На традыцыйнае пытанне, што для вас сапраўднае шчасце, адна з маіх субяседніц адказала: «Маё шчасце – сям’я і блізкія людзі. Вось што трэба цаніць і чым даражыць. Гэта асабліва разумееш цяпер, калі пандэмія ўмешваецца ў стасункі паміж людзьмі, парывае гэтыя сувязі».
Вучоныя-даследчыкі зазначаюць: «Сям’я, як асноўны элемент грамадства, была і застаецца захавальніцай чалавечых каштоўнасцей, культуры і гістарычнай спадчыннасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця». А калі паглыбіцца ў гісторыю сямейных традыцый беларусаў, іх побыту, многае ўражвае і захапляе. Мы неяк пра гэта ўжо гаварылі.
Вельмі важна, каб сямейныя традыцыі захоўваліся і перадаваліся наступным пакаленням. Усё гэта ўзбагачае, выхоўвае пачуццё самадастатковасці, гонару і годнасці за свой род. Тут і павага, і давер, і шчасце тых каштоўных момантаў зносін з роднымі і блізкімі.
Пра гэта – і ў вашых лістах, дасланых нядаўна і раней.
«Нарадзілася я пасля вайны, – радкі з ліста ад Валянціны Рыгораўны Сачык з Мінска. – Я меншая, а яшчэ сястра Таіса, браты Саша і Валодзя. Памятаю, як Валодзя хадзіў з татам на сенакос. Дадому вярталіся позна. Я, пяцігадовая дзяўчынка, любіла ласавацца іх пачастункамі. Брат усміхаўся і казаў: «Гэта зайчык табе перадаў». Сварак ды звадак у нашай сям’і не было. Успамінаю матулю, прыгожую, статную, мудрую. Тата, ідучы на працу, абавязкова цалаваў ёй руку. А як ён любіў нас, дзяцей! Часта смяшыў гісторыямі з кніжак. Многія прыдумляў сам».
Марыя Паўлаўна Казачонак. Вёска Рудня Полацкага раёна: «Мне нямала гадоў. Калі не спіцца, то ў думках вяртаюся ў дзяцінства. Яно было нялёгкім у першыя пасляваенныя гады. Мамачка наша, каб нас падняць, шмат працавала. Усе тады так жылі, рупіліся ад цямна да цямна. Вяртаючыся з поля, жанчыны спявалі, стомленыя, часта галодныя, але ж з песнямі і верай у светлае. Калі падрасла, мама была для мяне лепшай сяброўкай. Я давярала ёй усе свае сакрэцікі. Выйшла замуж, матуля дапамагала гадаваць дзяцей. Калі яе не стала, не стала і часцінкі майго сэрца».
Ва ўсе часы, на працягу многіх стагоддзяў трывалая сувязь з роднымі, пастаянная падтрымка і бескарыслівая дапамога лічыліся надзейным і гуманным пачаткам чалавечых адносін.
Напэўна, як ніколі, мы думаем і разважаем пра гэта ў такія пераднавагоднія і калядныя дні. Якраз сёння ў нашай краіне стартуе дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Гэтай традыцыі ўжо больш за 20 гадоў. Удзел у ёй прымуць кіраўнікі рэспубліканскіх органаў кіравання, аблвыканкамаў, іншых мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў. Яны завітаюць з падарункамі ў дзіцячыя інтэрнаты, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячыя бальніцы.
Чакаюць гасцей і ў Магілёўскай дзіцячай вёсцы. Перад гэтым эфірам мы размаўлялі з яе дырэктарам Паўлам Казюкам. «Прыемна не толькі прымаць падарункі, а і дарыць. Гэта наша даўняя традыцыя, – дзеліцца з намі Павел Анатольевіч, – нашы дзеці разам з бацькамі-выхавацелямі майструюць сваімі рукамі розныя казачна-навагоднія вырабы, уручаюць іх тым, хто мае асаблівую патрэбу ў каляднай і навагодняй радасці. Гэта ідзе ад сэрца, гэта іх унутраны парыў, гэта тое, што павінна існаваць у свеце, незалежна ад рэлігій, дзяржаўных межаў, сацыяльнага статусу людзей. Гэта вельмі тонкія рэчы, гэта нашы духоўныя каштоўнасці!..» А яшчэ Павел Анатольевіч казаў, што, на яго думку, дабрачынныя справы робяцца ціха, непрыкметна, як сапраўднае чараўніцтва. І дадаў: «Калі чалавек любіць, ён жа не будзе пра гэта крычаць на ўвесь свет...» Дарэчы, у Магілёўскай дзіцячай вёсцы задумалі ажыццявіць 30 добрых спраў. Чаму такая лічба? Таму што якраз у гэтыя снежаньскія дні спаўняецца 30 гадоў з адкрыцця першых дзіцячых вёсак у нас, у Беларусі.
І яшчэ. Дзеці, вядома ж, любяць падарункі. Ды і дарослыя таксама. Аднак, мне думаецца, важна падарыць нашым хлопчыкам і дзяўчынкам, вялікім і маленькім, тым, у каго ёсць мамы і таты, і тым, хто выхоўваецца ў дзіцячых дамах, апякунскіх і прыёмных сем’ях ды іншых установах, – падарыць ім у першую чаргу шмат-шмат цяпла і ўвагі, дабра і надзеі, каб яны абавязкова паверылі ў добрую навагоднюю казку і як мага даўжэй не развітваліся з ёю.
Зараз мне чамусьці прыгадваецца невялічкае апавяданне, нават эцюд пісьменніка Янкі Маўра, называецца «Шчасце». У ім пра тое, як маленькі хлопчык сустрэўся з дарослым. Прыпыніліся, а ён (малы) усё глядзіць і глядзіць на дзядзьку, нібыта хоча нешта сказаць. Радасць і шчасце так і пырскаюць з яго блакітных вачанят. Маўляў, няўжо ж ты не бачыш, у мяне... новая шапка?!. Падзялі гэтую маю радасць, маё шчасце!.. Вось такія рэчы мы, дарослыя, павінны заўважаць. Пастарацца пачуць і зразумець дзіцячую душу.
Далучайцеся і вы, паважаныя слухачы, да гэтай размовы. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.