Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра «Вялікі Лес». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.03.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра «Вялікі Лес». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

…Часам захапляешся не толькі кнігай, а і асобнымі яе радочкамі, нешта прымушае цябе зноў і зноў перажываць тыя падзеі і лёсы герояў. Ты вяртаешся да іх. Тое ж хачу сказаць і аб трылогіі вядомага беларускага пісьменніка Барыса Сачанкі «Вялікі Лес».

...Палеская вёсачка з аднаіменнай назвай – напярэдадні, у самым пачатку і падчас вайны. Яе людзі, якіх гэтая нечаканая навала выпрабоўвала, выяўляла іх узаемазалежнасць адно ад аднаго і тую «глыбінную счэпленасць розных сацыяльных сіл, чалавечых лёсаў і асабістых памкненняў». Па-рознаму яны паводзяць сябе: чалавек ад зямлі, руплівы гаспадар Мікалай Дарошка і яго сыны, настаўніца Вера Сымонаўна і яе дачка, Яўхім Бабай і Клаўдзя, паліцай Піліпчук, маладое пакаленне вяскоўцаў – Косцік і Тася, і многія іншыя.

Апавяданне насычана незагойным чалавечым болем. Яго перажыў і сам аўтар. Барысу Сачанку не было і шасці гадоў, як пачалася вайна. У 1943 гітлераўцы спалілі яго вёску, у агні загінулі 128 аднавяскоўцаў, астатніх жыхароў вывезлі ў Германію. Сям’я Сачанкаў трапіла на прымусовыя работы да нямецкага землеўласніка, затым у лагер для «перамешчаных асоб». Дадому вярнуліся толькі пасля мая 1945 года.

Падобнае, блізкае гэтаму, мог бы распавесці не адзін празаік ці паэт з пакалення дзяцей вайны. Мне ж, чамусьці, апошнім часам запомніўся менавіта гэты раман – «Вялікі Лес». Ён і натхніў яшчэ і яшчэ раз звярнуцца да пісьмаў нашых слухачоў – дакументальных сведчанняў пра мінулую вайну.

«Калі фашысты занялі маю родную вёску Залессе Чавускага, мы пераехалі ў Клецкі раён. – Радкі з ліста жыхаркі Астраўца Любові Аляксееўны Падалянчык. – У той час на рацэ Проня, паблізу Буйнічаў, ішлі жорсткія кровапралітныя баі. Мая вёсачка была амаль што поўнасцю разбурана. Зямля разрыта-разхрыстана траншэямі, варонкамі, спавітая калючым дротам. Усё гэта назаўсёды асела ў маёй дзіцячай памяці». І далей пра тое, як у тыя першыя пасляваенныя гады з калгасных палёў, урочышчаў вяскоўцы збіралі астанкі загінуўшых салдат. Выкапалі на высокім пагорку яміну, пахавалі. Зрабілі агароджу, паставілі тумбу з чырвонай зорачкай. І дарослыя, і дзеці прыходзілі туды, прыносілі палявыя кветкі.

«Мая свякроў да канца дзён сваіх захоўвала пісьмы з фронту свайго мужа. Пісьмы палявой пошты №25217, – піша Марыя Цімафееўна Грамыка з Бабруйска. – Сям’я былога салдата жыла ў вёсцы Замосце Слуцкага раёна. Калі яе не стала, пісьмы забраў сын. Пазней перадаў унукам, якія свята захоўваюць памяць пра свайго дзеда. Са слязамі на вачах перачытвала іх. З якой сілай духу, упэўненасцю, самааддана набліжалі яны перамогу, верылі ў яе. А яшчэ ім хацелася жыць!.. Шкада, не дажыў мой свёкар да светлых майскіх дзён. Загінуў у Польшчы, там і пахаваны».

Валянціна Сяргееўна Дабрыцкая з Мінска падзялілася кранальнай гісторыяй пра сваю матулю, якая падчас вайны апынулася з імі, чатырма дзецьмі, у Кароцьках Кармянскага раёна. Навучылася рабіць самую розную сялянскую працу, стойка пераносіла нягоды і нястачы: у полі, дома, за швейнай машынкай. Людзі дзяліліся ежай за адзенне, пашытае яе рукамі. Якраз гэта і дапамагло тады ўратавацца ад голаду.

Успамін пра маці і ў радках Валянціны Рыгораўны Сачык з Мінска. Яе матуля таксама шмат нацярпелася ў вайну, якая забрала трох яе братоў. Яна часта плакала, не хацела верыць, што яны не вернуцца, што лёс будзе літасцівы да іх сям’і. А яшчэ Валянціна Рыгораўна ўзгадвае, як мама расказвала пра нашых салдацікаў-акружэнцаў, што прыблукалі на падворак восенню 1941-га. Жанчына іх накарміла, вынесла саматканага палатна, каб змяніць бінты параненым. І ўсё жыццё пра іх ўзгадвала.

Дарэчы, Тася, адна з гераінь рамана «Вялікі Лес» таксама пісала пісьмы (часам у думках) свайму тату, які трапіў у фашысцкія засценкі. Яны, канешне ж, не даходзілі, але ж у яе была патрэба спавядацца: пра сябе, маці, пра тое, што нарабілася на іх роднай зямлі. Яны з Косцікам загінулі, неабачліва, па маладосці неабдумана, але ж бясстрашна і... разам.

Хутка 75-годдзе Вялікай Перамогі. Усе тыя жахлівыя і балючыя, а таксама напоўненыя мужнасцю, чалавечай годнасцю, гісторыі, дакументальныя і мастацкія, жывуць, перадаюцца новым пакаленням, асэнсоўваюцца. Гэтая тэма невычарпальная і неабдымная. Вось ужо на працягу многіх гадоў гучыць яна і ў выпусках праграмы «Эпізоды Вялікай вайны». Расказвайце і вы, паважаныя слухачы, пра іх. Бо, я ўпэўнена, у кожнага з вас, у вашых родных і блізкіх быў і ёсць свой «вялікі лес», той дарагі і незабыўны куточак. І тая вайна.

Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: