Падзяліцца:
«Звычайныя гісторыі. Праз прызму гісторыі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.09.2021
«Звычайныя гісторыі. Праз прызму гісторыі». Радыёблог Валянціны Стэльмах (аўдыё)

17-га верасня – знакавая дата ў гісторыі Беларусі. Пра яе, асабліва з нядаўняга часу, вядуцца дыскусіі і нават спрэчкі гісторыкаў і краязнаўцаў, музейшчыкаў і тых, хто неабыякавы да свайго мінулага.

Яшчэ са школьных падручнікаў памятаю: «17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вынікам якога стала далучэнне Заходняй Беларусі да БССР». У гонар гэтай падзеі названы вуліцы ў Брэсце і Кобрыне, Стоўбцах і Нясвіжы, Мядзелі, Маладзечне, Валожыне, Ашмянах ды многіх іншых гарадах і пасёлках. А ў сямейных альбомах нашчадкаў былой Заходняй Беларусі захоўваюцца фотаздымкі, а таксама асобныя рэчы, прадметы ўжытку, рэліквіі, якія могуць пра многае расказаць.

Сёлета, як вы ведаеце, мы ўпершыню адзначаем гэты дзень, 17 верасня, як Дзень народнага адзінства. Гэта яшчэ і добрая нагода распавесці пра тое, што ёсць адзінства: у краіне, асобнай вёсачцы ці пасёлку, у сям’і, а то і проста ў невялікай суполцы, аб’яднанай агульнымі інтарэсамі і жаданнем зрабіць сваё жыццё цікавым і пазітыўным. Што і казаць, адзінства – гэта, як значыцца ў слоўніках, цэльнасць, непадзельнасць, непарыўнасць сувязяў, а яшчэ – агульнасць, супадзенне, адзінства думкі і г. д.

Перад гэтым эфірам я зрабіла невялічкае апытанне, як разумеюць гэтае паняцце мае блізкія і знаёмыя. І вось меркаванні: «Адзінства – гэта гісторыя пра чалавечнасць, жаданне быць разам, дапамагаць адно аднаму. Не забываць сваю гісторыю, прымаць усю праўду пра яе, не ганьбіць, а вывучаць, ведаць і шанаваць». Ці яшчэ: «Адзінства – гэта любоў і павага, давер і ветлівасць, адкрытасць і сумленне, разуменне і падтрымка адно аднаго».

«Мая бабуля родам з вёскі Туры, што на Брэстчыне. Галоўная сядзіба калгаса «17 верасня», – дзеліцца з намі Ірына з Мінска. – Там ёсць музей, экспанаты якога расказваюць пра тое, што менавіта тут, у сакавіку 1940 года, была арганізавана першая калектыўная гаспадарка раёна». І далей пра вядомых асоб, якія стваралі гісторыю вёскі, падчас яе жыцця ў Заходняй Беларусі і пазней. У музеі ёсць матэрыялы пра Андрэя Трухановіча, які ўзначаліў тую першую гаспадарку, пра Ігната Патрубейку, члена рэвалюцыйнага камітэта вёскі, Уладзіміра Патрубейку, які перад гітлераўскай акупацыяй разабраў свой «ХТЗ» і закапаў. Пасля вызвалення аднавіў і працаваў на ім да пенсіі. А яшчэ пачула дасціпную гісторыю пра тое, што раней многія прыбярэжныя вёскі ў тых мясцінах, на Столішчыне, былі звязаны паміж сабой рознымі пратокамі, азярынамі ды іншымі «вадзянымі дарогамі». Такое вось спрадвечнае адзінства палешукоў.

Вельмі ўсцешыла і наступная гісторыя. Жыхары вёскі Вялікая Грава Асіповіцкага раёна аб’ядналіся і працягваюць ажыццяўляць праект па адраджэнні і добраўпарадкаванні сваёй малой радзімы. Падчас суботнікаў ды іншых мерапрыемстваў яны настолькі пасябравалі, што ўтварыўся «Граўскі гурт», які займаецца і іншымі пытаннямі – экалогіяй, духоўна-культурным развіццём вёскі. Талакой (якая даўняя цудоўная традыцыя!) навялі парадак на вясковых могілках, уладкавалі паклонны крыж на ўездзе, пабудавалі новую капліцу.

Ва ўсе часы трывалая сувязь з роднымі, пастаянная падтрымка і бескарыслівая дапамога лічыліся надзейным і гуманным пачаткам чалавечых адносін. Адзінства ў сям’і, яе духоўныя каштоўнасці і традыцыі нітуюць цэлыя пакаленні, даюць адчуванне ўпэўненасці і абароненасці. Наколькі важна бацькам своечасова і правільна падтрымаць сваіх дзяцей, заахвоціць, даць ім жыццёвай энергіі і ўпартасці да ажыццяўлення той ці іншай мары. Важна быць побач. Жыць у згодзе. Разумець адно аднаго. Даражыць гэтым адзінствам.

Марыя Паўлаўна Казачонак. Вёска Рудня Полацкага раёна: «Мне нямала гадоў. Калі не спіцца, у думках вяртаюся ў дзяцінства. Яно было нялёгкім у тыя першыя пасляваенныя гады. Каб нас падняць, мамачка шмат працавала. Калі падрасла, яна была для мяне лепшай сяброўкай. Я давярала ёй усе свае сакрэцікі. Выйшла замуж, матуля дапамагала гадаваць унукаў. Калі яе не стала, не стала і часцінкі майго сэрца».

Падчас чарговай сустрэчы ў студыі праграмы «Галерэя» гаворка таксама зайшла пра адзінства. Мой суразмоўца, пісьменнік і публіцыст, галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня» Зіновій Прыгодзіч падзяліўся ўспамінамі пра маленства ў вёсцы Лышча, на Піншчыне. Зіновій Кірылавіч кранальна і шчыра распавёў пра сваіх бацькоў, суседзяў, землякоў, і тое, які адбітак займела тая даўняя гісторыя, калі палешукі жылі, як тады казалі, «за польскім часам». Узгадалі і пра яго кнігу «Над Вісліцай» (па назве рэчкі яго дзяцінства). У ёй пра гераічнае і трагічнае мінулае, багатую і супярэчлівую сучаснасць, асаблівасць і адметнасць палешукоў. Падрабязней у праграме «Галерэя» – заўтра, у суботу, у 9.05.

Запомніліся, захапілі сваёй адкрытасцю і шчырасцю многія меркаванні нашых слухачоў наконт такога паняцця, як адзінства: «Напэўна, няма на нашай планеце чалавека, які б не марыў аб упэўненасці ў заўтрашнім дні, аб сваім праве на шчасце, аб тым, каб жыць у міры і згодзе, без войнаў і канфліктаў, без сварак ды звадак».

Падзяліцеся і вы сваімі думкамі. Адрас ранейшы: 220114, Мінск, Чырвоная, 4, Дом радыё.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: