У такія навагодне-калядныя дні мы з прыемнасцю звяртаемся да вашых гісторый ці невялічкіх роздумаў пра светлае, добрае, вечнае. Пра ўзвышанае і зямное. Пра ўсё тое, што сагравае душу ў такі няпросты час. І што дорыць нямала станоўчых эмоцый.
Мы вяртаемся, хаця б у думках, да сваіх вытокаў! Узгадваем хату, у якой гадаваліся-раслі, кожны яе куточак, стол пад абразамі, старадаўнюю шафу, вялікі гадзіннік з боем, печ з яе таямнічымі выявамі... І яшчэ шмат чаго іншага, што жыве з намі з маленства.
Пра гэта ў вашых лістах.
Наша пастаянная слухачка Зоя Мікалаеўна Пятровіч з Салігорска падзялілася цікавай гісторыяй пра тое, як хадзіла ў школу, за сем кіламетраў. З Антанёва ў вёску Пагарэлка Карэліцкага раёна. «Зімою выходзілі з дому зацемна, у прыцемках вярталіся. Дарогі замятала, ісці даводзілася праз лес, таму выратоўвала «кадзіла», – распавядае Зоя Мікалаеўна, – гэта такое прыстасаванне, якое мы рабілі з пустых бляшанак, клалі туды абрэзкі гумы, падпальвалі і крочылі, асвятляючы свой шлях. За «кадзіла» адказвалі па чарзе. Перад выхадам збіраліся дружным гуртам: і малодшыя, і старшакласнікі. Ніхто з нас ніколі не прагульваў заняткі, да вучобы ставіліся адказна». Мяне вельмі кранула і яе гісторыя пра незвычайную рэліквію з бацькоўскай хаты, сястру Мірку (Міру Мікалаеўну), але ж пра гэта раскажам іншым разам.
Наступны адрас. І, як аказалася, непадалёку. Гэта аграгарадок Вялічкавічы Салігорскага раёна. Там жывуць Таццяна і Андрэй Барытоль. Іх прозвішча цяпер на слыху. Якраз у гэтыя калядныя дні яны, бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу, сталі лаўрэатамі прэміі «За духоўнае адраджэнне» за значны ўклад у выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Іх сын Уладзіслаў ужо дарослы, служыць у арміі, не вельмі даўно ажаніўся. І дзевяць прыёмных дзяцей, ад двух да шаснаццаці гадоў. Падчас тэлефоннай размовы Таццяна Барытоль падзялілася сваімі думкамі пра гэтую вельмі адказную місію, штодзённыя клопаты і пра сваё мацярынскае шчасце. «Яно няпростае. Хлопчыкі і дзяўчынкі са складанымі лёсамі, сваімі жыццёвымі гісторыямі, далёка не сонечнымі, – дзеліцца з намі Таццяна Міхайлаўна. – Для нас з мужам вельмі важна даць дзецям надзею на вяртанне да сваіх біялагічных бацькоў. Над гэтым мы працуем сумесна з аддзелам апекі Салігорскага райвыканкама. І тут ёсць ужо свае набыткі». А яшчэ мы даведаліся пра тое, што крыху раней сям’я з Вялічкавіч стала пераможцай абласнога конкурсу «Сэрца аддаю дзецям».
З мастачкай Святланай Матвеенка з Мінска ў нас даўнія і прыязныя стасункі. Вучоны-біёлаг, яна вось ужо на працягу 20 гадоў займаецца жывапісам. У яе звыш 70 выставачных праектаў у Беларусі і за яе межамі. Многія жыццёвыя з’явы, бачанне гісторыі і рэчаіснасці, разважанні пра ўзвышанае і зямное Святлана Мікалаеўна ўвасабляе ў мастацкіх сюжэтах, арыентаваных на філасофскае ўспрыманне. Так з’явіўся і трыпціх «Дарога да храма». Гэта яе назіранні падчас пленэрных вандровак па Заслаўі і яго ваколіцах. У першай карціне, якая называецца «Сумненні», яшчэ мала святла і неба, і толькі берагі зарослай рачушкі, затым сімвалічная сцяжынка, якая потым і адкрые сілуэты храма, да якога цягнуцца птушкі!.. Тут жа, у гэтым сюжэце дзьмухаўцы. Яны, нібыта нашы душы, якія ляцяць увысь, да купалаў, да вечнасці. І гэтая мімалётнасць знойдзе глебу, спыніцца, прарасце зернем. Так і чалавек, праз перашкоды і сумненні, уздымаецца вышэй і вышэй. Да веры. Да вечнасці.
У вашых лістах такія ж разважанні. Няхай сабе і больш простыя. Але ж са сваёй зямной філасофіяй. Неяк мы распавядалі пра бацькоўскую хату. А нядаўна атрымалі ліст ад Валянціны Кузьміч з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. «Малая радзіма, родная хата – тэма вечная, бо што можа быць бліжэй», – заўважае яна. І ўзгадвае пра родную вёску Махро таго ж раёна, дзе прайшло яе дзяцінства. Валянціна Канстанцінаўна лічыць, што іх дом быў некалі самым прыгожым, бо пабудаваны з любоўю. Яе дзядулем і татам. Дзед, Антон Раманавіч Трушко, быў вядомым цесляром, пасля вайны збудаваў не адну такую хату. «Бацькі рана пайшлі з жыцця, хату купілі добрыя людзі, яна дагледжаная і па-ранейшаму прыгожая, што нас з братам вельмі радуе»,– дадае Валянціна Канстанцінаўна.
Што да адметнасці дня, дык 8-га студзеня 1936 года нарадзіўся беларускі гісторык, фалькларыст, першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства Генадзь Каханоўскі. Ён адзін з аўтараў помніка «Дарога» каля вёскі Мясата Маладзечанскага раёна. Своеасаблівы знак пашаны Стара-Віленскаму шляху. Тэматычная кампазіцыя з валуноў з памятнымі дошкамі. Што і казаць, ва ўсім гэтым таксама ёсць і ўзвышае, і зямное.
І яшчэ. Мне думаецца, кожны знойдзе свой запаветны куточак, каб адтуль даслаць у сусвет, у прастору, у космас добрыя і светлыя думкі. Кажуць, што ў калядныя дні адчыняюцца нябёсы, таму гэта вельмі важна. Гэта ў нечым і наш своеасаблівы абярэг. Ён так неабходны кожнаму з нас. Асабліва цяпер.