Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Пра жыццёвыя дарогі». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.07.2020
«Звычайныя гісторыі. Пра жыццёвыя дарогі». Радыёблог Валянціны Стэльмах» (аўдыё)

У мінулы раз мы ўзгадвалі пра дарогі. Іх ролю ў нашым жыцці, гісторыю, легенды і паданні, звязаныя з імі. І нават пра духоўнае значэнне, іх адмысловую і часам неразгаданую філасофію.

А сёння – пра жыццёвыя дарогі.

«Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш», – заўважыў некалі класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Толькі выбар гэты зрабіць не проста. Як толькі заканчваецца школьнае жыццё, у кожнага з нас паўставала ці паўстае пытанне: куды пайсці, якую прафесію абраць ці занятак па душы?.. Пра гэта і ў вашых лістах.

«У 1965 годзе скончыла школу. Паступала ў Брэсцкі педагагічны інстытут, не прайшла па конкурсе. Сяброўка мая таксама не паступіла. І вырашылі мы з ёй паехаць працаваць. Апынуліся ў горадзе Каўроў, уладкаваліся на ткацкую фабрыку». Гэта радкі з ліста ад Вольгі Комар з Кобрына. І далей пра тое, як цікава было на фабрыцы, які дружны ў іх быў калектыў. Але ж пацягнула на радзіму. Былі павароты лёсу і ў асабістым жыцці. Але па ўсім відаць, яна засталася вернай сваім жыццёвым прынцыпам, памкненням і марам.

«Не раз заўважала, што калі ў людзей ёсць цесная сувязь з родным домам, бацькамі, то ім лягчэй ісці па жыцці», – лічыць наша слухачка з Мінска Святлана Пархомчык.

А як тут не ўзгадаць пра тыя шматлікія сустрэчы з героямі праграмы «Галерэя», пра іх жыццёвыя гісторыі! Памятаю, педагог і мастак Эдуард Мацюшонак з Вілейкі распавядаў пра тое, што ў чалавека павінен быць свой «каўчэг» – бацькоўская хата з яе сусветам, традыцыямі і сямейнымі каштоўнасцямі. З ўсёй шчырасцю прызнаваўся, што з ім заўсёды жыве матчына палатно, татава стальніца ды іншыя простыя родныя рэчы.

Памятаю і фермера з-пад Ракава Аляксандра Грынкіна. Больш чым 20 гадоў таму пакінуў ён сталіцу, зрабіў свой выбар на карысць невялічкага хутара, дзе жыве і шмат працуе. Любіць і абагаўляе зямлю, прыроду, кнігі. Піша вершы, ёсць і зборнічак, якія называецца «Палатно». Жыццёвай мудрасці, працавітасці яшчэ з дзяцінства вучыўся ў дзеда, вясковага каваля, чалавека самабытнага і таленавітага.

Жыццёвыя дарогі прывялі вучонага-біёлага Юрыя Гігіняка ажно ў Антарктыду: разам са сваімі калегамі ён даследуе гэты далёкі і загадкавы край. Незвычайныя жыццёвыя віражы і ў былога інструктара Мінскага аэраклуба, абсалютнай чэмпіёнкі свету па вышэйшым пілатажы Валянціны Яікавай: у сярэдзіне 1970-х знакамітая лётчыца на працягу 11 гадоў утрымлівала гэты тытул. Знайшла сваё прызванне і любімую працу і Вера Васільеўна Вілкова. Нарадзілася ў пачатку 20-х, перажыла вайну, прайшла розныя ступені прафесійнага росту, стала вядомым прафсаюзным лідарам работнікаў сувязі. Яе жыццё – цэлая эпоха. Як і ў партыйнага дзеяча Аляксандра Пятровіча Анціпенкі, вучонага, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, імя якога ўнесена ў кнігу «Выдатныя хімікі свету» Уладзіміра Сямёнавіча Камарова; педагога-матэматыка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Рыгора Васільевіча Прышчэпнага і многіх іншых. Пра ўсіх проста немагчыма расказаць! Іх жыццёвыя дарогі выклікаюць захапленне, а тое, як яны будавалі і будуюць свой лёс і сваю краіну – вартыя пераймання.

Немагчыма без узрушэння чытаць вашыя лісты, у якіх вы распавядаеце пра гісторыі кахання: шчаслівыя і не вельмі, звычайныя і тыя, што вяртаюцца праз дзясяткі гадоў. Бывала, знаёміліся ў юнацтве і маладосці, потым шляхі-дарогі разыходзіліся, каб праз 20, 30 і больш гадоў сустрэцца зноў. Для сапраўднага кахання не могуць быць перашкодай ні гады, ні расстанні.

«Вось я часам думаю: чаму адным шанцуе, усё складваецца і на працы, і ў асабістым жыцці, а іншыя ўвесь час прыкладваюць намаганні, каб утрымацца на жыццёвых паваротах», – дзеліцца з намі Ірына з Гомеля. У яе радках ёсць і адказ. Аптымістам лягчэй у жыцці, прасцей перамагаць цяжкасці і мэтанакіравана крочыць па сваёй жыццёвай дарозе. І над гэтым трэба пастаянна працаваць, каб быць у гармоніі «з сабой і сусветам». А яшчэ вельмі важна (і пра гэты вы таксама ўзгадваеце, паважаныя слухачы) жыць менавіта сваім жыццём, не азірацца на іншых, не зайздросціць, умець быць удзячным таму, што падарыў табе лёс. Ну і, вядома ж, цаніць кожнае імгненне.

«Сэнс жыцця нашага – бесперапынны рух». Зноў мы звяртаемся да нашага класіка Якуба Коласа. І ўзгадваем пра тую «калясніцу жыцця», якая імчыць праз лясы, гаі, палі, лугі... Пытаемся: «І куды ж ты нясеш мяне, невядомая дарога?» Твор наводзіць на роздум аб сэнсе жыцця, таямніцы будучыні.

Размова пра жыццёвыя дарогі бязмежная. Калі ў вас ёсць патрэба яе прадоўжыць, калі ласка, пішыце на адрас: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: