Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра жнівень, жніво і хлеб». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 31.07.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра жнівень, жніво і хлеб». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)

На парозе жнівень. «У аснове назвы – указанне на галоўную сялянскую працу гэтай парой – жніво. Кожнаму сельскаму жыхару добра вядомыя простыя ісціны: хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае. Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць», – зазначае аўтар папулярнага выдання «Беларускія месяцы: чаму іх так называюць» Уладзімір Куліковіч. І дадае, што ў найменне пакладзены вобраз сярпа – некалі асноўнага прыстасавання нашых продкаў для жатвы.

Сапраўды, у хлебаробаў гэтая пара вельмі адказная і клапатлівая. А яшчэ надзвычай прыгожая і маляўнічая. Услаўленая паэтамі, пісьменнікамі, музыкантамі, іншымі творцамі. У вашых лістах, паважаныя слухачы, таксама нямала радкоў, прысвечаных жніўню, жніву, жыту і хлебу.

«Памятаю, як мая бабуля распавядала пра гэтую пару, – дзеліцца з намі Вольга Казлоўская з Пінскага раёна, – вяскоўцы стараліся прыбрацца, надзявалі чыстыя кашулі, як на свята. Працавалі талакой. Асаблівае значэнне надавалася першаму зжатаму снапу, а таксама апошняму кавалачку жытнёвай паласы, так званай, барадзе. Былі і іншыя рытуалы, песенныя звароты да зямлі і малітвы, каб надаць гэтай дзеі магічны сэнс».

«Мяне заўсёды ўзрушае, радуе, прымушае задумацца над сэнсам жыцця вось гэты «ланцужок» – жніво, жыта, жыццё», – удакладняе яшчэ адна наша слухачка Святлана Іванаўна з Мінска.

«Слухачы часта расказваюць гісторыі, звязаныя з хлебам, – радкі з ліста ад Генадзя Іванавіча Маркоўскага з Маладзечна. – Мне ж ўзгадваюцца 50-я гады. Хлеба тады не хапала, стаялі вялікія чэргі. Прывозілі яго па чыгунцы з Мінска, а потым на спецыяльных конскіх павозках са скрынямі развозілі па чыгуначных крамах. У тыя гады людзі вельмі дбайна ставіліся да хлеба, бераглі кожную скарыначку. А цяпер часам на сметніку (божа, як прыкра пра гэта казаць!..) не тое, што хлеб можна ўбачыць, а і пірагі, абаранкі, пернікі... Хлеб – гэта дарунак Божы! І ставіцца да яго трэба беражліва, з вялікай любоўю і пашанай».

Здаўна хлеб лічыўся адным з сімвалаў дома, сям’і, радзімы. Існуе шмат прыкмет і народных павер’яў, звязаных з ім. Ні ў якім разе нельга выкідваць. Нават крошыва са стала.

«Калі была маленькая, у бацькоў не хапала грошай на хлеб ды іншае. Яго выпякалі самі. У хаце за печчу стаяла дубовая дзежка, у якой разводзілі і мясілі цеста. Невысокая, шырокая, дошчачкі пацямнелі ад часу, бо той дзежцы было больш за 100 гадоў! У ёй мясіла цеста яшчэ мая прабабуля Лізавета, потым бабуля Зося, – радкі з ліста ад Валянціны Бабко-Аляшкевіч з вёскі Радкава Салігорскага раёна. – Я вельмі любіла назіраць за тым таямнічым працэсам. Памятаю і тыя моманты, калі бабуля даставала хлеб з печы! Не было на свеце нічога больш смачнейшага за гэты хлеб! З майго вясковага дзяцінства».

Сцяпан Нефідовіч з аграгарадка Любань Лунінецкага раёна ў сваім лісце распавядае пра партызанскі хлеб. У свой час ён сустракаўся з адным з кіраўнікоў партызанскай брыгады імя Кірава Рыгорам Юрцэвічам, якая дзейнічала ў Грычынскіх балотах. Увосень 1942 года нацысцкія карнікі знішчылі жыхароў вёскі Сітніцкі Двор. Тыя паспелі засеяць свае загоны, вырасла збажына. Пайшлі чуткі, што кіраўніцтва нямецкага гарнізона збірае сялян для ўборкі гэтага хлеба. Перад партызанамі была пастаўлена задача не даць ворагу ніводнага зярняці. У тым баі яны выстаялі, перамаглі. А потым сабралі і змалацілі збажыну. Цяпер яго, хлеба, хапіла на ўсе месяцы да вызвалення.

А колькі такіх ды іншых гісторый пра хлеб захоўваецца ў гісторыка-краязнаўчых музеях нашай краіны! Можа не ўсе ведаюць, ёсць у нас і музеі хлеба. У мястэчку Моталь Іванаўскага раёна, у Вымне – Віцебскага, у аграгарадку Бацвінава ды іншых. Што да апошняга, ён адкрыўся ў 2014 годзе. Там можна ўбачыць самыя розныя старажытныя прылады працы: млынавыя жорны, чыгункі, ступы для драбнення, шалі, лямпы-газніцы ды іншае, а таксама даведацца пра хітрасці замешвання цеста, сакральныя дзеянні і загаворы падчас выпякання хлеба, каб ён атрымаўся пышным і смачным.

Напэўна, у кожнага з нас ёсць свая гісторыя пра хлеб. Цёплая і шчымлівая. Як і той незабыўны малюначак, што яскрава паўстае праз гады: жытнёвае поле, хвалі спелай збажыны, дзень-другі, і ўжо разгульваюць па пожні цыбатыя буслы. «І цяпер не магу без слёз глядзець, як на жнівеньскае поле выязджаюць камбайны... Плывуць, нібыта караблі! Гэта ні з чым не параўнаныя эмоцыі», – прызнаецца яшчэ адна наша слухачка. І я вельмі яе разумею.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: