Мы сустрэліся з вамі на Стары Новы год!
«Прыгажосць і святочнасць Каляд ствараецца іх незвычайнай песеннасцю, якая калісьці мела магічны характар. Галоўнай дзеючай асобай з’яўляецца прыгожая жанчына Каляда, якая «прыехала вечарам у маляваным вазочку, на белым кані, прынесла дудачкі ў рэшаце, сама села на покуці ля куцці». Гэта радкі з кнігі «Святы і абрады беларусаў», якую пакінуў нам вядомы беларускі фалькларыст Васіль Ліцвінка.
Таму сёння хочацца «прабегчыся» па тых адрасах, якія найбольш запомніліся. Менавіта з вашымі гісторыямі пра зімовыя святы.
«У нашай мясцовасці дзень перад Старым Новым годам называюць Шчадрухай, – радкі з ліста ад Алены Шышко з вёскі Заверша Драгічынскага раёна. – Як толькі цямнела, у кожнай хаце чакалі калядоўшчыкаў. Загадзя рыхтавалі пачастункі.
Памятаю шчадроўку з майго дзяцінства:
Пазбіраўшы, у фартушок клала... І далей разгортваўся цэлы калядны сюжэт». Алена Іванаўна распавядае і пра тое, як яна захоўвае старадаўнія абрады і звычаі. Абавязкова гатуе багатую куццю, ушаноўвае продкаў, любіць таямнічасць і загадкавасць гэтых вечароў.
Ліст-паштоўка ад Веры Мельнікавай з вёскі Васількі Бялыніцкага раёна нібыта сапраўдны калядны цуд. Вельмі ўразілі гронкі рабіны на ёй, прысыпаныя снегам, кранутыя марозцам. І цёплыя словы прывітання-віншавання з зімовымі святамі. І я адразу ж узгадала яе гісторыю пра матулю, якая стала для яе «малітвай вечнай і святой». Пра гэта і ў невялічкай кніжачцы-споведзі, якую Вера Пятроўна падарыла нашай праграме. Колькі радкоў з яе: «У 44 гады маці засталася ўдавой. Адна гадавала нас, чатырох дзяцей. Усё сваё жыццё прысвяціла нам. Застаўся недабудаваны дом. Добра памятаю, як мы мясілі гліну, каб зрабіць з яе цэглу. Каб накрыць дах, жалі на балоце чарот, а замест сенцаў змайстравалі часовы буданчык з яловых лапак... Любая матуля цеплыню свайго сэрца аддала нам да канца. Пакінула толькі добрае, светлае, шчырае. З горада я заўжды спяшалася ў родную хату да сваёй дарагой матулечкі, у любое надвор’е, скрозь снег і сумёты, дождж і слоту... Сэрцам я тулюся да роднай бацькоўскай зямлі, да сваёй вёсачкі Васількі, дзе жыцця майго выток, дзе мае карані і магілы бацькоў». А яшчэ ёсць радкі пра тое, што Вера Пятроўна цяпер жыве ў бацькоўскай хаце: каб у вокнах гарэла святло ў памяць пра родных людзей, а летам на тым услончыку, дзе некалі любіла сядзець матуля, каб стаялі жывыя кветкі.
Сваю споведзь-роздум (у нечым таксама калядную) даслала і наша пастаянная слухачка і аўтар Ніна Мацвееўна Бурко з вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна. Ды яшчэ з аналітычнымі назіраннямі і жыццёвымі афарызмамі. «Я чалавек па ўзросце ўжо сталы. Мела зносіны з людзьмі розных пасад і прафесій. Адчувала прыхільнасць і падтрымку, вернасць і нават здраду. У мяне шмат знаёмых і сяброў. Многа чытала мудрых думак філосафаў і аналітыкаў, прымяняла іх у сваіх жыццёвых сітуацыях, хаця не лічыла іх ісцінай у апошняй інстанцыі». І далей Ніна Мацвееўна дзеліцца афарызмамі, якія нарадзіліся, дзякуючы жыццёваму вопыту ды асабістым назіранням. Вось некаторыя з іх: «Жывіце прагна, больш рухайцеся і рабіце дабро. Час і абставіны могуць змяніцца ў любы момант, так што не спрабуйце нікога змяніць і не абясцэньвайце нічога вакол сябе. Не шукайце ідэальных людзей, таму што іх не існуе. Перш за ўсё шукайце чалавека, які ведае сабе цану і цэніць вас». І яшчэ аўтар гэтага ліста лічыць, што ў жыцці існуе любоў да Бога, жыцця, да сям’і і сяброў. «Бог, таму што гэта само жыццё, жыццё, таму што яно кароткае і трэба любіць і цаніць кожнае імгненне, сям’я, таму што яна ўнікальная ў чалавечых зносінах, а любоў да сяброў, таму што яны рэдкасць».
Узгадваю зараз і ліст ад Валянціны Перапечка з вёскі Саковічы Салігорскага раёна. «Радаснымі і жаданымі былі зімовыя святы. Балі-маскарады, прыгажуня-ёлка, калядаванні, варажба. Нам, дзецям і падлеткам, асабліва падабаўся Шчадрэц. Моладзі ў тыя гады ў вёсцы было шмат, таму ўсё наваколле поўніліся весялосцю, гуляннямі, падарункамі ды пачастункамі. Усё гэта ўзгадваецца, як шчаслівыя моманты жыцця», – заўважае Валянціна Данілаўна.
14-га студзеня – гэта яшчэ і дзень памяці святога Васіля Вялікага. Яго асабліва ўшаноўвалі ў старажытныя часы на Русі. Важна было ў гэты дзень, акрамя іншых страў, зварыць кашу, і каб яна «не збегла», бо гэта лічылася дрэннай прыкметай. Як і тое, калі часам гаршчок трэскаўся. А яшчэ ў гэты дзень нашы продкі глядзелі ў неба, і калі яно было ясным, значыць можна было разлічваць на добры ўраджай. Няхай з намі застаюцца толькі добрыя прыкметы, а святло зімовых свят наталяе нашы душы спагадай, любоўю і цяплом. І толькі добрымі надзеямі.