавечай прыродай на генным узроўні. Найлепшы доказ павагі да старэйшага – учынак, жаданне дапамагчы ў той ці іншай сітуацыі ці хаця б проста падаць руку, прапусціць у транспарце, канешне ж, саступіць месца і г.д. Здавалася б, усё вельмі проста, галоўнае – мець жаданне. А яго, як бачна, на кожным кроку, на вялікі жаль, не хапае.

«Павага да мінулага, продкаў – гэта тое, што дае духоўную моц і апірышча. Ты больш упэўнена і цвёрда стаіш на нагах», – узгадваю радкі з ліста Алены Лазарчук з Брэста. Яна таксама згаджаецца з вядомым выказваннем пра тое, што павага да сваіх бацькоў – шлях да шчаслівага жыцця.

Нядаўна сустракалася з мінчанкай, былой супрацоўнікай аднаго з навукова-даследчых інстытутаў, прыхільніцай Беларускага радыё Валянцінай Сяргееўнай Дабрыцкай. Дарэчы, інтэрв’ю з ёй прагучыць у гэтую нядзелю, 19 студзеня, у 16 гадзін, у праграме «Эпізоды Вялікай вайны». Не абмінулі і гэтую тэму: «Трэба берагчы і паважаць усё роднае, краіну, людзей, нашых працавітых беларусаў. Ведаць і шанаваць мінулае, сваю гісторыю. Тое, як мы ставімся да прыроды, – гэта ж і наша культура, і пачуццё адказнасці да тых мясцін, адкуль усе мы выйшлі. Зрэшты, гэта павага да ўсяго святога», – падсумавала Валянціна Сяргееўна.

Неяк пачула ад сваёй сяброўкі і зусім простую думку, нават трошкі нечаканую: «Стаяць на эскалатары ў метро справа, не замінаць, быць уважлівымі адно да аднаго – гэта ж таксама праяўленне павагі!..»

А яшчэ павага да жанчыны – доўг прадстаўнікоў моцнага полу. Гэтаму варта вучыць хлопчыкаў з маленства, тады яны вырастуць сапраўднымі мужчынамі. Паважаць сябе, не здраджваць сваім прынцыпам, паважліва адносіцца да людзей працы, нарэшце, паважаць законы сваёй краіны і маральныя каштоўнасці народа – гэта ўсё катэгорыі, мне думаецца, адной і той жа маральнай плоскасці.

Паважаныя радыёслухачы, далучайцеся і вы да размовы. Пішыце. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: