Сёння Сусветны дзень пошты. Выдатная нагода ўзгадаць пра яе ролю і значэнне ў нашым жыцці, цікавыя факты з гісторыі. І пра стасункі праз ліставанне – гэтаму ж таксама спрыяе паштовая сувязь.
Дарэчы, гэты дзень зацверджаны Сусветным паштовым саюзам у 1969 годзе, калі ў Токіа сабраўся Кангрэс саюза паштальёнаў. Даволі хутка прафесійнае свята распаўсюдзілася па ўсім свеце. Кангрэс заснаваў і правядзенне Міжнароднага тыдня пісьма, які таксама прыпадае на першую дэкаду кастрычніка. Мэта гэтай акцыі – прыцягнуць увагу людзей не толькі да пошты, а і да напісання лістоў.
Апошняе асабліва падабаецца, бо і мне за гады працы на Беларускім радыё даводзілася рыхтаваць праграмы па вашых пісьмах. У кожным лісце, кароценькім ці аб’ёмістым, – жыццёвыя гісторыі, думкі, меркаванні, а таксама просьбы і пажаданні. Вельмі кранаюць расповеды пра асабістае. Гэта з вашага боку вялікі давер, і таму мы заўсёды ставімся да яго з пашанай і ўдзячнасцю.
Колькі лёсаў злучыла пошта за гады свайго існавання! І няхай сабе апошнім часам папяровыя пісьмы, як кажуць, не ў модзе, ёсць шмат прыкладаў, калі менавіта праз перапіску людзі сустракаліся, ладзілі шчаслівае сумеснае жыццё. Мне запомнілася гісторыя, якую я назвала «Ён і Яна». Цэлы стос пісьмаў з сямейнага архіва Надзеі з Мінска (прозвішча не называю). Пра пачуцці і тое, што яны (цытую): «заслужылі і маюць права быць шчаслівымі, нягледзячы ні на што».
Запомніўся і ліст, у якім наша слухачка расказала пра сустрэчу з каханым чалавекам праз 30 гадоў! І тут сваю ролю адыграла пошта і перапіска. І нават з дапамогай Беларускага радыё.
Што да гісторыі, дык дзяржаўная служба дастаўкі пошты на тэрыторыі нашай краіны з’явілася ў сярэдзіне ХVII стагоддзя. Тады ж быў створаны і першы паштовы тракт у напрамку Масква – Вільня. Лісты даходзілі толькі за 20 дзён. У 1667 годзе ў Мінску з’явіўся першы паштовы ям – прататып станцыі. У яго штаце былі тры ямшчыкі і адзін стараста. Пазней паштовыя ямы створаны ў Мсціславе, Магілёве, Барысаве, Смілавічах, Радашковічах, Маладзечне. У 1917 годзе з’яўляюцца першыя паштовыя вагоны. І толькі ў 1932 годзе адкрылася беларуская паштовая паветраная лінія Мінск – Глуск – Парычы – Мазыр. Многім цяпер цяжка паверыць, што доўгі час лісты перасылаліся без канвертаў, яны з’явіліся толькі ў ХIХ стагоддзі.
У гісторыка-інфармацыйным цэнтры «Белпошты», своеасаблівым музеі, створаным у 2005 годзе, ёсць нямала цікавых экспанатаў. Сярод іх і паштовыя скрынкі. Даўней яны былі занадта масіўныя, важылі да 50 кілаграмаў! І толькі ў 1910 годзе канструктар Павел Шабараў распрацаваў паштовую скрынку з доннымі дзверцамі, якія адчыняліся механічна, калі да іх прыкладвалі спецыяльнае прыстасаванне.
У век інфармацыйных тэхналогій многае мяняецца. Усё больш апасак, што электронныя пісьмы выцесняць традыцыйныя папяровыя. Але ж у апошніх шмат прыхільнікаў, сярод якіх і вы, паважаныя слухачы. І як тут не ўзгадаць адзін з нашых праектаў да чарговага юбілею Беларускага радыё, калі мы штодзённа атрымлівалі вялікую пошту з ўсіх куточкаў Беларусі. Колькі ўсяго цікавага прачыталі і пра вас, і пра нас! Як і пра тое, якая гэта незвычайная радасць і раскоша – ліставанне! У сямейных архівах многія беражліва захоўваюць пісьмы сваіх родных і блізкіх з фронту – кранальныя трохвугольнікі палявой пошты, радкі з якіх гучаць і ў праграме «Эпізоды Вялікай вайны».
А колькі прыхільнікаў пошты Дзеда Мароза ва ўсім свеце! Даводзілася чытаць, што фінскі яго сабрат атрымаў больш чым 18 мільёнаў пісьмаў ад дзяцей. Нават у эпоху інтэрнэту кожную хвіліну жыхары планеты Зямля дасылаюць адно аднаму каля 5 мільёнаў пісьмаў, бандэроляў ды іншых адпраўленняў.
У невялікім нямецкім гарадку Ойцін расце дуб, якому прысвоены паштовы адрас. І тут таксама свая цікавая гісторыя! Пра тое, што закаханыя абменьваліся пісьмамі, кладучы іх у дупло гэтага дрэва. З таго часу прыжылася традыцыя, што, каб знайсці сваю палавінку, адзінокія маладыя людзі кладуць пісьмы-запіскі ў дуб.
Сёння, у Сусветны дзень пошты, з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю мы ўзгадваем працаўнікоў гэтай сферы, з якімі даводзілася мець стасункі, асабліва, мне думаецца, вясковых паштальёнаў, людзей гэтай даўняй і патрэбнай прафесіі.
І – пішыце пісьмы! Таксама на адрас Беларускага радыё: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.