Нашы продкі любілі і абагаўлялі час позняй восені. Яно і зразумела: заканчваўся сельскагаспадарчы год, поўніліся багатымі дарамі скляпы, клуні, сені, варыўні ды іншыя забудовы, а душа хлебароба – радасцю за атрыманы ўраджай, вынік руплівай і адданай працы.
Вось і мы вырашылі сёння паразмаўляць пра гародніну, гісторыю асобных яе відаў, пазнаёміцца з цікавымі фактамі, а таксама зазірнуць у тыя куточкі Беларусі, дзе ёсць нават помнікі гародніне і фруктам.
Вельмі ўражана тым, што на Віцебшчыне, у вёсцы Алашкі, існуе мемарыяльны музей садавода-селекцыянера Івана Паўлавіча Сікоры. Ён аўтар каля 500(!) сартоў яблык, сотні груш, многіх відаў сліў і нават руж! Выведзены беларускім селекцыянерам бэз некалі ўпрыгожваў палісаднік вядомага рускага пісьменніка Міхаіла Прышвіна. Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з галоўным захавальнікам музейных фондаў Віктарам Сяргеевічам Сікорам. Дарэчы, адна з радаслоўных ліній сведчыць пра яго сваяцкія адносіны з вучоным. Наогул, Сікораў у той мясцовасці нямала. «У музеі некалькі раздзелаў пра развіццё садоўніцтва ў Беларусі, ёсць кабінет вучонага і яго бібліятэка, гісторыя перапіскі з калегамі, фотаздымкі, арыгіналы пісьмаў», – распавядае Віктар Сяргеевіч. Сімвалам сямейнага дабрабыту мясцовыя жыхары лічаць скульптуру «Яблык». На Спас тут гуляюць «яблыневыя» вяселлі, гасцей забаўляюць яблычнымі забавамі, а запаветныя мары спраўджваюцца каля яблыні жаданняў. А яшчэ мы гаварылі пра сад, які па-ранейшаму расце непадалёку, навукова-даследчую і пошукавую працу музея, пра нашчадкаў знакамітага вучонага.
Наша слухачка з Мінска Галіна Крупянкова ў сваіх лістах часта ўспамінае вёску маленства. Ёй сніцца невялічкая рэчка Касіна непадалёку ад вёскі Юраўка, поплаў і сад, і той вечар, калі хлопец з суседняй вёскі праводзіў яе дадому. Было чутна, як падалі спелыя яблыкі і наўкол разліваўся пах антонавак.
Пра сваю вёску маленства Шчарбы не раз узгадвала і Зоя Іванцова з Глыбокага. Раней там было 60 двароў, хаты туліліся паабапал дарогі, што вяла на Дзісну. Восень таксама радавала вяскоўцаў, шчодра дзялілася сваімі ўраджаямі.
Дарэчы, Глыбокае – прызнаная (нават у свеце!) сталіца вішнёвых фестываляў. Праводзяцца яны з 2013 года. Якраз у той год і быў адкрыты помнік «Глыбоцкая вішня» ў выглядзе скульптурнай кампазіцыі, а таксама закладзены вішнёвы сад. «Мы памятаем гады, калі да нас на фестываль прыязджалі з многіх краін. Быў год, да пандэміі, калі мы сустракалі гасцей з 18 краін!» – распавядае галоўны рэдактар газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат. І далей пра тое, якія незабыўныя моманты занатаваны на фотаздымках, у газетных артыкулах. Пра сустрэчы на сядзібе ў «вішнёвай каралевы», на этна-вечарынцы «У вішнёвым садзе» ды падчас «вішнёвых» вяселляў! Гэта не толькі культурнае мерапрыемства. Тут больш глыбокія карані, дзе пераплятаюцца традыцыі і сучаснасць, любоў і адданасць роднай зямлі.
Невядома, дзе і калі ўпершыню з’явіўся помнік агародніне ці фруктам, аднак апошнім часам яны з’яўляюцца і ў нашай краіне, і за межамі. Ёсць помнік цыбулі ў Расіі, вінаграду ў Ізраілі, банану, як ні дзіўна, у Нарвегіі, сліве ў Сербіі, кавуну ў Абакане, апельсіну ў Іжэўску, памідору ў Мінусінску, капусце ў Томску ды іншыя.
І хаця агурочным краем многія лічаць аграгарадок Альшаны Столінскага раёна, помнік агурку ўсё ж з’явіўся ў Шклове. Магчыма таму, што ён узгадваецца ў тамтэйшым старажытным Баркулабаўскім летапісе! Кажуць, што смак шклоўскіх маласалёных агуркоў ведалі нават у Парыжы. Яшчэ ў ХVIII стагоддзі граф Зорыч пастаўляў агуркі ў бочках са Шклова ў Францыю і да двара Кацярыны II у Пецярбург. З гісторыяй не паспрачаешся.
Крыху жадання, рамантыкі і паэзіі ў душы, і на вашым прысядзібным ці дачным участку таксама можа з’явіцца помнік ці садовая кампазіцыя. Так, дарэчы, робіць наша слухачка і аўтарка з вёскі Радкава Салігорскага раёна Валянціна Бабко-Аляшкевіч. «Сёлета мы з мужам прыдумалі кампазіцыю: на калодзе ўсталявалі прыгожы самаробны кошык з чырвонымі яблыкамі, які будзе стаяць да маразоў, – дзеліцца з намі Валянціна, – а то «прыпаркавалі» каляску, садовую двухколку, пафарбавалі яе, насыпалі туды морквы, якая ўрадзілася сёлета на славу!» І далей пра тое, як можна зрабіць прыгожае мястэчка для прасушвання цыбулі: з калонамі, дашчатым памостам, раскласці яе па сартах і колерах. А таксама пра кавуны, якія ў прыгожай альтанцы ператвараюцца ў цудоўную кампазіцыю.
І яшчэ. Сёння мы не паспелі распавесці пра ...бульбу, нашу галоўную і самую любімую гародніну. Дарэчы, помнікі бульбе ёсць на Кузбасе і ва Ужгарадзе, Упораве (таксама Расія) і ў польскім горадзе Бясекеж. А ў Беларусі?..
Давайце разам з вамі пашукаем найбольш цікавыя факты з гісторыі вырошчвання, пра клубні незвычайных формаў і памераў, пра самы багаты ўраджай, які вам удалося атрымаць.
Чакаю вашых лістоў на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.