Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра цёплыя думкі, мары і... рэчы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.06.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра цёплыя думкі, мары і... рэчы». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

У лістах, якія мы атрымалі апошнім часам, шукала гісторыі ці невялічкія роздумы менавіта пра добрае, светлае, цёплае. Пра ўсё тое, што асабліва неабходна ўсім нам у такі няпросты час. І знайшла. Таму з задавальненнем дзялюся з вамі.

Наша слухачка Зоя Іванаўна Іванцова з Глыбокага моцна любіць сваю вёску маленства Шчарбы, бо там яе надзейны прытулак, выратаванне ад неспакойных думак і суму. «Калі я дома, – дзеліцца яна, – мне хораша, добра і светла. Бо ўсё там нейкае асаблівае і гаючае».

Ці вось радкі: «У двары, каля бабулінай хаты, расце дзіўнае дрэва. Грэцкі або, як кажуць палешукі, «валоскі» арэх – рэдкасць нават для паўднёвых краёў, – піша Раіса Трухановіч з Жыткавіцкага раёна. – Раней, калі я прыязджала да бабулі ўвосень, збірала гэтыя шурпатыя, круглыя, падобныя на малюсенькія мячыкі, плады, лушчыла, акуратна даставала сярэдзінку, каб не раструшчыць, бо здавалася мне, што гэта зародак жыцця чалавечага, увасабленне патаемнай повязі людскога роду, камячок сонечнай энергіі, існасць. Не раз думала: чаму бабуля пасадзіла каля хаты менавіта арэх, а не таполю ці рабіну?.. Мабыць, яна ведала нейкі іншы сэнс, бачыла ў гэтым іншы знак? Сімвал роду, жыцця?!. Я буду расказваць пра дрэва сваім дзецям, унукам, мы будзем прыязджаць да яго, а значыць і да бабулі».

У гісторыях ад слухачоў часта ўзгадваюцца моманты з дзяцінства, юнацтва. Піша Людміла Сямёнаўна Трыбуналава з Мінска: «Здаецца, яны зусім простыя, але западаюць у душу і яшчэ доўга свецяцца, нібыта зорачкі. Успамінаю сваю. Было гэта ў сярэдзіне 1960-х, мне споўнілася гадоў восем-дзевяць. Моцна балеў зуб, але ж я ніяк не згаджалася ісці да доктара. Тады тата паабяцаў, што абавязкова зойдзем потым у краму і набудзем тое, што мне спадабаецца. Мой погляд спыніўся на фарфоравай статуэтцы з пеўнікам. Радасці маёй не было канца. Усе гады берагла яе. Пераязджала з намі з кватэры на кватэру, займала сваё месца сярод посуду. І цяпер са мной. Вось як бывае».

Сапраўды, здавалася б, дробязь, а такі вось цёплы напамінак пра маленства. Мяркую, такія простыя рэчы ёсць і ў вас? Можаце таксама падзяліцца. Як і гісторыямі, звязаныя з імі.

«Часам мы не надаём значэння не толькі асобным рэчам, а і нечаму больш значнаму. Бяжым, спяшаемся, не заўважаем», – дзеліцца з намі Ніна Алейнік з Гродна. І распавядае пра тое, як кожны раз адкрываецца прыгажосць яе горада, варта толькі падняць галаву: Фарны касцёл, Пакроўскі сабор, лютэранская кірха, Каложская царква – адно з самых старажытных каменных збудаванняў Беларусі, якія захаваліся да нашых дзён, і многія іншыя.

Згодная з нашай слухачкай. Неяк у сацыяльных сетках прамільгнула інфармацыя пра тое, як адзін вядомы амерыканскі скрыпач іграў у метро на скрыпцы (коштам у тры з паловай мільёны долараў) і ніхто не надаваў гэтаму асаблівага значэння. А вось купіць білеты на яго філарманічныя канцэрты заўсёды няпроста.

Любоў Фёдараўна Вараб’ёва з горада Свіслач Гродзенскай вобласці даслала расповеды пра сваіх бацькоў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Яе тата ваяваў на пяці(!) франтах. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі горада Будапешта. Раненне атрымаў падчас кровапралітных баёў на возеры Балатон. «З успамінаў таты мне запомнілася і гісторыя пра гітару. – Піша яна. – Байцы прымацоўвалі яе на лафеце пушкі. У хвіліны зацішша хто-небудзь з байцоў іграў на ёй. Гітара спявала і «плакала» пра мірныя дні, пра дарагіх і блізкіх сэрцу людзей. У адным з баёў у гітару трапіў снарад. Яе «пахавалі», як верную аднапалчанку, з усімі ўшанаваннямі».

Побач былі і іншыя, здавалася б, простыя рэчы, якія сваёй прысутнасцю дапамагалі байцам выстаяць на нялёгкіх ваенных дарогах. Пра гэта мы не раз расказвалі. Як і пра матуліны абярэгі, якія яны стараліся пакласці ў рэчавы мяшок, выпраўляючы сыноў на фронт.

Якраз сёння, 5 чэрвеня, Дзень памяці нашай апякункі, асветніцы, ахоўніцы зямлі беларускай Ефрасінні Полацкай. У нас нямала мясцін, звязаных з яе іменем. Вуліцы ў Мінску, Полацку, Слоніме ды іншых, цэрквы ў яе гонар ў Віцебску і Полацку, Драгічыне і Радуні, у вёсках Бароўка, Вішнева, Варонча і іншых. У горадзе Рэчыца ўзведзены помнік-капліца Святой Ефрасінні Полацкай – скульптара Эдуарда Агуновіча. Дарэчы, ён быў госцем праграмы «Галерэя», расказваў пра гэты дарагі яго сэрцу праект.

І яшчэ. Напэўна, кожны з нас знойдзе той свой запаветны куточак, каб даслаць адтуль у сусвет, у прастору, у космас толькі добрыя і цёплыя думкі. Бо гэта ж, кажуць, таксама своеасаблівы абярэг, які так неабходны кожнаму з нас. Асабліва цяпер.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: