Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра сустрэчы і стасункі». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.09.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра сустрэчы і стасункі». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)

За апошнія гады і дзесяцігоддзі з’явілася нямала сучасных сродкаў зносін. Таму звыклыя раней сустрэчы цяпер, на вялікі жаль, замяняюцца інтэрнэт-стасункамі, а звычайныя пісьмы з канвертаў – кароткімі, немудрагелістымі паведамленнямі праз сацыяльныя сеткі. Але ж, на маю думку, мабільнасць і зручнасць найноўшых камунікацый не заменяць глыбіню, шчырасць і адкрытасць тых эмоцый, якія мы можам падарыць адно аднаму пры сустрэчы. Памятаеце вядомую фразу: «Чалавек патрэбны чалавеку»?

У сваіх лістах вы, паважаныя слухачы, расказваеце пра сустрэчы і стасункі, якія помняцца і жывуць праз гады. А то і ўсё жыццё. Многія ўзгадваюць сустрэчы са школьнымі сябрамі, аднакурснікамі. У некаторых школах яны сталі традыцыйнымі. Памятаю, як пра выпуск 1956-га года 27-й мінскай школы распавядала Валянціна Пятроўна Скарынкіна. На працягу 50 гадоў яны ніводнага разу (і гэта хочацца падкрэсліць) не прапусцілі выдатную магчымасць сабрацца разам. Сустракаліся і ў больш паважаным ўзросце, калі ім было за 80 гадоў і болей.

Ганна Фёдараўна Драздова з Мінска не раз ў нашых праграмах з цеплынёй і шчырымі пачуццямі ўзгадвала пра мясціны свайго маленства, Дамашыцкую школу, што ў Пінскім раёне. Там ладзіліся (думаю, што і дагэтуль) незабыўныя сустрэчы выпускнікоў, многія з якіх сталі вядомымі і паважанымі людзьмі. Там, на Палессі, расце сад, пасаджаны вучнямі. І сасновы бор. У школе быў цудоўны хор, якім кіраваў яе дырэктар Фёдар Мікалаевіч Таўстыка, тата аўтара гэтых радкоў. Такую школу ёсць за што любіць. Помніць яе. І настаўнікаў.

А вось невялікае мястэчка на захадзе Палесся. Гарадскі пасёлак Целяханы. Памятаю сустрэчу з Наталляй Канстанцінаўнай Бінкевіч, дырэктарам Цэнтра культуры. З якім захапленнем расказвала яна пра гістарычныя мясціны і ўнікальныя збудаванні, што некалі былі тут. Асабліва ганарацца мясцовыя жыхары целяханскім бічаўніком. Была тут некалі сухапутная дарога ўздоўж воднага шляху, якая выкарыстоўвалася для буксіроўкі суднаў і плытоў канатамі – бічавой. Адсюль і назва. Цяпер штогод, у сярэдзіне ліпеня, на свята «Целяханскі бічаўнік» збіраюцца землякі і шматлікія госці. Можна только ўявіць сабе, якія сустрэчы адбываюцца тут падчас гэтага незвычайнага свята!

У Бярозаўскім раёне ёсць вёсачка Бармуты. Вайна ператварыла яе ва ўдовін хутар. У пачатку чэрвеня за сувязь з партызанамі расстраляны 16 яе жыхароў. Ніхто з прызваных на фронт мужчын так і не вярнуўся...

Пра гэтую гісторыю даведалася са старонак раённай газеты. Артыкул напісала Таццяна Сабіра. Яна расказвае і пра тое, што ў гэтай вёсачцы жыве выдатная традыцыя: штогод збіраюцца ў Бармутах яе землякі. Пабачыцца, успомніць аднавяскоўцаў, пахадзіць па ваколіцах Бармутаў (ранейшая назва Дымок) – гэтай, на яе думку, найпрыгажэйшай на свеце мясціны.

Мінула нямала часу, а я і дагэтуль захоўваю ліст ад Любові Аляксееўны Каўтуняк з Мінска. Кранальны, шчыры, са сваёй незабыўнай гісторыяй. Пра тое, як яе сястра, тады яшчэ маленькая дзяўчынка, сустракала тату з фронту. Бачыла яго толькі на фотакартцы. Вайна скончылася, тата пісаў, што вернецца ўвосень, а ён усё не ехаў і не ехаў... Валя прасіла дарослых звадзіць яе на бальшак. І вось аднойчы яна яго ўбачыла... Шчымлівая сустрэча з родным чалавекам. Нікога не пакінула раўнадушным. Ніхто не ўтойваў слёз.

«У 50-я гады вучылася ў Бабруйску. Там і сустрэлася з Міхаілам. Мы не вельмі часта бачыліся, але разумелі, што падабаемся адно аднаму», – радкі з ліста ад Ірыны Іванаўны. Прозвішча не пазначана. І далей пра тое, што пасля размеркавання ёй давялося пакінуць Бабруйск. Адрасамі абмяняцца не паспелі. Яна часта думала пра яго, дзесьці ў глыбіні душы жыла надзея, што яны абавязкова сустрэнуцца. Лёс распарадзіўся па-свойму. Выйшла замуж, спрабавала пакахаць, але ж не атрымалася. Так і жыла 50 гадоў. Так і не змагла забыць сваё першае каханне.

...Сустрэчы. Стасункі. Гэта тое, што надае нашаму жыццю столькі адценняў, яркіх фарбаў! Радасці, замілавання, незабыўнасці! А часам і адчування сапраўднага шчасця!

Буду рада, калі і вы, паважаныя слухачы, раскажаце пра свае памятныя сустрэчы. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: