Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра пісьмы, СМС-кі і стасункі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 03.12.2021
«Звычайныя гісторыі. Пра пісьмы, СМС-кі і стасункі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Сярод адметнасцей сённяшняга дня маю ўвагу прыцягнула вось такая: 3 снежня 1992 года (амаль што 30 гадоў таму) было адпраўлена першае ў свеце СМС. Гэта зрабіў 22-гадовы брытанец Нейл Папуорт, інжынер фірмы, якая займалася тэхналагічнымі распрацоўкамі па заказе тэлекамунікацыйнага гіганта Vodafone. Са свайго камп’ютара ён даслаў калегам такі тэкст: «Шчаслівага Ражаства!» Трапіла яно і да дырэктара карпарацыі, той тут жа адрэагаваў, што выпрабаванне прайшло паспяхова.

І ўсё ж упершыню ідэю перадачы па тэлефоне кароткіх тэкстаў яшчэ ў 1984 годзе выказаў Маці Макканен з фінляндскага філіяла Nokia на навуковай канферэнцыі, якая праходзіла ў той год у Капенгагене.

Здавалася б, СМС – такая дробязь, але ж на свет з’явілася тэхналогія, якая змяніла паўсядзённае жыццё соцень мільёнаў людзей на ўсёй планеце. І, на маю думку, дзе ў лепшы бок, а дзе і ў горшы. СМС яшчэ больш выціснулі звычайныя ліставанні, а «пісьмы з канвертаў» (так называюць іх слухачы) цяпер, на жаль, не такія запатрабаваныя, як раней.

За гады працы на Беларускім радыё мне таксама даводзілася рыхтаваць праграмы па пісьмах слухачоў. У кожным лісце, кароценькім ці аб’ёмістым – жыццёвыя гісторыі, думкі, меркаванні, часам просьбы і пажаданні. Скажу шчыра, я любіла і люблю гэтыя стасункі. Яны даюць магчымасць зазірнуць у той ці іншы куточак Беларусі, пазнаёміцца з адметнымі мясцінамі, лёсамі людзей, іх жыццёвымі гісторыямі і г. д.

Успамінаю адзін з нашых творчых праектаў да чарговага юбілею Беларускага радыё. Столькі пісьмаў мы тады атрымалі! А колькі ўсяго цікавага прачыталі і пра вас, і пра нас. У сямейных архівах многія беражліва захоўваюць пісьмы сваіх родных і блізкіх з фронту – кранальныя трохвугольнікі палявой пошты, радкі з якіх, дарэчы, гучаць у праграме «Эпізоды Вялікай вайны». Так што «пісьмы з канвертаў», нягледзячы на найноўшыя тэхналогіі, па-ранейшаму, мне здаецца, былі і будуць з намі.

Часам да нас на радыё прыходзяць і зусім рэдкія экземпляры! Як, напрыклад, ад Сямёна Яўсеевіча Казлова з Пружан. Ён даслаў самаробны (!) канверцік памерам 6 на 9 сантыметраў. Ці то грошай не хапіла на звычайны канверт, ці то такім чынам Сямён Яўсеевіч вырашыў нас крыху павесяліць, а можа проста захацеў трапіць у кнігу рэкордаў, даслаўшы самае маленькае пісьмо?!.

Вельмі кранаюць расповеды пра асабістае. Гэта з вашага боку вялікі давер. Мы заўсёды ставімся да яго з павагай і ўдзячнасцю, а таксама захоўваем ананімнасць, калі пра тое папярэджваюць аўтары лістоў.

Колькі лёсаў злучыла пошта і простыя пісьмы з канвертаў за гады свайго існавання! Мне запомнілася гісторыя, якую я назвала «Ён і Яна». Цэлы стос пісьмаў з сямейнага архіва Надзеі з Мінска (прозвішча не называю). Пра пачуцці і тое, што яны з мужам (цытую): «заслужылі і маюць права быць шчаслівымі, нягледзячы ні на што».

Запомніўся ліст, у якім наша слухачка расказала пра сустрэчу з каханым чалавекам праз 30 гадоў. І тут сваю ролю адыграла пошта з перапіскай. І, дарэчы, з дапамогай Беларускага радыё. Пра гэтую гісторыю мы расказвалі раней.

...Пачатак снежня. Хутка навагоднія і калядныя святы. Час, які дорыць нам шмат новых стасункаў, прыемных сюрпрызаў, а таксама ліставанняў! Як не раз заўважалі і нашы слухачы, прыемна атрымаць ад сяброў і знаёмых менавіта віншаванне, дасланае ў звычайным канверце, па пошце. Што ні кажыце, у такіх пісьмах больш цеплыні, шчырасці. Наша даўняя знаёмая, жыхарка вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна Лілія Радзівонаўна Зарэцкая расказала пра тое, што былі гады, калі яна адпраўляла па 80 і болей калядных і навагодніх віншавальных паштовак сваім родным, блізкім і знаёмым. Не праз інтэрнэт, асабіста, ад рукі – кожнаму! Уяўляеце?!.

Як гэта хораша, калі чалавек жыве ў такім простым жыццёвым вымярэнні. Даводзілася недзе чытаць пра тое, што гэта неацэнная ўласцівасць душы і характару, калі, здавалася б, з простых паўсядзённых спраў, клопатаў, добрых памкненняў і чулага сэрца складваецца найпрыгажэйшы жыццёвы ўзор.

І яшчэ. Мне хацелася б звярнуцца да вас, паважаныя слухачы, з прапановай дасылаць пісьмы са сваімі жыццёвымі гісторыямі, звычайнымі і незвычайнымі, а цяпер яшчэ і снежаньскімі, пераднавагоднімі і каляднымі! Мы абавязкова прачытаем іх у выпусках радыёблогаў «Звычайныя гісторыя», якія гучаць кожную пятніцу ў 10:05 і ў 14:05. Прычым самым цікавым і дасціпным лістам мы зможам прысвяціць нават асобныя выпускі. З нашымі каментарыямі. Лічу, што пісьмы з канвертаў па-ранейшаму маюць права на існаванне, яны прыносяць радасць і задавальненне аўтарам і адрасатам. Зразумела, многае, як мы казалі, мяняецца ў век інфармацыйных тэхналогій. Электронныя пісьмы, СМС-кі ды іншыя сучасныя сродкі зносін выцясняюць традыцыйныя. Але ж і ў апошніх яшчэ шмат прыхільнікаў, сярод якіх і вы, паважаныя слухачы. Так што – пішыце, я буду чакаць! Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4. Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: