Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. «Пра таямніцу лічбаў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.02.2020
«Звычайныя гісторыі. «Пра таямніцу лічбаў». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

Паразважаць пра таямніцу ці магію лічбаў (менавіта пра гэта сёння гаворка) падштурнула нямала акалічнасцей.

Заўважым: заўтра 29 лютага. І хаця высакосны бывае раз у чатыры гады, усё роўна нас гэта здзіўляе, мы спрабуем знайсці тут нешта асаблівае і нават неверагоднае. Апошнім часам некаторыя зацікавіліся «магічнымі датамі», нават тыя, хто ў магію не верыць.

Захапляе і люстранасць лічбаў. Напрыклад: 02.02.2020. Як расказваюць супрацоўнікі мінскіх загсаў і Палаца грамадзянскіх абрадаў, у такія дні ў іх няма адбою ад жадаючых стаць мужам і жонкай. Хаця колькасць разводаў у тых, хто пабраўся шлюбам у так званыя «прыгожыя» даты, не менш, чым у тых, хто зрабіў гэта насуперак прыкметам.

«Пошукі ўласнага прадвызначэння ў жыцці таксама прымушаюць нас звяртаць увагу на лічбы, хочам мы таго ці не», – заўважаюць многія мае суразмоўцы, нават далёкія ад нумаралогіі і ўсялякіх магій.

Некаторыя вучоныя лічаць: нумаралогія, як сістэма ведаў пра навакольны свет, уключае паняцці, якія закранаюць матэрыяльную сферу, энергетыку і духоўнае развіццё чалавека, бо лічбы акружаюць нас ад нараджэння і да канца зямнога існавання.

Звернемся да вашых пісьмаў. Гелена Альбінаўна Грынько з Мінска. Родам яна з вёскі Васіліны Пастаўскага раёна. Пра гэта ніколі не праміне напісаць, бо вельмі любіць свой родны куточак. А вось і пра лічбы ў яе лісце. Чытаю даслоўна: «Нарадзілася ў 1937 годзе. Замуж выйшла ў 57-ым. Вяселле спраўлялі 7 сакавіка. Пражылі з мужам 57 гадоў!.. Мой нумар дома 27. Нумар тэлефона заканчваецца на 37».

Як лічаць нумаролагі, сямёрка – лічба ўдачлівых, унікальны знак, нават боскі. І любая камбінацыя з ёй узмацняе эфект спрыяльных і шчаслівых падзей у лёсе чалавека. Памятаеце прымаўку: «Божа памажы, але ж і сам падбяжы». Мне думаецца, спадзявацца і чакаць, што лічба, нават боская, дапаможа дасягнуць задуманага, прынамсі, несур’ёзна.

А вось ліст ад Аляксандры Сцяпанаўны Бараноўскай з Мазыра: «У 1945 годзе я пайшла ў першы клас, не маючы пасведчання аб нараджэнні. Напэўна, яно згарэла ў вайну разам з хатай ці згубілася за гады блуканняў па лясных зямлянках ды куранях. А можа яго і зусім не было... Мама казала, што нарадзілася я ўвосень, у суботу, у 1938 годзе». І далей Аляксандра Сцяпанаўна распавядае пра тое, што іх, ужо сямікласнікаў, прывезлі ў Ельскі раённы ЗАГС для афармлення пашпартоў. Памылкова і ў яе, і ў сяброўкі пазначылі аднолькавую дату нараджэння: 12.04.1938 года. «Мінулі гады. Раніцай 12 красавіка 1961 года, – піша далей наша слухачка, – я кажу сваім дзяўчатам: у мяне сёння дзень нараджэння (па пашпарце), вось пабачыце, ён будзе незвычайным! Не паверыце, праз хвіліну-другую чуем па радыё голас Левітана, паведамленне пра палёт у космас Юрыя Гагарына! На ўсё жыццё запомніла той красавіцкі дзень, які пазней стаў Днём касманаўтыкі. Інтуіцыя, супадзенне, але ж так было».

Нумаролаг Галіна Даньшова лічыць: у лічбах «закладзены лёс чалавека», але ж да ўсяго трэба ставіцца разумна і пазітыўна. Што да высакоснага года і лічбы 29, то тут многае звязана са словам «усё» – гэта тое, што назапашана намі за чатыры гады, як вынік нашых спраў і дасягненняў. Наогул, 2020 можа стаць унікальным! Ён спрыяльны для ўмацавання свайго радаводу, адносін са сваякамі. Таму варта зрабіць пэўныя захады, а гэта добрыя думкі і намеры, канкрэтныя справы, выбудоўванне прыязных і добразычлівых адносін паміж пакаленнямі, сямейнымі кланамі і родамі.

І яшчэ. Гэта ўжо маё асабістае меркаванне. Як бы мы ні стараліся ўважліва, з жаданнем разгадаць таямніцы той ці іншай лічбы, асабліва нашых дзён нараджэння, вяселляў ці іншых лёсавызначальных дат, як бы ні хацелася нам зазірнуць у лабірынты той унікальнай інфармацыі, найперш мы самі з’яўляемся сапраўднымі кіроўцамі свайго жыцця. І толькі ад нашых намаганняў залежыць, ці будзе яно гарманічным, удалым і шчаслівым.

Паважаныя слухачы, выказвайце і вы свае думкі. І не толькі наконт сённяшняй размовы. Дасылайце звычайныя і незвычайныя жыццёвыя гісторыі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная,4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: